Настаўнікам працоўнага навучання ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы Сяргей Уладзіміравіч Чаберкус працуе 34-ы год. І гэта той наглядны прыклад, калі паміж работай і хобі можна смела ставіць знак роўнасці.

Аднойчы яго вучань, а іх у настаўніка ўжо сотні, які стаў высакакласным майстрам будаўнічай справы, перадаў настаўніку прывітанне і ўдзячнасць ад свайго кіраўніка — той даведаўся, што ў яго падначаленага быў такі цудоўны настаўнік. Для Сяргея Чаберкуса гэта і ёсць самая высокая ацэнка яго працы. Хаця, вядома, яго заслугі адзначаюць і дыпломамі, і граматамі. Сярод дарагіх сэрцу настаўніцкіх рэліквій і стос вучнёўскіх пісьмаў амаль саракагадовай даўнасці. Толькі чалавек, бясконца ўлюбёны ў сваю прафесію, можа дзесяцігоддзямі захоўваць такі скарб.
Усяго два з паловай месяцы пасля заканчэння Аршанскага педагагічнага вучылішча (цяпер — каледж) адпрацаваў малады настаўнік у Хляўнянскай сярэдняй школе Кармянскага раёна, што на Гомельшчыне, а ў памяці той перыяд застаўся на ўсё жыццё. “Калі мяне прызначылі класным кіраўніком у 9 “Б”, па ўзросце я ўсяго на тры-чатыры гады быў старэйшы за сваіх вучняў, — прыгадвае Сяргей Чаберкус. — Мы адразу знайшлі агульную мову з дзецьмі. На той час я амаль прафесійна займаўся фатаграфіяй, што па тым часе ў вёсцы было рэдкасцю. Зацікавіў гэтым і школьнікаў. Калі праз два з паловай месяцы мяне прызвалі ў армію, то з усіх маіх саслужыўцаў больш за мяне пісьмаў не атрымліваў, мабыць, ніхто. У сваіх лістах дзеці шчыра мне дакладвалі пра школьнае жыццё: хто атрымлівае добрыя адзнакі, хто не слухаецца, каго крыўдзяць, пісалі і пра хатнія, вясковыя справы. На ўсе пісьмы я стараўся адказваць, падтрымліваць і быць для дзяцей старэйшым братамˮ.
Са сваёй будучай жонкай Наталляй Юр’еўнай настаўнік пазнаёміўся яшчэ ў педвучылішчы. Яе пісьмы таксама рэгулярна прыходзілі ў армію старшаму сяржанту, які служыў у ракетных войсках. Пасля службы Сяргей Чаберкус паступіў у політэхнічны інстытут (зараз — БНТУ) на інжынера-выкладчыка машынабудаўнічых дысцыплін. Вучобу ўдала спалучаў з прафесійнай і грамадскай нагрузкай. Пасля заканчэння інстытута разам з жонкай і двума сынамі па размеркаванні прыехаў працаваць на Уздзеншчыну.
Пачынаў працаваць настаўнікам чарчэння ў сярэдняй школы № 2. У школьнай майстэрні ў той час гаспадарыў прафесіянал сваёй справы Мікалай Міхайлавіч Чыкун. Пазней, будучы ўжо на заслужаным адпачынку, ён не раз прызнаваўся з гордасцю, што смела пакінуў сваю любімую справу на такога спецыяліста, як С.У.Чаберкус. З таго часу і сталі вотчынай Сяргея Уладзіміравіча сталярная і слясарная майстэрні, а любімым прафесійным словам — “зробім”.
Атрымаць выдатную адзнаку на яго ўроках не так і проста. “Толькі па заслугах, ведах і ўменні” — тут настаўнік бескампрамісны. Бывала, што тры гады “ехаў” у яго вучань на двойках і толькі бліжэй да 8 класа выходзіў на васьмёркі і дзявяткі. Увогуле ж, юнакі, якія прайшлі школу Чаберкуса, могуць адрамантаваць плот і мэблю, зрабіць услончык і швабру, упэўнена трымаюць у руках слясарны інструмент і ўпраўляюцца са станком.
— Няздольных вучняў не бывае, — упэўнены настаўнік вышэйшай катэгорыі. — Патрэбен толькі час, каб зразумець прадмет, засвоіць веды і набіць руку. Асноўнае, як і ў любой іншай справе, — жаданне і стараннасць. Потым вучань сам пераконваецца, што муштрую я яго не дзеля адзнакі, — усе гэтыя навыкі спатрэбяцца ў жыцці кожнаму.
Гордасцю настаўніка з’яўляюцца і пераможцы прадметных алімпіяд. Асабліва важная тут пераемнасць пакаленняў, лічыць настаўнік. “Хлопчык павінен быць каля бацькі, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Выдатна, калі той жа зэдлік ці шпакоўню сын майструе разам з татам, а калі яшчэ і ў дзеда ёсць свая “сталярка” — атрымаецца гатовы алімпіяднікˮ.
Без гумару і трапнага слова з дзецьмі ніяк — на ўрок яны ідуць не толькі па прадметныя веды, але і па жыццёвыя навыкі. Гэтага ў С.У.Чаберкуса не адняць. Свой дом ён будаваў уласнымі рукамі. Сад садзіў — таксама. Такімі ж рукастымі, у бацьку, выраслі і два сыны, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і адкрылі ўласную справу.
— Навыкі будаўніка закладзены ў кожным хлопчыку ад нараджэння, — разважае настаўнік. — Спачатку мы складваем пірамідкі, малюем домікі на карцінках, любім круціць гайкі, гуляць з малатком і г.д. І цяпер, калі што трэба, — рукавы закасаў, інструкцыю паглядзеў і наперад.
У Сяргея Уладзіміравіча Чаберкуса ёсць журнал усіх (!) яго вучняў. Таму, калі, напрыклад, на ўрок да яго прыходзіць пяцікласнік і кажа: “Вы вучылі майго тату”, педагог можа нават паказаць адзнакі, якія той атрымліваў калісьці. Гэта таксама своеасаблівы стымул для сённяшняга школьніка.
Не шкадавалі хлопцы кампліментаў у адрас свайго настаўніка: добры, жартаўнік, бывае строгі, разумее нас. Сваіх водзываў дабавілі і калегі: “Працавіты і настойлівы, дзе трэба — строгі, па характары — дабрадушны. Вельмі творчы чалавек. Многіх ён тут выводзіў у людзі, аздабляў сваімі рукамі і фантазіяй розныя вучнёўскія і настаўніцкія праекты. Умее арганізаваць дзяцей. Ёсць за што паважаць. Адным словам, Чаберкус”.
Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ.





