Цікава, карысна, перспектыўна

- 11:30Прафсаюзны лідар, Суразмоўца, Суразмоўца

Нядаўна ў Баранавіцкай прафсаюзнай арганізацыі пачаў работу Маладзёжны савет, а разам з ім і школа “Маладзёжны лідар”. Мэта ініцыятывы — аб’яднаць пачынаючых спецыялістаў сферы адукацыі і навукі Баранавіцкага раёна і зрабіць іх жыццё больш яркім.

Адным з удзельнікаў і арганізатараў ініцыятывы стаў Яўген Казмерчык — прафсаюзны лідар і педагог мясцовага ліцэя № 1. Аб рабоце Мала­дзёжнага савета і сваім месцы ў прафсаюзе актывіст расказаў нашай газеце.

Яўген Вітальевіч родам з Баранавіч. Дух актывіста сфарміраваўся ў ім яшчэ падчас вучобы ў баранавіцкім ліцэі № 1. Паступленне ў гэтую ўстанову адукацыі стала для будучага педагога адным з яркіх і вызначальных. Там ён зразумеў, што хоча працаваць у педагагічнай сферы. На фарміраванне гэтага жадання паўплывалі і педагогі: асабліва па біялогіі і хіміі. Іх стойкасць і нацэленасць на высокі вынік, на дасягненне поспеху сталі для Яўгена Вітальевіча натхняльнымі. Яны паказалі найважнейшыя прыклады: як мець зносіны з дзецьмі, як знаходзіць да іх падыход і матываваць на вучобу.

Потым Яўген Вітальевіч паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Выбраў яго зыходзячы з вынікаў тэсціравання і ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Ужо на 1 курсе студэнт уступіў у прафсаюзную арганізацыю факультэта і паступова стаў усё больш і больш актыўна прымаць ­удзел у жыцці ўніверсітэта. Так і прайшло студэнцтва: у мерапрыемствах, праектах, дабрачынных і адукацыйных акцыях, конкурсах і карысных ініцыятывах.

Пасля выпуску з БДПУ імя Максіма Танка пачаў працаваць па размеркаванні ў бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Мінскага раёна. Два гады прайшлі насычана і прадукцыйна, Яўген Віталь­евіч атрымаў вопыт работы з дзецьмі і зразумеў, як трэба, а як — не. А потым малады спецыяліст вярнуўся ў родныя Баранавічы ў любімы першы ліцэй, дзе другі год працягвае развівацца як выкладчык біялогіі і актыўны дзеяч праф­саюзнай арганізацыі.

Люблю сваю прафесію і прадмет, які выкладаю, не толькі за тое, што даю веды дзецям, але і за тое, што магу развіць іх лепшыя якасці, пашы­рыць іх светаразуменне, — прызнаецца Яўген Віталье­віч. — Дзякуючы біялогіі, дзеці пазнаюць сябе і ўсё, што іх акружае.

Чытайце матэрыял Соф’і Цыкуновай у нумары ад 10 лютага 2023 года.