Вопыт — гэта адзіная школа, у якой можна навучыцца

- 9:09Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Калядны фестываль педмайстэрства — гэта перш за ўсё абмен вопытам. У межах сёлетняга V Рэспубліканскага каляднага фестывалю працавала 12 прадметных секцый, прайшлі 72 майстар-класы, якія праводзілі 87 лепшых педагогаў рэспублікі. Гэта члены клуба “Крыштальны журавель” і асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”. Асноўнымі тэмамі секцый сталі выхаваўчыя аспекты ўрока і практыка рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў рабоце настаўніка.
Сёння ў галоўныя тэмы каляднага фестывалю нам дапамагаюць унікнуць вядучыя ўласных майстар-класаў і педагагічных майстэрань.

Адукацыйная практыка эфектыўнай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока фізікі

Так гучала тэма педагагічнай майстэрні настаўніка фізікі, дырэктара ліцэя № 1 Гродна Ігара Маслава і настаўніка-метадыста, настаўніцы фізікі намесніка дырэктара сярэдняй школы № 13 Жлобіна Алены Ананьчыкавай. Сваімі ўражаннямі і думкамі пасля фестывалю з намі падзяліўся Ігар Сяргеевіч:
— Праблема выхавання важная і сур’ёзная, паколькі сёння краевугольным каменем адукацыі з’яўляецца не толькі развіццё прадметных кампетэнцый навучэнцаў, развіццё іх творчага патэнцыялу, але і выхаванне. Ключавым для нашай педагагічнай майстэрні стала пытанне, ці ёсць дадатковыя магчымасці ў настаўніка фізікі для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу. Калі ёсць, то якія яны?
Наша педмайстэрня складалася з тэарэтычнага блока і выканання канкрэтных практычных заданняў, разгляду тэхнік, прыёмаў, метадаў, якія могуць дапамагчы настаўніку рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урока фізікі. Паколькі настаўнікі, якія прысутнічалі на майстар-класе, прадстаўлялі розныя рэгіёны нашай рэспублікі, мелі розны педагагічны вопыт, то, з аднаго боку, было няпроста, а з другога — цікава. У выніку ў нас атрымаўся змястоўны калегіяльны дыялог, падчас якога мы паспрабавалі адшукаць, асэнсаваць і прывесці ў сістэму эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі развіцця сфер індывідуальнасці навучэнцаў.
У аснову сваёй педмайстэрні мы з Аленай Аляксандраўнай заклалі ідэю канцэпцыі педагогікі індывідуальнасці А.С.Грабенюка, якая заснавана на сямі сферах індывідуальнасці навучэнцаў: інтэлектуальнай, матывацыйнай, эмацыянальнай, валявой, самарэгуляцыйнай, прадметна-практычнай, экзістэнцыяльнай, інтэлектуальнай. Мы гаварылі пра тое, як сродкамі вучэбнага прадмета садзейнічаць развіццю кожнай з гэтых сфер.
У межах практычнага блока разглядаліся розныя прыклады, у прыватнасці біяграфічны метад. Сёння, задаўшы школьніку пытанне, ці складаным для яго з’яўляецца закон Ома, ён адкажа, што нічога складанага ў ім няма. А можна папрасіць вучняў: “Перанясіцеся ў сярэдзіну ХІХ стагоддзя, калі не было вымяральных прыбораў, вядомай сёння тэрміналогіі. Ці лёгка было вучонаму сфармуляваць гэты закон?” Калі дзеці звяртаюцца да жыццёвага вопыту і аналізуюць, як вучоны зрабіў адкрыццё, якія рысы характару ён меў, якой ён быў асобай, то фізіка з абязлічанай ператвараецца ў навуку, створаную канкрэтнымі асобамі.
Такі падыход вельмі важны, бо дазваляе школьнікам паглядзець на сябе збоку, паспрабаваць зразумець свой патэнцыял і магчымасці дзеля дасягнення поспеху ў далейшым жыцці. Любая праца сёння — гэта пастаяннае навучанне і ўдасканаленне, таму здольнасці да ўспрымання новых ведаў і навыкаў вельмі важныя для любога віду дзейнасці.
Далей мы прыводзілі прыклады мэтапрадметнага падыходу. Многія жыццёвыя праблемы маюць комплексны характар, і для іх вырашэння неабходна прымяняць комплекс метадаў. Сёння адным з актуальных напрамкаў рэалізацыі ў тым ліку і выхаваўчага патэнцыялу ўрока з’яўляецца выкарыстанне мэтапрадметнага мадэлявання (прадметных сітуацый).
Напрыклад, возьмем праблему часу. На ўроку фізікі ў 7 класе мы гаворым пра інтэрвал часу. А калі задумацца, то, напрыклад, у спорце адна сотая секунды вызначае пераможцу. Важнае значэнне мае секунда і ў жыцці чалавека, які знаходзіцца ў рэанімацыі і яму несвоечасова аказана медыцынская дапамога. Секунды і мінуты бываюць вельмі значнымі. Ці можна час вярнуць назад? Што такое час? Чаму ён бяжыць толькі ў адным напрамку? Чаму бываюць імгненні, калі час бяжыць непрыметна? Або чаму адна мінута можа доўжыцца цэлую вечнасць? Такія пытанні неабходна абмяркоўваць у тым ліку і ў межах канкрэтных фізічных тэм.
Гаварылі мы і пра эўрыстычныя заданні, неабходныя для развіцця матывацыйна-патрэбнаснай сферы. Такія заданні кожнаму вучню дапамагаюць зрабіць уласнае адкрыццё. Напрыклад, прыдумайце канструкцыю фізічнага прыбора, прынцып дзеяння якога быў заснаваны на жвачцы. Для якіх мэт будзе прызначаны ваш прыбор? Што ён будзе дазваляць рабіць? Адлюструйце схематычна канструкцыю гэтага прыбора і патлумачце прынцып яго дзеяння.
Або правядзіце ракетны дослед. Уявіце, што вы надзімаеце паветраны шарык. Вы не паспелі яго яшчэ моцна завязаць, як раптам ён імкліва вырываецца з рук. Што агульнага паміж паветраным шарыкам і ракетай, якая ляціць у космас?
Правядзіце некалькі доследаў з “паветранай ракетай”, якую вы зможаце зрабіць са звычайнага паветранага шарыка. Высветліце, у якім выпадку ваша ракета ўзляцела найбольш высока і чаму. Якой часцей за ўсё была форма падзення “паветранай ракеты” на зямлю? Што вы можаце параіць распрацоўшчыкам ракетных установак з улікам праведзеных доследаў?
Бенджамін Франклін некалі сказаў: “Вопыт — гэта адзіная школа, у якой можна навучыцца”.
Сёння дзейнасць педагога акцэнтавана на падрыхтоўцы навучэнца да здачы ЦТ, каб ён мог паступіць ва ўніверсітэт. Гэта важны кірунак дзейнасці, але мы не павінны забывацца пра тое, што разам з фарміраваннем прадметных кампетэнцый мы павінны ствараць умовы для развіцця асобы вучня, для выхавання яго грамадзянскай пазіцыі. Прымяніць патэнцыял вучэбнага прадмета для вырашэння выхаваўчых задач не заўсёды проста. Выхаванне не павінна насіць сітуатыўны характар. Яно разам з навучаннем павінна знаходзіцца ў цэласнай сістэме.

Я ўмею чытаць? Я ўмею чытаць!

Эфектыўным прыёмам фарміравання і развіцця чытацкіх уменняў вучняў прысвяціла свой майстар-клас настаўнік-метадыст настаўніца беларускай мовы і літаратуры Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Алена Казлова. Сёння Алена Уладзіміраўна дзеліцца сваімі ўражаннямі і меркаваннямі на старонках “Партфоліа”.
“Па выніках маніторынгу чытацкай пісьменнасці вучняў у сярэднім 15% пяцікласнікаў і 35% васьмікласнікаў маюць цяжкасці пры выкананні заданняў, у якіх патрабуецца знайсці інфармацыю, зададзеную ў звычайным выглядзе; значная частка пяцікласнікаў (у сярэднім 60%) і васьмікласнікаў (у сярэднім 70%) не спраўляецца з заданнямі, у якіх патрабуецца інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, аналізаваць і ацэньваць змест тэксту”, — менавіта ў гэтых даных шукалі сур’ёзную праблему сучаснай школы ўдзельнікі майстар-класа “Я ўмею чытаць”.
— Калі ўважліва ўгледзецца ў прапанаваныя лічбы, то становіцца зразумела, што з 5 да 8 класа вучні развучваюцца чытаць! Што рабіць на ўроках мовы і літаратуры настаўніку, каб гэтая сітуацыя змянілася ў лепшы бок? Якія прыёмы і формы работы прымяняць на занятках, каб нашы вучні валодалі чытаннем у такой ступені, каб выкарыстоўваць яго як сродак паспяховага навучання?
Многія госці былі здзіўлены, што на занятках з назвай “Я ўмею чытаць? Я ўмею чытаць!” акцэнт рабіўся не на работу з мастацкім тэкстам на ўроках літаратуры, а на работу з тэкстам на ўроках мовы. Для аналізу вядучым майстар-класа былі ўзяты тэксты са “Зборніка матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” за перыяд навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
Удзельнікі майстар-класа працавалі з тэкстамі розных стыляў: мастацкімі, навуковымі, публіцыстычнымі. Самі сталі на пэўны момант адзінаццацікласнікамі з профільнага класа, якім быў прапанаваны для запамінання тэкст на 493 словы. Запаміналі і ўзнаўлялі ключавыя словы і словазлучэнні, працавалі над складаным планам тэксту, акцэнтавалі ўвагу на цяжкіх для напісання словах і граматычных формах, трэніравалі ўласную памяць. Узгадалі вядомыя для многіх прыёмы інсерт і кластар з тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, прымянялі іх на практыцы. Фармулявалі па прапанаваным тэксце заданні, якія будуць фарміраваць чытацкія ўменні і навыкі вучняў, дзяліліся сваімі напрацоўкамі з аўдыторыяй, аналізавалі, наколькі эфектыўнымі будуць прапанаваныя заданні.
Вядучая майстар-класа старалася паказаць, як можна выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі навучання для работы з тэкстам, для яго запамінання, для развіцця кругагляду вучняў (на прыкладзе работы з тэкстам “Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”). Важным прыёмам запамінання інфармацыі з’яўляецца стварэнне вобразаў тэксту, для чаго неабходна развіваць уяўленне і творчасць школьнікаў.
Работу з тэкстам можна праводзіць, інтэгруючы ўрокі мовы і літаратуры. Тэксты са зборніка экзаменацыйных матэрыялаў для 11 класа можна выкарыстоўваць у якасці дадатковага матэрыялу на ўроках літаратуры і мовы ў 6—8 класах. Напрыклад, цікавымі будуць тэксты “Пярун”, “Зюзя”, “Жыцень”, “Жыжаль”, “Ярыла” для шасцікласнікаў пры вывучэнні міфалогіі беларусаў ці тэкст “Энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі” для паглыблення ведаў пра навуковы стыль тэксту вучнямі 8 класа.
Настаўнікі прывыклі самі прадумваць пытанні да тэксту і прапаноўваць іх вучням на ўроку. Але і дзеці могуць ствараць сістэму пытанняў па тэксце: па змесце (што (хто)? дзе? калі?), для аналізу (чаму? навошта?), на выбар варыянтаў адказу. Прыдуманыя вучнямі пытанні таксама могуць быць ацэнены настаўнікам.
Былі прапанаваны прыклады дыдактычных матэрыялаў для ўрокаў мовы, створаныя на аснове тэкстаў для пераказу з экзаменацыйнага зборніка. Асаблівасцю гэтых заданняў з’яўляецца абавязковая работа з беларускай лексікай, а таксама абавязковая наяўнасць эталонных адказаў для самаправеркі ці ўзаемаправеркі вучняў на ўроку. Былі прадстаўлены варыянты работы з тэкстамі па пэўнай моўнай тэме з дадатковай сістэмай пытанняў, якія развіваюць чытацкія ўменні на ўроку.
Настаўнікі — удзельнікі майстар-класа — адзначылі, што неабходна сістэмна працаваць з графічнай інфармацыяй, арыентуючыся на слова (подпісы пад малюнкамі, назвы табліц, схем), разумець мову графікаў, схем, дыяграм, знаходзіць падабенства ў супрацьлеглых меркаваннях, адрозніваць агульнапрынятую і арыгінальную, аўтарскую трактоўку падзей, параўноўваць прачытанае з тым, што чыталі раней, і са сваім жыццёвым вопытам.
Заняткі праводзіліся з выкарыстаннем стратэгіі актыўнай ацэнкі, таму на працягу ўсяго майстар-класа ўдзельнікі былі не пасіўнымі яго слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі: дзяліліся сваім вопытам, знаходкамі, працавалі ў парах, групах, забяспечвалі зваротную сувязь з вядучым, прымянялі правіла непаднятай рукі.
Удзельнікі майстар-класа змаглі адказаць для сябе на пытанне, што азначае ўмець чытаць, вызначылі новыя эфектыўныя прыёмы работы з разнастайнымі тэкстамі. У зваротнай сувязі ўдзельнікі адзначалі, што важным было правядзенне заняткаў у актыўнай форме, іх практычная скіраванасць. Думка, якая зачапіла: неабходна вяртаць тэксты на ўрок. Захапіла тое, што з тэкстам можна працаваць грунтоўна, што існуе шмат разнастайных прыёмаў работы з тэкстам, што такая работа можа быць цікавай і займальнай для вучняў, — падзялілася Алена Уладзіміраўна Казлова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.