Арфаграфічная размінка

- 11:34Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Настаўніцу пачатковых класаў гімназіі № 22 Мінска Вольгу Валянцінаўну Чарнушэвіч я адшукала на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя!”, дзе педагог уваходзіла ў склад журы і ацэньвала работу пачынаючых настаўнікаў. На маю просьбу наведаць адзін з яе ўрокаў Вольга Валянцінаўна адрэагавала спакойна і запрасіла на заняткі адразу ж на наступны вучэбны дзень. Было відаць, што госці на ўроку педагога сталі звычайнай практыкай. І ні прысутнасць чужых людзей, ні ўспышкі фотаапарата ніколькі не бянтэжаць, не напружваюць і не адцягваюць увагу дзяцей.
В.В.Чарнушэвіч праводзіла ўрок рускай мовы ў 3 класе па тэме “Правапіс у корані парных зычных і ненаціскных галосных”. Гэта была своеасаблівая арфаграфічная размінка перад кантрольнай работай. Гэта быў урок, падобны на вершы, — лёгкі, але чамусьці вельмі запамінальны, звычайны — адкрыты, але не дэманстрацыйны.

Зайшоўшы ў вучэбны кабінет, я адразу звярнула ўвагу на нетрадыцыйна расстаўленыя парты, яны ўтваралі тры вялікія сталы. Прамільгнула здагадка, што дзеці будуць працаваць групамі. Дошкі, звычайная і інтэрактыўная, таксама ўжо былі падрыхтаваны да ўрока. На іх цудоўным каліграфічным почыркам былі прапісаны літары, словы з пропускамі.
Кабінет Вольгі Валянцінаўны нагадвае сапраўдны дзіцячы пакой: у ім утульна, светла, цёпла. На сценах — дзіцячыя работы — вынікі творчых задумак. А задумкі, між іншым, зыходзяць не толькі ад настаўніцы, якой уласцівы фантазія і творчы запал, але і ад дзяцей, якія зараджаюцца ад свайго педагога жаданнем тварыць. Вынікі такіх намаганняў — шматлікія праекты, якія потым вывешваюцца, і вучням у іх можна штосьці перайначыць, дадаць, дапоўніць.
Перапынак, які папярэднічаў уроку, падаўся вясёлым і гаманлівым. Два гарэзлівыя хлапчукі бегалі паміж радамі, адны дзяўчынкі штосьці высвятлялі, іншыя — дзялілі партфель і падручнікі. А вось некалькі хлопчыкаў акружылі свайго аднакласніка-вынаходніка, які дэманстраваў усім прыстасаванне, зробленае з грампласцінкі і шклянкі.
Гучыць званок (дарэчы, у гімназіі № 22 гэта не звычайны званок, а прыемная лірычная мелодыя). Праз некалькі секунд навучэнцы займаюць свае месцы за партамі. І, нягледзячы на тое, што руская мова была трэцім урокам на другой змене, дзеці хутка супакойваюцца і настройваюцца на рабочы лад. Разам са мной за апошнюю парту прысаджваецца і намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Вікторыя Мікалаеўна Радаман. У класе цішыня. Вольга Валянцінаўна прапануе малодшым школьнікам павітацца з гасцямі і пачынае ўрок: “Заўтра ў нас будзе кантрольная работа, а таму сёння мы павінны падрыхтавацца да яе. Разгарніце сшыткі і запішыце: “9 февраля. Классная работа”. Сочым за паставай, праверце: ножкі стаяць роўна, спінка роўная, галоўку вышэй…”.
— Ці ёсць у напісаных радках якая-небудзь арфаграма? — пытаецца настаўніца.
— У слове “классная” — двайныя зычныя. Гэта слоўнікавае слова, якое неабходна помніць,— раздаюцца, дапаўняючы адно аднаго, галасы дзяцей.
Потым для чыстапісання педагог прапануе малодшым школьнікам спалучэнне вялікай і малой літар “Бб”, “Нн”, “Мм”.
— Сочым за вышынёй літар, за нахілам і за злучэннем, — нагадвае настаўніца.
Першы радок у рабочым сшытку разбіты вучнямі на тры часткі, і спалучэнне літар дзеці прапісваюць па два-тры разы. Схіліўшы галовы, яны вельмі старанна выводзяць іх. Хто справіўся з заданнем, паднімае руку — гэта азначае, што заданне выканана. Дарэчы, за 2,5 года работы ў гэтым класе ў настаўніцы з вучнямі выпрацаваліся пэўныя ўмоўныя знакі: калі вучні згодны са сваімі аднакласнікамі, то яны пляскаюць у далоні, калі не згодны — тупаюць альбо проста маўчаць. Часта выкарыстоўваюцца элементы актыўнай ацэнкі: знакі “плюс” (згодны), “мінус” (нязгодны), “пытанне”. Часам прымяняюцца і колеравыя рашэнні. Напрыклад, трохвугольнік з чырвонай, зялёнай, жоўтай гранямі. Калі навучэнец ставіць трохвугольнік з чырвонай гранню — гэта значыць, што сёння ён не падрыхтаваўся альбо ў яго няма настрою працаваць з поўнай аддачай, з жоўтай — дзіця сумняваецца ў сваіх сілах, з зялёнай — гатова плённа працаваць. Зыходзячы з гэтага, настаўніца і будуе далейшую дзейнасць вучняў на ўроку.
Вольга Валянцінаўна прапануе вучням разгадаць арфаграфічную загадку, за што малыя з радасцю бяруцца. На дошцы запісаны словы з прапушчанымі літарамі: б..р..ги но.. в б..льшой м..ро..
— Якую літару ўстаўляем у першае слова? — пытаецца настаўніца.
— Е, — чуюцца галасы.
— Як яе праверыць?
— Бережный, — адказвае хлопчык, які цягнуў руку.
— Хто згодны, пляскаем у ладкі. (У класе чуецца дружны пляск.)
— Малайчынкі, правільна!
І так паступова вучні ўстаўляюць літары ў кожнае слова на дошцы і правяраюць іх напісанне. Дзеці праяўляюць актыўнасць, здаецца, што ўсе ўключыліся ў работу. Кожны хоча, каб яго прыкмецілі, ацанілі, пахвалілі.
— У слове “нос” устаўляем літару “с”, бо праверачнае слова “носик”. Тут мы бачым парныя зычныя, якія правяраюцца падборам слова, у якім пасля зычнага, што правяраецца, стаіць галосны, — гаворыць светлавалосая дзяўчынка.
— У слове “мороз” устаўляем “о”, бо гэтае слова — слоўнікавае. Гэта неправяраемае напісанне, — адзначае яе сусед па парце.
Потым малодшыя школьнікі аб’ядноўваюць прапанаваныя настаўніцай словы ў сказ і ў іх атрымліваецца прыказка “Береги нос в большой мороз”, якую дзеці запіс-ваюць у сшытак.
На сталы пачаткоўцаў настаўніца яшчэ да пачатку ўрока палажыла зялёныя елачкі, якія адразу прыцягнулі ўвагу дзяцей. Гэта карткі для самаацэнкі. І вось Вольга Валянцінаўна прапануе малодшым школьнікам ацаніць сваё чыстапісанне па крытэрыі “акуратнасць”. Калі вучні справіліся з напісаннем акуратна, то ў верхняй часткі елачкі яны малююць зорачку. Калі ёсць адно закрэсліванне, то зорачка павінна з’явіцца ў сярэдняй частцы — на другім ярусе, калі ёсць больш закрэсліванняў, то на ніжнім ярусе. Відаць, што з такой формай работы вучні сутыкаюцца не ўпершыню і з веданнем справы ацэньваюць сябе.
Са слоў, якія запісалі дзеці, сама сабой вынікала тэма ўрока: “Правапіс у корані парных зычных і ненаціскных галосных”. Затым з дапамогай навадных пытанняў Вольгі Валянцінаўны дзеці самі фармулююць мэты і задачы ўрока. З разрэзаных частак вучні, выходзячы па адным да дошкі, складаюць кластар:
Правапіс у корані
Парных зычных
Ненаціскных галосных
(правяраемых і неправяраемых)
Буду ведаць:
Спосабы праверкі арфаграм
Буду ўмець:
Правільна пісаць словы з арфаграмамі
— Мы замацуем веды аб парных зычных, ненаціскных галосных, правяраемых і неправяраемых. Мы будзем ведаць правілы, спосабы праверкі тых ці іншых напісанняў і правільна пісаць словы з арфаграмамі, — падагульняе настаўніца. — А ці справімся мы з пастаўленай задачай на ўроку?
Вольга Валянцінаўна просіць дзяцей спрагназаваць, якая ж будзе іх работа на ўроку, ці ўсё будзе зразумела, і паставіць у сшытках на шкале самаацэнкі крыжык, а таксама спрагназаваць работу для класа ў цэлым (лінейка самаацэнкі была размешчана і на дошцы). І дзеці запэўнілі настаўніцу, што яны справяцца, аднак у іх могуць быць і памылкі.
Як патлумачыла В.М.Радаман, Вольга Валянцінаўна на сваіх уроках даволі часта выкарыстоўвае прагнастычную самаацэнку, прапаноўвае навучэнцам вызначыць, з чым яны справяцца паспяхова, а дзе ў іх могуць быць цяжкасці. Зафіксаваўшы ўласнае прадбачанне, дзеці пераходзяць да практычнай дзейнасці. Пасля яе заканчэння навучэнцам прапаноўваецца ажыццявіць рэтраспектыўную самаацэнку сваёй работы. Ажыццяўляючы самаацэнку, дзіця суадносіць працэс і вынік сваёй дзейнасці з выпрацаванымі на пачатку ўрока крытэрыямі паспяховасці. Выкарыстоўваючы спосаб адлюстравання адзнакі, які прапанаваў настаўнік, дзіця графічна фіксуе ўласнае меркаванне аб узроўні выканання работы па кожным з крытэрыяў. Працэс суаднясення прагнастычнай і рэтраспектыўнай ацэнкі дае інфармацыю для разважання кожнаму навучэнцу. Гэтую інфармацыю актуалізуе настаўніца, звяртаючы ўвагу на параўнальны вынік.
А на ўроку ўжо наступнае заданне — на экране інтэрактыўнай дошкі высвечваюцца словы: снег, холодный, конфета, сугроб, рябина, зима, заморозить, скользить, шарф. Дзецям прапануецца папрацаваць у парах. Вучні, якія сядзяць на першым радзе, выпісваюць у слупок толькі словы з ненаціскнымі галоснымі, якія можна праверыць, паставіўшы пад націск, дзеці з другога рада — словы з ненаціскнымі галоснымі, якія нельга праверыць націскам (слоўнікавыя словы), а трэці рад — словы з парнымі зычнымі. У гэтых словах вучні знаходзяць корань, падкрэсліваюць арфаграмы.
Пакуль школьнікі працуюць, настаўніца падыходзіць да асобных дзяцей, пытаецца, што незразумела, тлумачыць. У класе з’яўляюцца вучні, якія паднімаюць руку.
Хутка ўсе дзеці выконваюць заданне і паднімаюць вочы на педагога. Па адным прадстаўніку рада прэзентуе сваю работу. Іншыя вучні дапамагаюць. Другі і трэці рад спраўляюцца з заданнямі без памылак. Вучняў, якія дапускаюць памылкі, настаўніца далікатна папраўляе, каб не пакрыўдзіць, не адбіць ахвоту і жаданне працаваць. Педагог, як тонкі псіхолаг, ведае падыход да кожнага са сваіх выхаванцаў. Настаўніца просіць дзяцей ацаніць сябе, упрыгожыўшы елачку зорачкай.
І вось педагог заўважае, што навучэнцы крыху стаміліся, іх увага несканцэнтраваная, і прапануе парухацца, змяніць статычнае становішча. Трэба было бачыць, з якім захапленнем дзеці рухаюцца, прысядаюць, нахіляюцца ў розныя бакі! Часта пры правядзенні фізкультхвілінак настаўніца выкарыстоўвае музычны матэрыял. Фізкультхвілінкі могуць быць як тэматычныя, так і не звязаныя напрамую з тэмай урока. Аднак, як пасля ўрока заўважыла Вольга Валянцінаўна, яна імкнецца, каб фізкультхвілінка не ператваралася ў замацаванне вучэбнага матэрыялу: дзеці павінны рухацца не думаючы над тым, як выканаць яшчэ адно граматычнае заданне.
— Працягваем нашу работу. Каб выправіць памылкі, якія ў нас здараюцца, мы павінны паўтарыць правілы. Бо гавораць, што паўтарэнне — маці вучэння, — зноў гучыць мяккі спакойны голас настаўніцы. — Хто паўтарае, не лянуецца разгарнуць падручнік, папрацаваць над правілам, той і не робіць памылак. Зараз мы будзем весці работу па групах. Першая група будзе працягваць працаваць з ненаціскнымі галоснымі, якія правяраюцца націскам, другая — са слоўнікавымі словамі, трэцяя — з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі. Па адным прадстаўніку з кожнай групы репортаж7(сайт)падыдзіце, калі ласка, да майго стала і выберыце карткі, якія падыходзяць менавіта да вашага правіла.
Тры дзяўчынкі паспяхова спраўляюцца з выбарам частак правіл, якія змешчаны на ружовых картках. З гэтых частак навучэнцам неабходна скласці правіла і кожнаму прадстаўніку групы прыдумаць свой прыклад да яго. На гэтае заданне адводзілася пяць хвілін. У дапамогу вучні атрымалі інструкцыю.
Малодшыя школьнікі садзяцца шчыльненька і ўтвараюць групкі. Яны актыўна абмяркоўваюць, часам спрачаюцца, дапамагаюць адно аднаму, падказваюць, перадаюць ліст і ўпісваюць прыклады. У класе стаіць рабочы гул. А потым прадстаўнікі групы прэзентуюць выкананае заданне. Кожнаму хочацца агучыць свой прыклад і пакінуць добрае ўражанне ад сваіх ведаў. Усе паспяхова спраўляюцца з заданнем. Пад апладысменты аднакласнікаў вучні рассаджваюцца па сваіх месцах. І зноў дзеці звяртаюцца да лістоў самаацэнкі. Калі ўсё выканана правільна, не выклікала пытанняў — у верхнім ярусе з’яўляецца зорачка.
Дарэчы, групавую работу настаўніца выкарыстоўвае часта, як на ўроках абагульнення ведаў, так і вывучэння новага матэрыялу. “Ёсць навучэнцы, якім не вельмі камфортна працаваць у групах, — заўважыла пасля ўрока В.В.Чарнушэвіч. — Усе мы жывыя людзі, камусьці падабаецца так, камусьці — інакш. Я гавару бацькам і вучням, што ў жыцці нам даводзіцца сутыкацца з рознымі людзьмі. Нават ужо ў пятым класе — многа настаўнікаў, многа меркаванняў, многа патрабаванняў, і трэба ўмець працаваць у розных сітуацыях. Мне сёння не хочацца, але я павінна. Не вельмі ціснучы на вучня, імкнуся стварыць яму ўмовы для работы ў групе, даць яму нейкае заданне, якое сапраўды зацікавіць. Калі ёсць пэўная замінка, тады падыходжу з індывідуальнай дапамогай — кансультую альбо разам выконваем заданне”.
Каб праверыць, як засвоены матэрыял, Вольга Валянцінаўна прапануе вучням самастойную работу. З чырвонага радка дзеці пад дыктоўку пішуць сказы: “Старый сторож живёт в своей сторожке. Он сторожит редких животных”, у якіх ім неабходна ў аднакаранёвых словах выдзеліць корань, а таксама ва ўсіх словах падкрэсліць арфаграмы. Вучні выконваюць заданне, звяраюць напісанае ў сшытку са словамі на экране і праводзяць самаацэнку.
На этапе падвядзення вынікаў урока настаўніца прапануе яшчэ адно цікавае заданне — адказаць на тэставыя пытанні. Калі вучні правільна адказваюць, то атрымліваюць слова “Удачи!”. Што азначае: “Мы добра папрацавалі! Удачы вам на кантрольнай рабоце!”.
У якасці дамашняй работы малодшыя школьнікі атрымліваюць дыферэнцыраванае заданне. Кожны з дзяцей становіцца ўладальнікам карткі, дзе напісаны тры заданні: першае — практыкаванне з падручніка, другое — спісаць прапанаваныя сказы і ўставіць патрэбныя літары, трэцяе (творчае) — з прапанаваных слоў пабудаваць сказы, каб атрымаўся звязны тэкст, і выдзеліць у ім арфаграмы.
Вольга Валянцінаўна падводзіць вынікі ўрока і звяртаецца да дзяцей з просьбай падлічыць колькасць зорачак на елачцы. Калі ў верхняй частцы 5 зорачак — гэта “дзясятка”, калі 4 — “дзявятка”, калі 3—2 — “васьмёрка”, 1 зорачка — “сямёрка”. І гледзячы, як весяляцца дзеці, як хваляцца сваімі зорачкамі і дэманструюць іх адно аднаму і настаўніцы, можна было зрабіць выснову, што ўсе засталіся задаволены работай на ўроку. Твары вучняў свяціліся радасцю і шчасцем. Нават падалося, што званок крыху засмуціў дзяцей, якім хацелася яшчэ і яшчэ заваёўваць зорачкі. Урок прайшоў вельмі хутка, дынамічна, на адным дыханні. Па вачах настаўніцы было відаць, што і яна задаволена ўрокам.

Пасля заканчэння ўрока Вольга Валянцінаўна пракаменціравала яго:
— Урок рускай мовы ў трэцім класе па тэме “Правапіс у корані парных зычных і ненаціскных галосных” — гэта ўрок абагульнення па пройдзеных тэмах. Яго мэта — абагульніць і сістэматызаваць веды навучэнцаў па правапісе ў корані парных зычных і ненаціскных галосных, а таксама падрыхтаваць дзяцей да маючай адбыцца кантрольнай работы, дзе ўсе гэтыя арфаграмы сустрэнуцца ў розных варыятыўных заданнях. Я імкнулася насыціць урок рознымі дыдактычнымі
прыёмамі: выкарыстоўвала гульнявыя моманты, праблемныя пытанні, прагназаванне вынікаў.
Прадугледжвалася, што вучні будуць працаваць індывідуальна, парна і па групах. Паколькі арфаграм было некалькі, то, лічу, групавая работа была мэтазгоднай, бо кожная група працавала са сваім матэрыялам, а потым прадстаўляла вынік. І гэта яшчэ адна важная задача ўрока — вучыць выхаванцаў прэзентаваць вынік сваёй работы і не баяцца публікі, умець правільна выказваць свае думкі, каб гэта было зразумела не толькі самому, але і аднакласнікам.
Імкнуся на сваіх уроках разам з навучэнцамі вывесці тэму і вызначыць мэты ўрока. Мае выхаванцы ўдзельнічаюць у сумесным мэтавызначэнні для таго, каб лепш разумець, што яны будуць рабіць на ўроку, да якога выніку павінны прыйсці, на што ім неабходна звярнуць увагу. Таксама вывядзенню тэмы садзейнічаў такі від работы, як чыстапісанне. Ужо ў чыстапісанні я імкнулася закласці словы, у якіх сустракаюцца арфаграмы, прапанаваныя для вывучэння. Тут таксама мела месца ўзбагачэнне слоўнікавага запасу праз выкарыстанне прыказкі, у якой сустрэліся словы з арфаграмамі.
Каб абагульніць тэарэтычны блок, я прапанавала дзецям папрацаваць у групах. Клас у нас вялікі — 26 чалавек, таму даволі складана арганізаваць групавую работу. Тым не менш я імкнуся вучыць дзяцей узаемадзейнічаць, вучыць сваё асабістае “я” суадносіць з “я” сваіх аднакласнікаў, дамаўляцца, уважліва сачыць за выкананнем задання. Бо ў класе вельмі многа лідараў. Гэта відаць. Імкнуся заўсёды прадумваць заданні так, каб кожны зрабіў пэўны ўклад. Вучні падзяліліся па радах. Рад ператварыўся ў групу, і так выйшла, што ў першым радзе сабраліся дзеці-адзіночкі, якім больш камфортна працаваць індывідуальна, чым у пары. І гэта паўплывала на вынік работы. Школьнікі гэтай групы не так паспяхова справіліся з заданнем. Увогуле групы арганізуюцца па-рознаму. Калі-нікалі я прызначаю адказнага кансультанта — больш моцнага вучня. Ён пракантралюе, дапаможа тым, у каго штосьці не атрымліваецца, і тым самым замацуе матэрыял. Калі-нікалі фарміраванне груп ажыццяўляецца ў гульнявой форме. Часам групы фарміруюцца па жаданні навучэнцаў. Пры арганізацыі групавой работы важна, каб вучні завяршылі работу і выслухалі сваіх аднакласнікаў. Над гэтым мы працуем.
Для падвядзення вынікаў урока я выкарыстоўвала тэставае заданне-шыфроўку, у якім заключалася слова — пажаданне ўдачы на кантрольнай рабоце, якая пройдзе на наступным уроку. Адказаўшы правільна на пытанні і ўпісаўшы літары, дзеці маглі прачытаць гэтае слова. З заданнем вучні справіліся. Трэба сказаць, што таму, хто адгадвае першым, не церпіцца вымавіць слова ўголас, і часам гэтым карыстаюцца некаторыя аднакласнікі. Яны могуць пачуць слова альбо спрацоўвае здагадка, але мая мэта — не толькі яшчэ раз вярнуцца да правіла, а нацэліць дзяцей на выкананне задання цалкам. Выкарыстоўваючы такія заданні перыядычна, апошнюю літару спецыяльна мяняю так, каб слова атрымалася не зусім такое, якое ляжыць на паверхні. І тады трэба дакладна выканаць работу да канца і праверыць правільнасць выбару.
Апошні этап — падвядзенне вынікаў урока, дзе падсумоўваліся набраныя ачкі — зорачкі, выводзілася адзнака і прапаноўвалася дамашняе заданне. Прычым яно было дыферэнцыраваным. Важным лічу арыентавацца на асобу вучня: камусьці хочацца маляваць, а камусьці не, камусьці хочацца заданне з падручніка, а камусьці — на лісточку. Імкнуся гэта ўлічваць у сваёй рабоце.
Лічу, што мэты ўрока былі дасягнуты. Мы абагульнілі і сістэматызавалі веды аб вывучаных арфаграмах і на практыцы навучыліся іх знаходзіць, абгрунтоўваць выбар напісання. А кантрольная работа пакажа, як навучэнцы засвоілі матэрыял.
У сваёй рабоце настаўніца выкарыстоўвае элементы розных адукацыйных тэхналогій — “Крок за крокам”, праблемнага навучання, калектыўных спосабаў навучання, рашэння праектных задач і інш. і інтэгруе іх у сваю практыку. Як прызнаецца В.В.Чарнушэвіч, зараз ёй хочацца больш глыбока асвоіць асобасна арыентаванае навучанне, дыферэнцыяцыю заданняў. Выклікаюць цікавасць прыёмы, якія выкарыстоўваюцца пры хуткачытанні, пры навучанні чытанню з гукавым арыенцірам, пісьму са зрокавым арыенцірам, а таксама праектная дзейнасць не толькі ў вучэбнай, але і ў пазакласнай рабоце. Плануе настаўніца падчас вясновых канікул на базе АПА наведаць курсы па стварэнні інтэрактыўных праграм для пачатковай школы.
У тым, што ўсё задуманае ў Вольгі Валянцінаўны атрымаецца, ніколькі не сумняваецца намеснік дырэктара Вікторыя Мікалаеўна Радаман, бо В.В.Чарнушэвіч валодае прадпрымальнасцю, уменнем аператыўна прымаць рашэнні па дасягненні пастаўленай мэты, здольнасцю планаваць, арганізоўваць, каардынаваць і кантраляваць сваю работу і работу вучнёўскага калектыву. “Настаўніца мае добрую прафесійна-метадычную падрыхтоўку, імкнецца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы, творча падыходзіць да вырашэння адукацыйных задач, аддаючы перавагу прыёмам унутранай і знешняй дыферэнцыяцыі”, — адзначае В.М.Радаман.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.