Музычная гісторыя

- 10:09Культура

Добрым, а тым больш прафесійным музыкантам, як вядома, нават пры наяўнасці абсалютнага слыху не станеш, не атрымаўшы спецыяльнай адукацыі. Для гэтага ў краіне існуе нямала навучальных устаноў, адна з самых вядомых і прэстыжных з іх — Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Міхаіл Аляксандравіч Пазнікаў, дырэктар ГКМ імя І.В.Ахрэмчыка,
кандыдат педагагічных навук.

Навучэнцы і выпускнікі каледжа ўжо шмат гадоў праслаўляюць Беларусь на міжнародных конкурсах, іграюць у прэстыжных аркестрах, становяцца кампазітарамі, хормайстрамі і г.д. Словам, удасканальваюцца ў выбранай прафесіі і вучаць ёй іншых. Пра тое, скажам, што 11-гадовы навучэнец гімназіі Ілья Волкаў з кампазіцыяй “Спявай са мной” заняў 3-е месца на дзіцячым “Еўрабачанні”, саступіўшы толькі прадстаўніцы Мальты і ўкраінцы Соні Тарасавай, тут успамінаюць вельмі часта і ахвотна.

Як расказваюць яго педагогі, таленавіты і мэтанакіраваны хлопчык вучыўся на музычна-харавым аддзяленні, дзе ў абавязковым парадку вывучаюць вакал, фартэпіяна, дырыжорскія дысцыпліны. Быў вялікім працаўніком, у якога кожная хвіліна распісана, імкнуўся расці прафесійна. І дабіўся поспеху. Параўнальна нядаўна вучыўся ў гімназіі-каледжы і Дзяніс Ліннік, які не раз вызначаўся на прадстаўнічых форумах, а цяпер з’яўляецца піяністам і дае канцэрты ў многіх краінах.

У гімназіі-каледжы мастацтваў ганарацца многімі сваімі выхаванцамі. Таццяна Лявіцкая, напрыклад, у свой час выйграла 1-ю прэмію на Міжнародным конкурсе камерных ансамбляў у Швайнфурце (Германія), Сяргей Асташонак стаў лаўрэатам VII Міжнароднага конкурсу струнных квартэтаў імя Д.Д.Шастаковіча ў Расіі. Навучальную ўстанову заканчвалі дырэктар сталічнай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 9 Павел Андрончык, салістка аркестра ансамбля “Харошкі” Ульяна Гаўрылава, салістка Вялікага тэатра Беларусі Настасся Храпіцкая, кіраўнік дзіцячага хору і хору дзяўчат нядзельнай школы Свята-Елісавецінскага манастыра Мінска Марыя Марозава і многія іншыя музыканты.

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І.Цітовіча ўзначальвае выпускнік каледжа Максім Шапавалаў, намеснікам начальніка ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл з’яўляецца ваенны дырыжор падпалкоўнік Ігар Хлебус — пералічваць можна доўга. Але і тыя, для каго музыка па розных прычынах не стала “карміцелькай”, творчымі людзьмі застаюцца назаўсёды.

Піяніна і раяль

У навучальнай установе гэтых інструментаў шмат, больш за сто, яны — ва ўсіх рэпетыцыйных класах, дзе педагогі займаюцца са сваімі навучэнцамі індывідуальна.

Зазірнуўшы ў адзін з такіх класаў разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай Івановай, якая курыруе музычны кірунак, знаёмімся з маленькай, але вельмі стараннай піяністкай. Другакласніца Ксенія любіць фартэпіяна, як сама прастадушна прызналася, за тое, што яно “вельмі прыгожа гучыць”. 

— Мы прымаем адораных дзяцей у гімназію з 2 класа, — расказвае Алена Рыгораўна. — Навучанне вядзецца па двух напрамках: музычна-харавое і музычна-інструментальнае мастацтва. На першым вучацца тыя, хто ў далейшым бу­дзе займацца хорам, харавым дырыжыраваннем, па другім дзеці выбіраюць ігру на музычным інструменце: фартэпіяна, скрыпцы, віяланчэлі, цымбалах, габоі, флейце, фагоце, саксафоне, трамбоне або кларнеце. З 2 па 4 клас яны вучацца па паглыбленай праграме, а ў 5-ы (2-я ступень гімназіі) паступаюць, праходзячы ўступныя іспыты, дзе пішуць музычную дыктоўку і выконваюць праграму на выбраным інструменце.

Пасля 9 класа тыя, хто выбраў сваёй прафесіяй музыку, паступаюць на ступень каледжа і, правучыўшыся ў ім 3 гады, атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю з магчымасцю працаваць па атрыманым дыпломе. Тыя ж, хто ў сваім жыцці пакідае музыку як захапленне, заканч­ваюць 10—11 класы і атрымліваюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі.

Вельмі часта на вялікіх канцэртах можна ўбачыць і пачуць выдатныя творчыя калектывы гімназіі-каледжа мастацтваў: дзіцячы хор, цымбальны аркестр “Абярог”, камерны аркестр, духавы аркестр “Фанфары Нямігі”. Усе яны ўжо шмат гадоў носяць званне “Узорны”.

За гады навучання ў гімназіі-каледжы юныя музыканты ўдзельнічаюць у многіх канцэртах. Незалежна ад таго, маленькі ён, напрыклад, у музеі на адкрыцці выставы, або вялікі — у канцэртнай зале “Верхні горад”, Белдзяржфілармоніі, Вялікім тэатры, іх выкананне заўсёды высокамастацкае і прафесійнае. Для гэтага адбіраюць лепшых, і навучэнцы вельмі імкнуцца трапіць на выступленне.

Юныя музыканты прымаюць удзел у музычных конкурсах, якія прахо­дзяць у Беларусі і за мяжой. І не было такога, каб навучэнцы з “Ахрэмчыка” вярнуліся без прэстыжных узнагарод!

Грунтоўная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка дазваляе фактычна 100 працэнтам выпускнікоў каледжа пры жаданні паспяхова здаць уступныя экзамены не толькі ў Беларускую акадэмію музыкі. У Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі вучыцца Наталля Цурко (кантрабас), у Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава — Аркадзь Булгак (габой), Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных скончылі нядаўнія выпускніцы Настасся Яфімава (фартэпіяна), Эвеліна Юданава (харавое дырыжыраванне) і г.д.

Сямейная атмасфера

У гімназіі-кале­джы імя І.В.Ахрэмчыка ганарацца высокім узроўнем падрыхтоўкі навучэнцаў і педагагічным калектывам, які яго забяспечвае. Уявіце дыяпазон майстэрства выкладчыка па спецыяльным інструменце, які працаваў з другакласнікам, затым з пяцікласнікам, а напрыканцы з выпускніком! Дзіця прахо­дзіць навучанне ад 2 класа гімназіі да 3 курса каледжа пад патранатам аднаго педагога.

Музыкант — гэтак жа, як, напрыклад, балерына або спартсмен — павінен трэніравацца пастаянна і шмат. Таму педагогі і на канікулы, і на святы даюць дзецям заданне.

Прыйшоўшы вучыцца ў гімназію-каледж, дзеці трапляюць у створаную педагогамі і выхавальнікамі добразычлівую, можна сказаць, сямейную атмасферу. Кожным навучэнцам, яго душэўным станам цікавяцца, і гэта таксама немалаважна для дзіцяці, якое жыве ў інтэрнаце без бацькоў. Дарэчы, у спальных карпусах таксама ёсць інструменты, хаця любому, хто хоча пазаймацца дадаткова, дастаткова, не пераапранаючыся, па перахо­дзе трапіць у музычны корпус, дзе ўвесь трэці паверх — для самастойных заняткаў.

…Класы, у якіх дзеці займаюцца толькі музыкай, невялікія, у кожным з іх у абавязковым парадку ёсць піяніна, сталы, крэслы і, пры неабходнасці, іншыя інструменты. У тым, куды зазіраем мы з Аленай Рыгораўнай, у вертыкальным становішчы на спецыяльнай падлозе красуюцца, ззяючы лакіраваным дрэвам, з дзясятак віяланчэлей рознай велічыні.

Самую маленькую, аказваецца, называюць “чацвяртушкай”. Потым вучань, падрастаючы, бярэ ў рукі “палову”. У дарослага чалавека цэлы інструмент, а ёсць яшчэ ¾, паменшаная мадэль. Гэтак жа — і са смыкамі.

Інструмент пры неабходнасці дзеці могуць забраць дадому, каб пазаймацца дадаткова. Музыкант — гэтак жа, як, напрыклад, балерына або спартсмен — павінен трэніравацца пастаянна і шмат. Таму педагогі і на канікулы, і на святы даюць дзецям заданні. Вядома, дзіця стамляецца ад няпростай працы — асвой­ваць музычны інструмент, але адоранасць дзяцей і жаданне іграць, чуць музыку, якую яны самі ажыўляюць, дапамагае ім пераадольваць усе цяжкасці…

Уладзімір ПІСАРАЎ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.