Калі гаварыць пра адносіны ў звязцы “сям’і’я — школа”, то часам яны даволі супярэчлівыя. Педагогі чакаюць ад бацькоў падтрымкі і дапамогі, а ў вачах бацькоў чытаецца выразнае: а можна як-небудзь без нас? А калі ты працуеш у невялікай вясковай школе, усё і складаней, і прасцей адначасова… Менавіта так разважае Галіна Іосіфаўна Галавенка, настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 8 класа Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Запоўніць анкету
У яе класе ўсяго шэсць вучняў, і ўсе яны маюць сярэдні бал вышэйшы за восем, а таксама ўзнагароды і дыпломы пераможцаў раённых і абласных конкурсаў і алімпіяд. Увесь сакрэт у строгім планаванні работы з кожнай сям’ёй навучэнца, бо, як лічыць Галіна Іосіфаўна, немагчыма дабіцца высокіх вынікаў, калі родныя не матывуюць дзіця на старанную вучобу.
З самага пачатку работы з класам Галіна Іосіфаўна ставіла для сябе задачу: пазнаёміцца з асяроддзем дзяцей і стварыць аптымальныя ўмовы для канструктыўнага ўзаемадзеяння з іх бацькамі.
— Мы адразу дамовіліся, што будзем вырашаць усе пытанні разам, не крыўдзіцца адно на аднаго за спінай, а размаўляць. Я спакойна стаўлюся да крытыкі, выслухоўваю заўвагі і парады і гэткага ж чакаю ад дарослых людзей, з якімі маю зносіны, — расказвае Галіна Іосіфаўна.
Па яе меркаванні, ва ўменні планаваць будучы вынік, рэгуляваць працэс выхавання і заключаецца поспех дзейнасці педагагічнага работніка. У рабоце ёй вельмі дапамагаюць сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная службы, што рэгулярна праводзяць анкетаванні і апытанні навучэнцаў і бацькоў. Дзякуючы гэтаму, настаўнікі маюць магчымасць карэкціраваць выхаваўчы працэс у адпаведнасці з патрэбамі школьнікаў.
— Бацькі шчыра адказваюць на пытанні анкет, напрыклад, пра тое, якія формы работы ў шосты школьны дзень ім здаюцца найбольш падыходзячымі. Як правіла, яны з радасцю прыходзяць разам з дзецьмі на спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі, паходы. Пры гэтым не любяць інтэлектуальныя спаборніцтвы і работу за камп’ютарам. Мы ўлічваем іх інтарэсы і пажаданні пры арганізацыі шостага школьнага дня.
Анкет, якія запаўняюць бацькі, некалькі, асобныя бланкі раздаюцца дзецям, а вынікі параўноўваюцца.
— У нас няма стаўкі школьнага псіхолага, таму ўсе апытанні для нас, як і для многіх іншых школ раёна, складае сацыяльна-педагагічны цэнтр Мастоўскага раёна. Адтуль жа мы запрашаем псіхолага, каб лепш разабрацца ў адносінах у сям’і дзіцяці, калі ўзнікае такая патрэба, — расказвае Галіна Іосіфаўна.
Завітаць у клуб
Добрым прыкладам інтэграцыі намаганняў школы і сям’і ў рэалізацыі выхаваўчага працэсу Галіна Іосіфаўна лічыць бацькоўскі клуб. У школе, дзе яна працуе, іх ажно чатыры: лекторый “Бацькоўскі ўніверсітэт”, “Маладая сям’я”, “Лабірынт” (для бацькоў дзяцей, схільных да дэвіянтных паводзін), “Надзея” (для няпоўных сем’яў).
Паказваюць сваю эфектыўнасць такія формы работы з сям’ёй: канферэнцыі, ток-шоу, круглыя сталы, трэнінгі, сямейныя гасцёўні, бацькоўскія рынгі і тэматычныя кансультацыі.
— Сустрэчы клубаў праходзяць за гарбатай, у цёплай дружалюбнай атмасферы. Тэматыка пасяджэнняў: “Школа маладых мам”, “Стылі сямейнага выхавання”, “Умей дараваць”, “Дрэнных дзяцей не бывае”, “Гэты цяжкі падлеткавы ўзрост”, “Асаблівасці самапавагі”. Вопыт арганізацыі дзейнасці бацькоўскіх клубаў у нашай школе паказвае, што такая форма работы дазваляе ўстанавіць партнёрскія, зацікаўленыя адносіны педагогаў і бацькоў, абуджае інтарэс дарослых да атрымання больш глыбокіх псіхолага-педагагічных ведаў. Як класны кіраўнік, нераўнадушны чалавек, я магу паўдзельнічаць у любым пасяджэнні клуба. На шчасце, вострай неабходнасці ў гэтым няма: у маім класе ўсе сем’і поўныя, усе на добрым рахунку. Затое з шасці сямей ажно тры мнагадзетныя. А гэта азначае, што ў бацькоў не заўсёды хапае часу на заняткі з дзецьмі. Нават па тым, як выканана дамашняе заданне, я заўсёды магу сказаць, хто рабіў з дзіцем урокі — мама, тата ці бабуля, — дзеліцца Галіна Іосіфаўна.

Яна з радасцю адзначае, што з цягам часу бацькі сталі больш цікавіцца выхаваўчым працэсам і псіхолага-педагагічнай асветай. Хаця спачатку шчырай зацікаўленасці з іх боку не адчувалася.
— Я заўсёды заклікаю бацькоў чытаць спецыяльную літаратуру, каб лепш разумець не толькі сваё дзіця, але і саміх сябе. Але можна пачынаць з простага — разам з дзецьмі чытаць і абмяркоўваць мастацкія тэксты. Гэта вельмі спрыяе сямейным адносінам, бацькі і дзеці вучацца размаўляць на адной мове, — працягвае думку Галіна Іосіфаўна. — Напрыклад, з апошняга: мае навучэнцы разам з бацькамі вывучалі творы “Знак бяды” Васіля Быкава і “Гранатавы бранзалет” Аляксандра Купрына. Многія раней нават не ведалі аб існаванні такіх аповесцей, затое колькі цікавых тэм для абмеркавання ў іх знайшлі: каханне, выбар, сям’я…
Адыходзіць ад ролі пасіўных назіральнікаў
Важным аспектам супрацоўніцтва школы і сям’і з’яўляецца актыўная пазіцыя бацькоў, іх жаданне ўключыцца ў жыццё школы.
— Таму я лічу неабходным добра азнаёміць мам і татаў з напрамкамі работы ўстановы адукацыі, яе зместам, асаблівасцямі і дасягненнямі: пералікам адукацыйных праграм, дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый, факультатыўных заняткаў, — адзначае педагог. — Бацькі маіх вучняў — вясковыя людзі, якія адно аднаго добра ведаюць. Для іх няма праблемы выйсці на сцэну, выступіць, спець, станцаваць. Яны з радасцю прыходзяць на сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія арганізуюцца ў школе, выязджаюць у паходы. Каб зацікавіць іх атрыманнем педагагічных ведаў, выкарыстоўваю нетрадыцыйныя формы арганізацыі бацькоўскіх сходаў, напрыклад, дыскусійныя рынгі, дзе суддзямі выступаюць дзеці. Часта мы ўсе разам — бацькі, дзеці, я — робім карысныя справы: наведваем хворага сябра, адзінокіх людзей састарэлага ўзросту, збіраем сродкі на дабрачынныя мэты. Фарміраванне гэтых добрых традыцый — залог шчаслівай дружнай сям’і, у якой не застаецца месца шкодным звычкам і непаразуменню, адчужанасці і азлобленасці, дзе пануюць лад і згода.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Г.І.Галавенка.





