Пётр КУХАРЧЫК: “Моладзь хоча добры заробак тут і цяпер, а не калі-небудзь потым”

- 10:37Погляд
З сённяшнім госцем “Абітурыента” — рэктарам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктарам тэхнічных навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі П.Д.КУХАРЧЫКАМ — мы абмяркоўваем вынікі сёлетняга прыёму ва ўніверсітэт, тэндэнцыі апошніх гадоў і прычыны непапулярнасці педагагічнай прафесіі.

— Пётр Дзмітрыевіч, аналізуючы вынікі ўступнай кампаніі ў БДПУ імя Максіма Танка, мы не можам абысці надзённае пытанне аб недаборы на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю. Увогуле гэтая праблема не новая, але наколькі сітуацыя пагоршылася (ці наадварот) у параўнанні з апошнімі гадамі?
— На жаль, падчас уступнай кампаніі 2013 года спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю ў БДПУ не карысталіся попытам сярод абітурыентаў.
Усяго на тры спецыяльнасці — “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка і інфарматыка”, “Фізіка і тэхнічная творчасць” — недабор склаў 120 чалавек. Для параўнання магу паведаміць, што ў мінулым годзе на гэтыя ж спецыяльнасці мы недабралі 48 чалавек. Такім чынам, заўважна тэндэнцыя зніжэння цікавасці выпускнікоў школы да педагагічных спецыяльнасцей фізіка-матэматычнага профілю.
У адным толькі Мінску 7 ВНУ, якія прымаюць абітурыентаў паводле іспытаў па матэматыцы і фізіцы: наш універсітэт, БДУ, БНТУ, БДУІР, БДТУ, МДЭУ імя А.Д.Сахарава і БДАТУ. Дзеці, арыентаваныя на гэтыя профільныя прадметы, выбіраюць паміж пафесіяй педагога і праграміста, інжынера. І, калі заробак ІТ-спецыяліста ў некалькі разоў адрозніваецца ад заробка настаўніка, як вы разумееце, выбар падае не на карысць педагогікі.
Чаму, напрыклад, з наборам на спецыяльнасці хімічнага, біялагічнага профіляў лепшая сітуацыя? Таму што менш ВНУ-канкурэнтаў, якія прымаюць сертыфікаты ЦТ па хіміі і біялогіі. Лепшых абітурыентаў, зразумела, набірае медыцынскі ўніверсітэт.
З другога боку, мы не можам параўноўваць сябе з рэгіянальнымі ВНУ, якія рыхтуюць педагогаў, — Віцебскім, Гродзенскім, Брэсцкім дзяржаўнымі ўніверсітэтамі. Яны набіраюць маленькія групы на бюджэт, мы ж плануем значна большы прыём. На спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка”, напрыклад, у нас быў план прыёму 115 чалавек, а на фізічныя спецыяльнасці — 85, згодна з запытамі заказчыкаў кадраў.
Не варта забываць, што ў гэтым годзе быў павялічаны прахадны парог на цэнтралізаваным тэсціраванні, што, безумоўна, таксама аказала ўплыў на вынікі прыёмнай кампаніі.

— Якую менавіта ролю, на ваш погляд, адыграла павышэнне мінімальнага станоўчага бала ЦТ пры залічэнні ва ўніверсітэт?
— Па звестках Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, мінімальны парог тэставага бала па матэматыцы не пераадолелі 32,7 працэнта ўдзельнікаў тэсціравання, а па фізіцы — 37 працэнтаў. Гэты факт аўтаматычна знізіў агульны конкурс на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю ва ўсіх ВНУ — у цэлым па краіне, у Мінску.
З-за зніжэння агульнага конкурсу ва ўніверсітэтах многія абітурыенты (асабліва гэта тычыцца юнакоў), якія разглядалі БДПУ імя Максіма Танка ў якасці месца вучобы, у апошні момант змянілі свой выбар на БНТУ, БДУІР і іншыя ВНУ, дзе патрабуюцца сертыфікаты па фізіцы і матэматыцы.
З другога боку, павышэнне парога тэставага бала дазволіла “адсеяць” тых абітурыентаў, якія маюць слабую падрыхтоўку па прадметах і няздольны асвоіць праграму ўніверсітэта. Будзем спадзявацца, што ў гэтым навучальным годзе мы адлічым менш першакурснікаў за непаспяховасць.
Я цалкам падтрымліваю тое, што мінімальны станоўчы бал цэнтралізаванага тэсціравання быў павышаны. Дарэчы, гэта была адна з нашых прапаноў дзяржкамісіі ў мінулыя гады. Я прытрымліваюся меркавання і неаднойчы яго агучваў, што лепш менш настаўнікаў, але лепшых і матываваных.

— Наколькі ўніверсітэт выканаў план прыёму на платную форму?
— Фактычна ўсе, хто меў адпаведны бал і жаданне вучыцца за кошт уласных сродкаў, былі залічаны.

— На думку дзяржкамісіі, заяўленыя кантрольныя лічбы прыёму на бюджэт далёка не заўсёды адпавядаюць рэальным патрэбам рынку працы. Больш яны гавораць пра патэнцыял ВНУ — колькі студэнтаў універсітэт можа вучыць. Ці валодаеце вы інфармацыяй аб кадравай сітуацыі ў школах? Якой яна вам бачыцца праз некалькі гадоў?
— У гэтым годзе, паводле плана Міністэрства адукацыі, патрэба ў спецыялістах педагагічнага профілю склала 1596 чалавек. Мы ж сёлета змаглі накіраваць на работу толькі 796 выпускнікоў. Сярод іх, дарэчы, 30 чалавек, якія вучыліся на пазабюджэце і пажадалі атрымаць першае працоўнае месца.
Адсюль можна зрабіць выснову, што запатрабаванасць настаўнікаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вельмі высокая. Асабліва гэта тычыцца настаўнікаў пачатковых класаў, фізікі, матэматыкі, хіміі. У найбліжэйшыя гады, думаю, карціна не зменіцца. Канечне, нас непакоіць сітуацыя з настаўнікамі фізікі і матэматыкі. Калі не будзе іх, то не будзе ні юрыстаў, ні эканамістаў, ні ўрачоў, ні праграмістаў. Зараз нашы студэнты фізіка-матэматычных спецыяльнасцей на апошніх курсах працуюць у школах, бо там не хапае педагогаў.
На мой погляд, адна з прычын сённяшняга дэфіцыту спецыялістаў у тым, што 5 — 7 гадоў назад прагноз быў складзены не дальнабачна. Не прадугледзелі дэмаграфічны ўсплёск. Спецыялістаў-дашкольнікаў, напрыклад, аддзелы адукацыі патрабавалі чалавек 25 — 30 у год. Зараз мы істотна павялічваем прыём на спецыяльнасці, звязаныя з дашкольнай, пачатковай адукацыяй. І абітурыенты ахвотна ідуць на “Дашкольную адукацыю”, а на “Пачатковую адукацыю” ёсць невялікі недабор.

— Як вы лічыце, Пётр Дзмітрыевіч, ці можна зацікавіць моладзь настаўніцкай прафесіяй у сённяшніх умовах? Што для гэтага можна зрабіць?
— Безумоўна, невысокая заработная плата настаўнікаў з’яўляецца адным з фактараў, які “адпужвае” абітурыентаў ад педагагічных спецыяльнасцей. Асабліва складана маладым спецыялістам, і дзеці гэта ведаюць. Якой бы ні была цікавай, сацыяльна значнай і напоўненай сэнсам прафесія педагога, без матэрыяльнай падтрымкі цікавасць да педагагічнай дзейнасці хутка знікне. Гэта асаблівасць нашай моладзі: яна хоча добры заробак тут і цяпер, а не калі-небудзь потым.
Паказальны прыклад рэформ, праведзеных у Маскве. У 2010 годзе сярэдні заробак настаўнікаў у расійскай сталіцы складаў каля тысячы долараў, а ў 2013 годзе — ужо ў два разы больш, прычым ён вышэйшы, чым сярэдняя заработная плата па рэгіёне. Таму ў Маскве няма праблем з наборам у педагагічныя ВНУ і, адпаведна, недахопу настаўнікаў. Таму я бачу адно выйсце і ў нас: павысіць заработную плату педагогам і стыпендыі студэнтам педагагічных спецыяльнасцей.
Універсітэт са свайго боку падтрымлівае студэнтаў, якія яго выбіраюць. Напрыклад, у БДПУ, як вы ведаеце, усім іншагароднім першакурснікам дзённага аддзялення, незалежна ад формы атрымання адукацыі, прадастаўляецца месца ў інтэрнаце. Гэта ва ўмовах сучасных праблем з жыллём істотны плюс.

— Як вы ацэньваеце якасны склад першакурснікаў БДПУ гэтага года?
— З 24 спецыяльнасцей дзённай бюджэтнай формы навучання конкурс быў на 16 спецыяльнасцях і склаў ад 1,1 да 7,4 заявы на месца. Максімум быў на спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”.
Такім чынам, па большасці спецыяльнасцей нам было з каго выбіраць. І будзем спадзявацца, што мы адабралі дастойных абітурыентаў. Так, напрыклад, сярод нашых першакурснікаў ёсць маладыя людзі, якія мелі вельмі высокія балы. Гэта Ганна Нікіціна, студэнтка спецыяльнасці “Лагапедыя” — яна паступіла з балам 342. Аляксандра Адзінец, якая набрала 338 балаў, вучыцца на спецыяльнасці “Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія”.
Больш дакладна аб узроўні падрыхтаванасці тых, хто паступіў ва ўніверсітэт у гэтым годзе, можна будзе меркаваць па выніках зімовай сесіі.

— Якое ваша стаўленне да ідэі зрабіць вышэйшую адукацыю менш даступнай — натуральна, для непадрыхтаваных людзей ці не здольных асвойваць стандарты вышэйшай школы? Калісьці ж вучоба ва ўніверсітэце была доляй адораных, мэтанакіраваных людзей…
— Я падтрымліваю гэтую ідэю. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Беларусі на 8-9 мільёнаў насельніцтва на ўсіх формах навучання ў ВНУ было 60 тысяч студэнтаў. Зараз на 9,5 мільёна прыходзіцца 480 тысяч. Час, канечне, іншы. Але месцаў ва ўніверсітэтах, сапраўды, прапаноўваецца больш, чым трэба.

— Пётр Дзмітрыевіч, дзякуй за ваша меркаванне!

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.