Экзамен на мастака

- 8:07Культура

У творчым багажы гэтага рэжысёра і акцёра — дзясяткі карцін, тэлесерыялаў, пастаўленых п’ес і сыграных роляў. Народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў нарадзіўся ў Расіі, але па волі лёсу па гэты дзень радуе сваіх паклоннікаў у Сінявокай. Ён мастацкі кіраўнік сталічнага Тэатра­студыі кінаакцёра, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Разумнае, добрае, вечнае

“Наш чалавек у Сан-Рэма”, “Павадыр”, “Дунечка”, “Рыфмуецца з любоўю”, “Снайпер. Зброя адплаты” і іншыя знятыя ім фільмы запомніліся. На рабочым стале ў кабінеце мэтра ў дзень нашай размовы мне кінулася ў вочы кніга пра выдатнага харэографа Валянціна Елізар’ева. Падумалася: вядома, два мастакі такога маштабу, якія жывуць у адным горадзе, добра знаёмы і, напэўна, сімпатызуюць адзін аднаму…

—  Аляксандр Васільевіч, не без гордасці адзначу, што ў мяне таксама ёсць такая кніга.

— Таксама з дароўным надпісам?

— Так.

— Валянцін Мікалаевіч — чалавек вялікага таленту і асоба вельмі вялікага маштабу…

Дык пра што будзем гава­рыць?

— Пра разумнае, добрае, вечнае, што вы ўжо столькі гадоў, карыстаючыся словамі паэта, сееце з экрана і са сцэны. Дарэчы, адзін з вашых першых фільмаў называўся “Экзамен на дырэктара”. На ваш погляд, узнятая ў ім тэма актуальная?

— Лічу, так. Галоўную ролю ў фільме сыграў вельмі таленавіты Сяргей Шкалікаў, які потым здымаўся ў мяне яшчэ ў карціне “Наш чалавек у Сан-Рэма” і да таго ж пісаў нядрэнныя вершы. На жаль, ён недаравальна рана пайшоў з жыцця. Але зараз па яго слядах, наколькі мне вядома, пайшоў сын Сямён, які служыць у маскоўскім тэатры “Ленкам” і нярэдка здымаецца ў кіно.

Што тычыцца карціны “Экзамен на дырэктара”, мы паспрабавалі ў ёй расказаць аб праблемах сучаснай нам школы і адказаць на пэўныя пытанні, якія лічылі важнымі і злаба­дзённымі. Спадзяюся, гэта нам удалося.

— Чытаў, помніцца, во­дзыў, дзе вашу карціну параўноўвалі са знакавымі “Дажывём да панядзелка” Растоцкага, “Раскладам на паслязаўтра” Дабралюбава і “Дзённікам дырэктара школы” Фруміна…

— У савецкі час выйшла нямала вельмі моцных фільмаў пра школьнае жыццё. А “Дажывём да панядзелка” Растоцкага будуць глядзець, упэўнены, і ўнукі нашых унукаў. Сёння такога ўзроўню карцін амаль не здымаюць.

Армейскі вопыт і зорны УДІК

— Армейская служба адыграла важную ролю ў вашым жыцці?

— Я служыў у ракетных вой­сках. Апошнія паўгода, калі перад дэмабілізацыяй з’явілася больш вольнага часу, начамі пісаў апавяданні, вершы, казкі, нават апо­весць. Паслаў іх у прыёмную камісію УДІКа. А ўжо дома атрымаў запрашэнне — мяне дапусцілі да творчага конкурсу.

— І пры вялікім наплыве абітурыентаў вам удалося паступіць на рэжысёрскі факультэт…

— Калі я паступаў, конкурс быў сапраўды вельмі вялікі, а бралі нас ад Расіі толькі пяць чалавек. І я трапіў у майстэрню Аляксандра Столпера, народнага артыста СССР, адной з апошніх работ якога была самая вядомая экранізацыя рамана Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя”.

— Вы, па натуры перфекцыяніст, напэўна, вельмі старанна ставіліся да вучобы?

— Я скончыў УДІК з адзнакай, а падчас вучобы першым атрымаў стыпендыю імя Васіля Шукшына.

— Студэнты Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі ў тыя часы, прынамсі, лічыліся эрудытамі, атрымлівалі сур’ёзную гуманітарную адукацыю, ледзь не ў абавязковым парадку наведвалі музеі, выставы, знакавыя спектаклі ў прэ­стыжных тэатрах. І ўсё ж ярка заявіць пра сябе ў кіно ўдалося потым зусім нямногім з вашых аднакашнікаў…

— З кожнай майстэрні ў прафесіі, як правіла, заставаўся адзін, максімум два чалавекі. Паралельна са мной, напрыклад, вучыўся Карэн Шахназараў, які трапіў годам раней да Ігара Таланкіна, мой сябар Саша Панкратаў-Чорны спадабаўся Яфіму Дзігану. У Міхаіла Рома ў той час былі два выдатныя вучні — Мікіта Міхалкоў і Вадзік Абдрашытаў.

Акцёрскія майстэрні — прыкладна той жа вынік. З тых, з кім вучыўся, з радасцю ўспамінаю сваіх сябровак, вучаніцу Сяргея Бандарчука Наташу Андрэйчанка, выхаванку Сяргея Герасімава Ларысу Удавічэнка.

— У Беларускай акадэміі мастацтваў вы ўзначальвалі майстэрню рэжысёраў мастацкага кіно. Кімсь­ці са сваіх выхаванцаў ганарыцеся?

— Мы набіралі майстэрню разам з Туравым, калі Віктар Цімафеевіч ужо быў сур’ёзна хворы. А праз год ён сышоў у веч­насць, я адзін выпускаў студэнтаў. Так што, лічу, з поўным правам магу назваць сваімі вучнямі Андрэя Кудзіненку і Аляксандра Колбышава. 

Саша, які зняў вельмі моц­ную карціну “Ваўкі” і сам шмат здымаўся ў кіно, на жаль, рана пайшоў з жыцця. У Андрэя ў актыве таксама ёсць яркія работы, тая ж “Масакра”, напрыклад.

Разумець дзяцей

— Аляксандр Васільевіч, мы ўсе, цытуючы Пушкіна, “вучыліся патроху чаму-небудзь і як-небудзь”. Чаму зараз вучыцца ваша любімая ўнучка Любава?

— Ёй хутка будзе восем, і вучыцца яна, акрамя школы, шмат чаму. Напрыклад, ужо вельмі нядрэнна малюе. Там на акне, бачыце, стаяць яе карціны, якімі я любуюся. Асабліва той, дзе адлюстраванне ў рэчцы, — паглядзіце, як дакладна ёй удалося намаляваць хвалістымі лініямі рабізну на вадзе… Яшчэ Любава займаецца музыкай, танцуе. Добрая дзяўчынка. А хто з яе вырасце, паглядзім.

— Вы ў дзяцінстве, ведаю, былі заўзятым кнігалюбам. А сучасныя дзеці, здаецца, спяць з дэвайсамі, замест добрых фільмаў глядзяць нізкапробныя серыялы і пагалоўна слухаюць рускі рэп. Ці не лічыце іх страчаным пакаленнем?

— Вядома ж, не. Гэта проста фігура маўлення пра страчанае пакаленне. Клапаціцца пра тое, каб дзеці раслі разумнымі, начытанымі, патрыётамі сваёй краіны, абавязаны ў першую чаргу бацькі. Ну і школа, бясспрэчна. А галоўнае, усім нам трэба вучыцца разумець дзяцей і каб яны імкнуліся і хацелі разумець нас.

Уладзімір ПІСАРАЎ.