У асяроддзі нацыянальнай культуры

- 14:29Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

З 2005 па 2007 год Трабская сярэдняя школа з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай абласнога ўзроўню па рэалізацыі сацыяльна- педагагічнага праекта “Этнашкола “Панямонне”.
З 1 верасня 2005 года рашэннем Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта ў школе адкрыты клас з фальклорна-тэатральным кірункам, што дазволіла выхоўваць падрастаючае пакаленне на аснове духоўных традыцый беларускага народа. Сёння ў школе выкладаюцца такія прадметы, як “Мастацтва вуснага слова”, “Фальклорны танец”, “Фальклорныя спевы” і “Фальклорны тэатр”.

Трабская сярэдняя школа з 2010 па 2012 год працавала над рэалізацыяй інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўкараненні мадэлі фарміравання нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў на аснове гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. Акрамя таго, паміж школай і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, які забяспечыў правядзенне летняй этнаграфічнай практыкі студэнтамі гістарычнага факультэта ў вёсцы Трабы. Студэнты разам з вучнямі і настаўнікамі школы, работнікамі культуры і мясцовымі жыхарамі ажыццяўлялі краязнаўчыя экспедыцыі па зборы этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу згодна з заданнямі, адрасаванымі кожнай групе: сабраць прымаўкі, загадкі, абрады, песні. Вынікам працяглай работы па зборы этнаграфічных матэрыялаў стала аднаўленне мясцовых абрадаў “Камаедзіца”, “Ляльнік”, “Гэй ты, воўчанька”, “Пасвяты” і іншых (пад кіраўніцтвам Леакадзіі Паўлаўны Гурынай, ветэрана працы, карэннай жыхаркі вёскі Трабы), а таксама адкрыццё школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Створаны летапіс вёскі Трабы, краязнаўчы каляндар юнага краязнаўцы. Мы ганарымся і тым, што заснавальнікам музея з’яўляецца выдатнік адукацыі, ветэран педагагічнай працы, вядомы настаўнік-гісторык, стараста вёскі Трабы Ніна Міхайлаўна Астрэйка.

Дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і лістом падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны актыў школьнага музея за ўдзел у конкурсе-аглядзе этнаграфічных музеяў у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Вопыт загадчыка музея Р.С.Махнач па тэме “Роля школьнага музея ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці і грамадскай годнасці падрастаючага пакалення” адзначаны дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках удзелу ў ХІV Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: вопыт, перспектывы”.
Кожны год у красавіку ва ўстанове дашкольнай адукацыі вёскі ладзіцца Тыдзень школы, у рамках якога выхаванцы ясляў-сада і вучні становяцца ўдзельнікамі сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне традыцый роднага краю. Ладзяцца сумесныя святы і мерапрыемствы, штогод праводзяцца абрады “Гуканне вясны”, “Саракі”, “Багач”, “Пакроўскі кірмаш”, “Масленічны тыдзень”. Сумесная дзейнасць з яслямі-садам па развіцці беларускай мовы, азнаямленне навучэнцаў з культурнай спадчынай Беларусі задавальняе і бацькоў навучэнцаў. Трэба адзначыць, што сталі частымі гасцямі школы не толькі бацькі навучэнцаў, але і іх бабулі і дзядулі, якія знаёмяць дзяцей з традыцыйнымі сямейнымі і каляндарнымі абрадамі трабчан.
Стала добрай традыцыяй напярэдадні Каляд, Вялікадня правядзенне вучнямі, настаўнікамі мясцовых народных абрадаў на прадпрыемствах, размешчаных на тэрыторыі сельвыканкама: на СВК “Трабы”, у лясніцтве, у бальніцы сястрынскага догляду.

Трабская зямля славіцца народнымі рамёствамі. Настаўнікі працоўнага навучання перадаюць дзецям навыкі саломапляцення, вышыўкі, выцінанкі. Пры выкананні работ кансультантамі выступаюць мясцовыя майстры Л.К.Капач, Л.В.Сцефаноўская. Як бачна, наша ініцыятыва стаць рэсурсным цэнтрам у кірунку “Фарміраванне ў навучэнцаў нацыянальнай самасвядомасці на аснове гісторыка-культурнай спадчыны” мела на гэта ўсе падставы.
Перад рэсурсным цэнтрам на 2012/2013 навучальны год былі пастаўлены наступныя задачы:
1. Прапаганда і распаўсюджванне новых форм адукацыі і выхавання праз вучэбную дзейнасць і занятасць у вольны час.
2. Трансляцыя праграм, тэхналогій, метадаў і прыёмаў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў нацыянальнай самасвядомасці, у ходзе аказання метадычнай, кансультатыўнай і практычнай дапамогі.
3. Устанаўленне ўзаемаразумення паміж педагогамі, бацькамі, вучнямі па пытаннях адукацыі і выхавання пры арганізацыі паміж імі творчых зносін, дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах.
4. Фарміраванне асобы, здольнай да ўдзелу ў складанай сістэме сацыяльных зносін, накіраванасць яе на сацыяльна важныя справы па захаванні нацыянальна-культурнай спадчыны.
Вырашэнне акрэсленых задач адбывалася праз такія формы работы рэсурснага цэнтра, як выставы, экскурсіі, канцэртная дзейнасць, выдавецкая дзейнасць, семінары, кансультацыі па запытах.
Былі праведзены кансультацыі для педагогаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі па правядзенні фальклорных свят “Багач”, “Прыйшла Каляда”, “Саракі”.
Гледачамі вечарыны-роздуму “І знічкай успыхвае душа”, прэзентацыі праекта “Кола года беларуса” былі бацькі, педагагічныя работнікі мясцовых ясляў-сада, удзельнікі раённага метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў, намеснікаў дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
У студзені мінулага года вопыт дзейнасці Трабскай сярэдняй школы быў прадстаўлены на першым абласным фестывалі “Інавацыйная школа: інфармацыйны і аналітычны партрэт”.
Праз школьны сайт забяспечаны доступ да наступнай інфармацыі:
— віртуальны музей “Скарбніца роднага краю”;
— з вопыту работы па тэме “Роля музея ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай годнасці падрастаючага пакалення”;
— з вопыту работы па тэме “Інавацыйныя падыходы да фарміравання нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў”;
— летапіс вёскі Трабы;
— абрад “Камаедзіца”.

Для вучняў, якія падчас вясновых канікул наведвалі аздараўленчы лагер Эйгердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, праведзена экскурсія ў школьным краязнаўчым музеі “Сакральны свет беларусаў”, для вучняў Іўеўскай сярэдняй школы — экскурсія “Ад сініх кветачак да кашуль дзетачкам”. Народныя святкаванні — гэта адметныя абрадавыя дзеянні, варажба, павер’і, гульбішчы, карагоды, песні і паданні. Трэба сказаць, што з часам мяняюцца і некаторыя рысы свят, але аўтэнтычнасць некаторых народных свят у Трабах захавалася. Гэта і калядныя песні на польскай мове, і купальскія вянкі, і гульбішчы.
У выніку вялікай работы на працягу навучальнага года па вывучэнні традыцый і абрадаў беларусаў, мясцовых традыцый і абрадаў, народных песень, гульняў, назваў рэчаў з побыту беларусаў настаўніцай беларускай мовы і літаратуры З.К.Сакалоўскай разам з загадчыкам школьнага краязнаўчага музея Р.С.Махнач распрацаваны праект “Кола года беларуса”. Асноўная мэта праекта — стварыць неабходныя ўмовы для фарміравання ў выхаванцаў патрэбы ў далучэнні да традыцый беларускага народа і народнай культуры, прапаганда і папулярызацыя іх, выхаванне павагі да нацыянальнай спадчыны беларусаў, пачуцця нацыянальнага гонару і патрыятызму.

У выніку падрыхтоўкі да свята “Беларус гуляе” (у рамках праекта “Кола года беларуса”) выхаванцы пазнаёміліся з традыцыямі і абрадамі беларускага народа; побытам нашых продкаў; назвамі рэчаў з побыту беларусаў; мясцовымі традыцыямі і абрадамі; народнымі песнямі, святамі, гульнямі; паважным стаўленнем да нацыянальнай спадчыны ў сучасным грамадстве.
За час падрыхтоўкі мерапрыемства вучні авалодалі ўменнямі і навыкамі арганізацыі фальклорных свят, гульняў, забаў, адчулі патрэбу ў веданні традыцый і абрадаў беларускага народа. Пры правядзенні мерапрыемства была арганізавана спеўная, музычная, народна-абрадавая, танцавальная, а таксама тэатральная дзейнасць. Фальклорная спадчына — гэта яшчэ і актыўны дыялог з прыродай, скіраваны на тое, каб заручыцца яе спагадай і падтрымкай, і адначасова святое яе ўшанаванне.
Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнявой забаўляльнай праграме. Яны ладзілі карагоды, вясёлыя гульні і забавы, і такім чынам усведамлялі, як праходзілі абрадавыя святы ў нашых продкаў, далучаліся да багатай спадчыны свайго народа, да роднай мовы, да меладычных і прыгожых беларускіх песень. Звонкі смех, усмешкі на тварах, захапленне гульнёй і варажбой — успамін аб такім баўленні часу, можна не сумнявацца, застанецца ў памяці вучняў надоўга, таму што фальклорная творчасць — гэта магія чароўнага слова, з дапамогай якога ўшаноўвалі памяць аб продках, клапаціліся аб захаванні сябе і свайго роду, аб паляпшэнні дабрабыту.

Ганна ПАДГАЙСКАЯ,
намеснік дырэктара Трабскай сярэдняй школы,
Іўеўскі раён.