Такое пытанне можа ўзнікнуць пры наведванні некаторых устаноў прафесійнай адукацыі Міншчыны. Можа, узрост прыёму настолькі знізілі? Канечне, не! Малых у каледжы і ліцэі запрашаюць для знаёмства з прафесіямі. Вось такая вельмі ранняя прафарыентацыя.
Для прафарыентацыі ніколі не рана, перакананы ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Таму падчас тыдня прафесійнага майстэрства ў госці запрасілі дашкалят.
Безумоўна, у дашкольным узросце ў дзяцей яшчэ толькі ствараецца ўяўленне аб розных прафесіях. Калі першую сустрэчу з прафесіяй зрабіць станоўчай, эмацыянальнай, яркай, то менавіта такі вобраз прафесіі можа надоўга застацца ў памяці і паўплываць у далейшым на прафесійны выбар. А калі гэтая работа будзе ўмела працягнута ў школе, то з прафесійным вызначэннем увогуле праблем быць не павінна.
Сапраўднае пагружэнне ў прафесію заўсёды больш эмацыянальнае і ўздзейнічае на дзяцей мацней. Згадзіцеся, адна справа, калі дзіця “гуляе ў электрыка” з пластмасавымі цацкамі, і зусім іншая — “пакруціць” нешта на вялікім стэндзе і ўбачыць, як ад тваіх дзеянняў запальваюцца лямпачкі.
У Маладзечанскім каледжы сустрэчы з прафесіяй для малых ператвараюць у забаўляльнае свята і абавязкова даюць ім магчымасць адчуць сябе сапраўднымі работнікамі. Так, напрыклад, у “Падарожжа ў прафесію электрык” адправіліся выхаванцы дзіцячага сада — пачатковай школы № 15 Маладзечна і ясляў-сада № 7 Маладзечна. У каледжы малых сустрэлі клоўны, тыгр і вожык, якія загадвалі тэматычныя загадкі, танцавалі, ствараючы дружалюбную і вясёлую атмасферу. Дзеці глядзелі мультфільм “Кошчын дом” і спачувалі галоўнай гераіні, у якой згарэла жытло. Каб такая бяда больш не паўтарылася, вядучыя мерапрыемства параілі кошцы ўсталяваць у яе новым доме пажарныя апавяшчальнікі. Навучэнец Георгій Чарняўскі, будучы электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі, паказаў на стэндзе, як выглядаюць пажарныя і ахоўныя апавяшчальнікі, паведаміў аб прынцыпе іх работы.
Навучэнцы-электрыкі расказалі маленькім гасцям пра сваю прафесію, яе ролю ў жыцці грамадства і кожнага чалавека, прадэманстравалі спецвопратку і індывідуальныя сродкі абароны, паказалі наборы інструментаў і пазнаёмілі з іх прызначэннем. Малыя і самі ўзялі ў рукі індыкатарную адвёртку, ізастужку і пласкагубцы, а таксама даведаліся, для чаго яны выкарыстоўваюцца. Асабліва ім спадабалася прымяраць дыэлектрычныя рукавіцы, ізаляцыйныя боты і будаўнічыя каскі. А каб дзеткі ўявілі, як бяжыць электрычнасць па правадах, навучэнцы каледжа правялі для іх пальчыкавую гімнастыку “Ток бяжыць па правадах”.
Пра тое, навошта трэба эканоміць электраэнергію, расказаў электрык Артур Піскароў. Ён прадэманстраваў работу стэнда для вывучэння энергазберажэння, дзе кожны датчык дазваляе разумна выкарыстоўваць электрычнасць. Дзеткі з вялікай цікавасцю вывучалі стэнд і пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў самі кіравалі датчыкамі. На памяць аб сустрэчы малыя сваімі рукамі зрабілі кветкі з каляровага дроту.
Таксама дашкольнікаў пазнаёмілі з прафесіямі прадаўца, швачкі, маляра, тынкоўшчыка, сталяра, муляра, электрыка, кухара, афіцыянта, кандытара. А завяршыўся тыдзень прафесійнага майстэрства сумесным канцэртам навучэнцаў каледжа і выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, падчас якога гаспадары і госці абмяняліся памятнымі падарункамі, а выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі атрымалі дыпломы за паспяховае асваенне прафесій. Самае галоўнае, што ў малых засталіся добрыя ўспаміны аб прафесіях і аб каледжы.
Дар’я РЭВА.