Тамашоўскія замалёўкі

- 9:00Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо
Настаўнікі-замежнікі М.І. Фрыдман і С.І. Чэкель

Восень. Дажджліва і холадна. Надвор’е падносіць сюрпрызы: дождж, снег, парывісты вецер, туман і бледнае сонца. А “жураўлі” ляцяць. Праўда, у гэтыя асеннія дні прыляцелі яны ў самы паўднёвы пункт Брэсцкага раёна — аграгарадок Тамашоўка. Тамашоўская сярэдняя школа Брэсцкага раёна гасцінна расчыніла свае дзверы ўдзельнікам рэспубліканскага семінара-акцыі “Настаўнік года” — педагагічнай грамадскасці Брэсцкага раёна”.

Чарговы “жураўліны” візіт. Пяцьдзясят трэці. Бяссонныя ночы напярэдадні выезду. Усе ўдзельнікі семінара рыхтуюцца: урок у незнаёмым класе, майстар-клас. Работы шмат. І ў дарогу… Доўгі шлях чакае нас, на выезд з розных куткоў нашай краіны спяшаюцца дзесяць удзельнікаў. Цягніком едзем з Мінска ў Брэст. Там нас на вакзале ветліва сустракае загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама Наталля Міхайлаўна Янчук. Едзем далей, яшчэ гадзіны паўтары дарогі на мікрааўтобусе. За акном цёмна, асенні вечар, дождж імжыць. Нас чакаюць у Тамашоўскай школе. Наперадзе знаёмства са школай, педагогамі, кабінетамі, у якіх давядзецца працаваць.
Усе засяроджаны. Ідзе апошняя падрыхтоўка: наладжваецца тэхніка, устанаўліваюцца парты для работы ў групах, дошка… Гатовы? Так. Наперадзе ноч і апошнія абмеркаванні ўрокаў з тымі, хто гатовы выслухаць, даць параду. Але зноў трэба ехаць — да месца начлегу. Дзіўна, колькі перамяшчэнняў! І ўсё ў цемры. Які ён, аграгарадок Тамашоўка? (Забягаючы наперад, скажу, што пры святле дня разгледзець яго так і не ўдалося.)
Убачыць Тамашоўку змаглі толькі раніцай наступнага дня, калі прыехалі на семінар. Але зноў усё бягом, зноў у тумане і імжы. У школу з’язджаюцца педагогі з усяго раёна. Многім з іх давялося пераадолець для гэтага доўгі шлях.

Што да праграмы семінара, то працуем у звычайным рэжыме. У Доме культуры праходзіць самапрадстаўленне. Пра конкурс “Настаўнік года”, пра работу клуба і пра педагогаў, якія прыехалі на семінар, гаворыць Іван Віктаравіч Фёдараў, начальнік Цэнтра развіццёвых тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Іван Віктаравіч прадстаўляе кожнага настаўніка. Расказваем пра сябе, пра ўрок, які чакае наперадзе, і майстар-клас. І, канечне, як звычайна, спяваем: “Учитель идет на урок и сердце несет на ладони…” Але нечакана патухае святло! А мы спяваем далей, быццам нічога не здарылася, — пад апладысменты гледачоў і святло ліхтарыкаў ад мабільных тэлефонаў. На апошніх словах музыка ўключаецца, мы заканчваем, як і належыць, на апошніх акордах. Ганарымся сабой.

Значыць, гатовы. Значыць, усё атрымаецца!

Першая тройка “жураўлёў” спяшаецца на ўрокі. Напужаць навучэнцаў адкрытымі ўрокамі, якія павінны адбыцца? Ды проста! А чаму гэта адбылося, вы даведаліся б, наведаўшы ўрок біялогіі, які праводзіла Ірына Клявец. Даведаліся б вы і пра сістэмы, якія так прыгожа называюцца, — сімпатычная і парасімпатычная, паглыбіліся б у свет цікавага.
Лірыка, прыгажосць і дакладнасць верша, яго інтанацыйная насычанасць — пра гэта на ўроку беларускай літаратуры вяла размову Галіна Сухава.

Асеннія фарбы і работа з фрагментамі выяў, інтэрактыўнае ўзаемадзеянне і творчасць — складнікі ўрока інфарматыкі, які правяла Вольга Счасновіч.

А ці задумваліся вы калі-небудзь, пра што раман “Бацькі і дзеці”? Падумаць над гэтым, высветліць, наколькі часта ўзнікаюць непаразуменні з бацькамі ў нашым жыцці і чаму, адчуць і паглыбіцца ў свет герояў твора прапанавала на сваім уроку Таццяна Амбрушкевіч.

Кропка, прамая і плоскасць. Што гэта і як працуе на ўроках матэматыкі? З цікавасцю навучэнцы паглыбіліся ў працэс вывучэння матэрыялу на ўроку Івана Якіменкі і пераканаліся, што кропка — гэта не толькі знак прыпынку.

Сярэдневяковая Беларусь, якая яна? У якім адзенні хадзілі ў гэты час нашы продкі? Пра гэта можна было не толькі даведацца на ўроку гісторыі Віктара Жука, але і ўбачыць і нават прымераць некаторыя элементы адзення той эпохі.

Выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны для фарміравання камунікатыўных уменняў на ўроку англійскай? Ды проста! Гэта было нечаканым для навучэнцаў і педагогаў, але аказалася цікавым і эфектыўным. Дзякуй, Інеса Зубрыліна.

Выхаваўчы патэнцыял урокаў фізічнай культуры і здароўя, як яго рэалізаваць на занятках — гэта хвалявала Максіма Мікуліча, які праводзіў урок фізкультуры.

Назоўны або вінавальны склон назоўнікаў навучэнцам 4 класа дапамагала вызначаць Святлана Емяльянава-Раманоўская і яе “невідзімка” на ўроку рускай мовы.

Далей па праграме — прадметны майстар-клас ад кожнага “жураўля”. Дзелімся вопытам па заяўленых тэмах і запытах аўдыторыі. Іван Фёдараў у гэты час праводзіць майстар-клас з адміністрацыяй устаноў адукацыі па атэстацыі педагагічных кадраў.

Заключны акорд — агульны семінар па тэме “Выхаваўчы патэнцыял урока”. Мара адпачыць не здзейснілася: усе ўдзельнікі семінара-акцыі задзейнічаны ў рабоце — гэта амаль 180 педагогаў Брэсцкага раёна, адміністрацыя ўстаноў адукацыі і мы, “жураўлі”.

Кожная прадметная група вызначае на ўроку, які наведвае, тыя якасці асобы, на фарміраванне якіх накіраваны заняткі, прэзентуе вынікі работы груп. Потым адбываецца дыялог — зваротная сувязь паміж “жураўлямі” і групамі педагогаў па выхаваўчым аспекце ўрокаў.

Але гэта яшчэ не ўсё: нас чакае музей касманаўтыкі. Менавіта такі музей ёсць у Тамашоўскай школе. У суседняй вёсцы нарадзіўся і вырас двойчы Герой Савецкага Саюза беларускі касманаўт Пётр Клімук. У музеі прадстаўлена касмічнае абсталяванне, і не кожны вестыбулярны апарат вытрымае такую нагрузку. Ёсць нават месца, дзе можна адчуць сябе ў стане бязважкасці. У музеі ёсць усё: ад гісторыі касманаўтыкі да асабістых рэчаў Пятра Клімука. Нам нават удалося пасядзець за партай касманаўта, патрымаць у руках яго падручнікі, прагледзець ведамасць паспяховасці.

Але музей не адзіная славутасць Тамашоўскай школы. Тут ёсць цудоўнае месца, поўнае зеляніны, гукаў прыроды, месца, дзе пануе спакой і рэлаксацыя. Гэта зімовы сад. Надзвычай прыгожы і дагледжаны. Менавіта там мы адпачывалі ў час перапынкаў і пасля адкрытых урокаў.

Дзякуй вам, педагогі Брэсцкага раёна, за магчымасць педагагічных зносін. Асаблівыя словы ўдзячнасці — адміністрацыі і педагогам Тамашоўскай школы, навучэнцам. А яшчэ хачу адкрыць невялікі сакрэт: дырэктар Тамашоўскай школы Яўген Грыгор’еў — наш “журавель”. Менавіта таму ён хваляваўся нашмат больш, чым кожны з нас, бо ў яго была вялікая адказнасць перад калегамі, навучэнцамі, “жураўлямі”.

І зноў дарога, цемра, дождж… Вакзал. Словы развітання. Мы едзем дадому. Скончыўся чарговы “жураўліны” выезд. Спадзяёмся, што ўсё атрымалася.

Зноў смутак і чаканне новага “палёту”…

Вольга СЧАСНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна,
член клуба “Крыштальны журавель”.