Сяргей Рыко — адзіны ў сталіцы мужчына, які працуе загадчыкам дзіцячага сада. Чаму ён выбраў такую прафесію? Якія якасці характару дапамагаюць спраўляцца з абавязкамі?
У 2008 годзе, калі яшчэ быў студэнтам БДПУ імя Максіма Танка, Сяргей Рабертавіч прыйшоў у яслі-сад № 226 выхавальнікам.
— Памятаю, як спачатку здзіўляліся і бянтэжыліся мамы дзяцей, калі бачылі ў групе мужчыну-выхавальніка. Але не гэта было маёй мэтай, калі я выбіраў прафесію, у якой так мала мужчын. (Усміхаецца.) Мне было вельмі цікава працаваць з дзецьмі. Вось да цябе прыходзіць малыш з мінімальнымі навыкамі, а потым ты назіраеш, як ён развіваецца, авалодвае новымі ведамі. Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і твая заслуга, — адзначае Сяргей Рабертавіч.
Ён прызнаецца, што ніколі не працаваў у яслях, таму што дзеткі там зусім маленькія і ім камфортней з выхавальніцай жанчынай. А вось з дзецьмі ў старшых групах ужо можна і паразважаць, і падыскутаваць. Пры гэтым ён імкнуўся выхоўваць у дзецях лідарскія якасці, уменне ўзаемадзейнічаць у калектыве.
— У перыяд з 3 да 5 гадоў дзяцей неабходна навучыць дысцыпліне, растлумачыць, што добра, а што дрэнна ў паводзінах. Выхаванца, які правініўся, садзіў на стульчык і прасіў падумаць, што ён зрабіў не так. Здаралася, што малыш пачынаў расказваць пра іншыя ўчынкі, пра якія я і не ведаў. Галоўнае — дзіця аналізавала свае паводзіны. У старшай групе хапала часам аднаго позірку, відаць, вельмі красамоўнага, каб дашкольнікі мяне разумелі без слоў. Лічу, гэта найвышэйшы пілатаж у выхаванні, — разважае загадчык.
Педагог упэўнены, што выхоўваць у дзіцяці самастойнасць трэба змалку, каб яно магло заўсёды разлічваць на сябе. Неабходна вучыць даводзіць да лагічнага завяршэння пачатую справу, адстойваць свой пункт гледжання, каб не ісці на повадзе ў натоўпу, не баяцца паспрачацца з аўтарытэтным чалавекам. Сфарміраваць у дзяцей уменні ўзаемадзейнічаць у калектыве, ставіць сябе на месца іншага дапамагае працоўная дзейнасць. Напрыклад, увосень малыя прыбіралі лісце, у кожнай групе былі прызначаны кіраўнікі і падначаленыя. Потым яны мяняліся ролямі.
Сяргей Рабертавіч ведае, што такое расці ў няпоўнай сям’і. Сам прайшоў праз гэта. Яго бацька — кубінец Раберта Рыко, вярнуўся на радзіму, калі хлопчык быў зусім маленькі. Праўда, праз 30 гадоў бацька і сын сустрэліся на Кубе. А ў дзяцінстве побач быў дзядуля, які многаму навучыў. Суразмоўнік спадзяецца, што пераняў лепшыя рысы яго характару — адказнасць за даручаную справу, уменне падтрымліваць добрыя зносіны з людзьмі і не прымаць паспешлівых рашэнняў. І калі быў выхавальнікам, асаблівую ўвагу звяртаў на хлопчыкаў, якія таксама раслі без бацькі, стараўся быць для іх добрым прыкладам.
Ці сумуе ён па тым часе? Сяргей Рабертавіч адзначае:
— Успамінаю з цеплынёй, але чалавеку неабходна ўвесь час расці, імкнуцца да большага, ставіць новыя мэты, здзяйсняць мары. У пэўны момант я адчуў, што мне таксама трэба рухацца далей.
Я такі чалавек, якому важна бачыць вынікі сваёй працы. Галоўнае правіла, якога прытрымліваюся ў жыцці, — быць прыкладам для іншых і прыносіць карысць.
У 2012 годзе ён заняў пасаду намесніка загадчыка, а праз два гады ўзначаліў дашкольную ўстанову.
— Тая лавіна інфармацыі, пытанняў і клопатаў спачатку накрыла мяне з галавой. (Усміхаецца.) Абавязкаў шмат, спраўляюся з імі дзякуючы стрэсаўстойлівасці і высокай працаздольнасці, псіхалагічныя веды дапамагаюць будаваць зносіны з калегамі-жанчынамі і бацькамі выхаванцаў. Асаблівы момант — вядзенне дакументацыі. Яе шмат, і гэта патрабуе не толькі часу, але і разумення фінансавых пытанняў, нарматыўна-прававых актаў. Але ж, як любіў казаць мой дзядуля, не святыя гаршкі лепяць, — упэўнены Сяргей Рабертавіч.
Садок знаходзіцца ў прыватным сектары, у ціхім месцы. Будынку больш за 50 гадоў, таму час ад часу ўзнікае неабходнасць правядзення рамонтных работ — то столь трэба аднавіць, то каналізацыю адрамантаваць…
— Мне не сумна. Кожны год нейкая новая задача, якую неабходна вырашыць. Я расту, і пакуль яшчэ ёсць куды! — падкрэслівае Сяргей Рыко.
* * *
— Я педагог у трэцім пакаленні. Бабуля працавала дырэктарам школы ў Хоцімску Магілёўскай вобласці, дзядуля быў выкладчыкам прафесійна-тэхнічнага вучылішча і дырэктарам вучэбнага камбіната, маці — загадчыкам садка, дырэктарам дзіцячага прытулку і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Усе яны прывілі павагу да педагагічнай працы, навучылі самаадданасці і аказалі ўплыў на мой выбар прафесіі. За гэта я ім вельмі ўдзячны.
Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.