Гуляюць усе!

- 9:44Выбар прафесіі

Cёлета ў БДУІР (дарэчы, упершыню ў СНД) пачалася падрыхтоўка прафесійных геймдызайнераў — спецыялістаў у галіне распрацоўкі камп’ютарных гульняў. Новая спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)” адразу прыцягнула ўвагу абітурыентаў і стала адной з самых запатрабаваных ва ўніверсітэце.
Пра камп’ютарныя гульні, іх інтэлектуальны складнік і камерцыйны патэнцыял мы гутарым з дэканам факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР Леанідам Юр’евічам ШЫЛІНЫМ.

— Верагодна, у новай спецыяльнасці вельмі добрая будучыня, бо людзі заўсёды гулялі і будуць гуляць?..
— Хіба толькі людзі? Гульні прыцягваюць усіх жывых істот, таму што дазваляюць ім адпачываць, вучыцца, набываць нейкія навыкі. Футбол, валейбол, у пэўным сэнсе нашы размовы — усё гэта гульні, патрэбныя нам для паўнавартаснага жыцця. І камп’ютарныя гульні таксама патрэбны. Іншая справа, што некаторых усё гэта надта зацягвае. Аднак гэта не праблема гульняў — крайнасці былі заўсёды, гэта праблема людзей, якія не ведаюць меры. Для такіх людзей любое захапленне можа стаць згубным.

— Як узнікла ідэя адкрыць спецыяльнасць, звязаную з распрацоўкай гульняў? Вам таксама ўдалося ўвесці новую кваліфікацыю — “інжынер — сістэмны праграміст — геймдызайнер”.
— Мы два гады працавалі над тым, каб ва ўніверсітэце з’явілася такая спецыяльнасць. Справа ў тым, што гульнявая індустрыя — гэта не толькі і не столькі забавы, у ёй “круцяцца” вельмі вялікія грошы. І краіны, якія хутка сарыентаваліся, такія, напрыклад, як Фінляндыя, здолелі імкліва развіцца і захапіць рынкі. У Беларусі няма прыродных рэсурсаў, мы можам прарвацца толькі дзякуючы інтэлекту. Напрыклад, паглядзіце, як працуе Парк высокіх тэхналогій: сёння па выпуску праграмнага забеспячэння (у разліку на колькасць насельніцтва) нас абыходзіць, напэўна, толькі адна краіна — Ізраіль. І нам нельга тармазіць, трэба старацца зарабляць грошы там, дзе гэта магчыма.Дарэчы, сёння рэдкая краіна можа пахваліцца тым, што зрабіла прынамсі дзве праграмы, якія заваявалі свет. Безумоўна, гэта “танчыкі” — хто іх не ведае? Зусім нядаўна распрацоўшчыкі дапісалі праграму і стварылі базу японскіх танкаў, і ў Японіі таксама пачаўся танкавы бум. І другая сусветна вядомая праграма — Viber, якая стаіць на кожным смартфоне.

— Сёлета прыём на новую спецыяльнасць ажыццяўляўся толькі на платнай аснове. Скажыце, Леанід Юр’евіч, вы задаволены наборам? Ці здолеюць цяперашнія першакурснікі стварыць тое, што здзівіць свет?
— Хачу сказаць, што наш універсітэт знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы. Выпускнікоў большасці спецыяльнасцей работадаўцы бяруць за вельмі вялікія грошы. Таму нават на платнае навучанне абітурыенты прыходзяць з досыць высокімі баламі. На спецыяльнасць “Інфармацыйныя тэхналогіі і сістэмы (у гульнявой індустрыі)” конкурс быў больш як два чалавекі на месца. Прахадныя балы — ад 250 да 350. Пагадзіцеся, для платнага набору гэта вельмі прыстойна.Мы выдатна разумеем, што людзі, якія заплацілі грошы за навучанне, жадаюць быць першымі ва ўсім: першымі ў стварэнні камерцыйна паспяховых гульняў, першымі ў зарплаце. Гэта людзі з пэўным характарам, якія жадаюць, каб ім выкладалі на самым высокім узроўні. Мы гатовы гэта рабіць.
Аднак студэнты таксама павінны разумець, што чатырохгадовая падрыхтоўка на першай ступені не пакідае ім часу на разварушванне. Безумоўна, мы навучым іх таму, як будуецца рухавік гульні, як апісваюцца аб’екты, як ствараецца каларыстыка і г.д. Не валодаючы адпаведнымі ведамі, нельга зрабіць цікавы прадукт. Але ў аснове гульняў таксама вельмі шмат фізікі, надзвычай складаная матэматыка, таму студэнтам трэба вучыцца і вучыцца.

— Я так разумею, што гульні ствараюцца ў камандзе: хтосьці займаецца фізікай, хтосьці малюе і г.д.
— Дакладна так. Мы, напрыклад, рыхтуем геймдызайнераў, а за мяжой выпускаюць каля двух дзясяткаў спецыялістаў: сцэнарысты гульні, спецыялісты па гуку, дызайнеры ўзроўняў, мастакі, тэсціроўшчыкі і г.д. У той жа Фінляндыі ёсць маленькі гарадок (не больш як 100 тысяч насельніцтва), дзе працуюць два інстытуты па гульнях. Адзін арыентуецца на мабільныя дадаткі (тэлефоны, планшэты), а другі — на персанальныя камп’ютары. Сёння яны маюць вельмі высокія прыбыткі.
У нас пакуль што адна спецыяльнасць, але хачу адзначыць, што на постсавецкай прасторы мы першыя, хто пачаў развіваць гэты напрамак. Зараз да нас прыехалі на вучобу студэнты з Расіі, Лівіі, і яны гатовы плаціць, толькі б навучыцца ствараць гульні. Таму са спецыяльнасцю мы, безумоўна, угадалі. Іншая справа, што трэба шукаць магчымасці і адкрыць хаця б мінімальны бюджэтны набор. Несправядліва, што нават пераможцы алімпіяд і проста здольныя маладыя людзі, якія, можа, з дзяцінства марылі ствараць камп’ютарныя гульні, не маюць ніякіх шансаў вучыцца бясплатна. Не ўсе бацькі здольныя плаціць за вучобу, таму хай бы было хоць 10 бюджэтных месцаў. Я падазраю, што конкурс на іх быў бы вельмі высокім, але ўсё роўна з’яўляецца шанс. Гэта важна.

— Наколькі я ведаю, распрацоўшчыкі гульняў праявілі вялікую цікавасць да новай спецыяльнасці і ўжо 1 верасня прыйшлі пазнаёміцца са студэнтамі…
— Так, на пасвячэнні ў студэнты прадстаўнікі кампаній — распрацоўшчыкаў гульняў прыйшлі ва ўніверсітэт, падарылі першакурснікам заплечнікі і канцылярскія прылады для вучобы, расказалі, што звязваюць з імі вялікія надзеі.

— Іншымі словамі, паляванне пачалося?
— Калі па шчырасці, то мы прывыклі да палявання. Можа, гэта і нясціпла з майго боку так казаць, але наш факультэт вельмі папулярны. Сёлета мінімальны бал на бюджэтную форму навучання ў нас склаў 330. Ведаю, што ў краіне ёсць такія спецыяльнасці, куды прымалі з балам 70. Я ўвогуле не ўяўляю сабе, як вучыць такіх студэнтаў. У нас нават платнікі, у якіх 200 балаў, рэдка выжываюць. Патрабаванні вельмі высокія, мы трымаем марку. Студэнты або аддаюць увесь час вучобе — і гэта дапамагае ім выстаяць, або расслабляюцца (нават выдатнікі, якія маюць медалі за школьныя поспехі) — і праз паўгода мусяць сыходзіць з універсітэта. Зараз у нас якраз такі напружаны перыяд: двоечнікі да канца верасня павінны здаць экзамены. Інакш — адлічэнне.

— Я ведаю, што ў БДУІР вельмі шмат вучэбных лабараторый і цэнтраў, створаных сумесна з ІТ-кампаніямі, дзе вядзецца практычная падрыхтоўка студэнтаў. Ці ёсць штосьці падобнае для навучання студэнтаў новай спецыяльнасці?
— Мінулым летам кампанія “Ітранзішан” спецыяльна пад новую спецыяльнасць стварыла клас супермагутных камп’ютараў з добрымі відэакартамі, зрабіўшы папярэдне ў аўдыторыі рамонт і абсталяваўшы яе новай мэбляй.
На шчасце, у Беларусі пачалі з’яўляцца кампаніі, якія гатовы аказваць універсітэтам спонсарскую дапамогу. Кіраўнікі правільна разумеюць: чым больш яны будуць укладваць у падрыхтоўку студэнтаў, тым лепшыя спецыялісты прыйдуць да іх працаваць.
Па гэтай жа прычыне спецыялісты ІТ-кампаній працуюць у нас выкладчыкамі, актыўна перадаючы студэнтам практычны вопыт. Яны не проста выкладаюць тэорыю, а паказваюць, з чым асабіста сутыкаліся ў рабоце, якія памылкі можна дапусціць, калі грэбаваць дробязямі, і якімі непрыемнасцямі гэта пагражае. Яны дзеляцца сваімі прафесійнымі знаходкамі, расказваюць, як бярэцца заказ, як ён выконваецца, афармляецца і г.д. Тое, што студэнтам выкладаюць людзі з канкрэтных праектаў, — гэта вельмі добра.

— Леанід Юр’евіч, геймдызайн — гэта не толькі гульні. Якія заманлівыя перспектывы адкрываюцца перад вашымі выпускнікамі?
— Напрыклад, кінематограф. Сёння ў кіно ўсё больш складаных сцэн замяняецца камп’ютарнай графікай. Гэта робіцца настолькі па-майстэрску, што чалавек, далёкі ад вытворчасці фільмаў, можа нават не заўважыць. Хутка ўвогуле адпадзе неабходнасць у Галівудзе. Вось вы хацелі б здымацца ў кіно? Калі ласка, спецыялісты возьмуць камеры, здымуць вашы знешнія параметры — і вось вы ўжо на марсіянскай базе, робіце там трайныя сальта, ваюеце з іншапланецянамі, выратоўваеце Сусвет!
Раней спевакі павінны былі ўмець спяваць, а зараз гэта, аказваецца, увогуле не абавязкова. Напрыклад, адзін мой калега, прафесар, доктар навук, стварыў праграму, якая дазваляе выправіць усе хібы ў спевах. Вы будзеце спяваць, а ён прапусціць вашу песню праз згаданую праграму — і калі ласка, оперны голас! Пры гэтым ніхто ніколі не скажа, што спяваеце не вы, а мелодыя будзе абсалютна правільнай, і голас, калі захочаце, будзе лепшым, чым у Марыі Калас.
Адметна, што падобнае можна рабіць у рэальным часе: вы проста спяваеце ў мікрафон, а з дынамікаў будзе гучаць шыкоўная мелодыя. І што цяпер? Пытанне толькі ў тым, хто гатовы ўкласці ў вас грошы і раскруціць на вялікай сцэне. Добра гэта ці дрэнна? Я не ведаю. Чалавецтва разбярэцца.
Увогуле, дзякуючы камп’ютарным тэхналогіям сёння можна зрабіць амаль што ўсё. Галоўнае — прыдумайце, каб было цікава і прыгожа! А камп’ютарны інжынер здолее рэалізаваць практычна любую вашу ідэю.

— Скажыце, які выхаваўчы патэнцыял у камп’ютарных гульняў? З аднаго боку, ёсць стралялкі, дзе кроў літаральна льецца з манітора, з другога боку, ёсць шмат вельмі міралюбівых гульняў. Наколькі ўсё гэта ўплывае на характар чалавека?
— Калі вы выберыце гульню, дзе, каб пазбавіць свет ад зла, трэба забіць сотні монстраў, то вынік можа быць зусім непрадказальны. Напрыклад, гульня Diablo заканчвалася тым, што вы забіваеце д’ябла (а ён такі брыдкі, хвастаты, дыхае агнём) і выратоўваеце чалавецтва — вы бачыце сноп іскраў, полымя і… самі становіцеся д’яблам. Разумееце, забіваючы, нельга стаць носьбітам дабрыні. Гэта немагчыма! І калі людзі гуляюць не бяздумна, а заўважаюць такія пераўтварэнні, то можна казаць, што нават такая гульня выхоўвае.
Ёсць гульні, дзе трэба вырашаць эканамічныя задачы, або весці гаспадарку, або ствараць дзяржаву. Гэта цэлыя стратэгіі, якія ўтрымліваюць значны вучэбны і выхаваўчы патэнцыял. Я, напрыклад, люблю рыцарскія гульні, дзе трэба ратаваць чалавецтва, пры гэтым у пашане гонар і сумленне.

— І ўсё ж такі ў чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху “танчыкаў”?
— Калі б хтосьці ведаў, то, напэўна, даўно б стаў мільянерам. Усе стараюцца зрабіць як мага больш цікавую гульню, але выйграюць, пэўна, тыя, хто разумее чалавечую псіхалогію і глыбока прадумаў сцэнарый гульні.
“Танчыкі” сыгралі на тым, што мужчына не можа адчуваць сябе пераможаным. Вось яго разбілі — аднак ён зноў рвецца ў бой, каб даказаць сваю крутасць. Бярэ 100 долараў, набывае новы танк, едзе адыгрывацца. І калі яму гэта ўдаецца, то тады яго сапернік набывае новы танк і едзе адпомсціць крыўдніку… І так закручваецца гульня, што дарослыя дзядзькі гуляюць, як дзеці. Ды што там дзядзькі! — жанчыны ўцягваюцца і начамі праседжваюць ля камп’ютара. Тут ужо спрацоўвае жаночая псіхалогія: “Хто сказаў, што жанчыны не могуць кіраваць танкам?”

— Дык, ці трэба праганяць дзяцей ад камп’ютара? Можа, хай сабе гуляюць — вучацца, выхоўваюцца, развіваюць фантазію?..
— Ведаеце, я больш як 40 гадоў выкладаю, але так і не зразумеў, што насамрэч развівае чалавечыя галовы і прымушае нас творча думаць. Тое, што маладое пакаленне будзе жыць і працаваць з камп’ютарам у руках, — факт, і з гэтым трэба змірыцца. Іншая справа — знайсці баланс паміж віртуальным светам і рэальным. Пры гэтым я ўпэўнены, што людзі заўсёды будуць сустракацца, вітацца за руку, хадзіць у тэатр і шукаць шчырых адносін. Верагодна, з развіццём інфармацыйных тэхналогій гэта будзе цаніцца ўсё больш і больш.
Я лічу, што значна большая бяда (у параўнанні з камп’ютарнымі гульнямі) — заганная ідэалогія сучаснага грамадства. Паглядзіце, колькі кніжак прысвечана апісанню таго, як бы зрабіць так, каб за тыдзень выдумаць такое, каб за тры дні зарабіць грошай і потым ніколі не працаваць… Як жа чалавецтва абкрадвае само сябе! Як яно не можа зразумець, што працаваць кожны дзень — гэта здорава, што чалавек менавіта гэтым жыве. Ён па прыродзе стваральнік! І калі ён умее рабіць штосьці цікавае, то ніколі не засумуе. Чаму багатыя плачуць? Таму што заняцца няма чым: грошы ёсць, а справы, якая захоплівае, няма.
Таму шукайце сваю справу, бо радасць — яна ў стварэнні!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.