Адукацыйны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які рэалізуецца ў школах краіны, накіраваны на павышэнне не толькі педагагічных, але і псіхалагічных кампетэнцый бацькоў. Падрабязнасцямі падзялілася педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Бялыніч Зоя САГІНА.
Маўклівая згода
У школе не толькі навучанне, але і ўзаемадзеянне настаўнікаў, псіхолага, сацыяльнага педагога з навучэнцамі стане больш эфектыўным, калі дзеці будуць адчуваць, што паміж імі і школай створаны дружалюбныя, партнёрскія адносіны. Не менш важна стварыць такую ж атмасферу ў адносінах з сям’ёй навучэнца.
“Безумоўна, сёння сувязным звяном паміж школай і сям’ёй з’яўляюцца спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, — разважае педагог-псіхолаг Зоя Сагіна. — Менавіта ад нашай работы залежыць, ці ўбачаць бацькі, што робіць школа для выхавання і навучання дзяцей. Упэўнена, што менавіта сям’я павінна быць першым і галоўным сябрам настаўнікаў у выхаванні дзяцей, а сумесныя намаганні педагогаў і бацькоў здольны стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця дзіцяці. Дарэчы, менавіта на дапамогу ў гэтай справе накіраваны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які ўжо амаль 3 гады рэалізуецца ў школах краіны. У праграме праекта распісаны тэмы, якія мы або звужаем, або пашыраем. Гэта залежыць ад таго, наколькі актуальнай праблема з’яўляецца менавіта для нашай установы адукацыі, для нашых навучэнцаў і іх бацькоў. Увогуле, праект накіраваны на тое, каб працаваць выключна з бацькамі. Але паколькі бацькі і дзеці — гэта цэласная сістэма, значыць, дзеці таксама маюць да яго дачыненне, бо калі мяняецца адзін член сям’і, змены адбываюцца і з іншымі”.
Мэта бацькоўскага ўніверсітэта — павышэнне педагагічнай і псіхалагічнай культуры дарослых, фарміраванне адказнага, пазітыўнага бацькоўства. Акрамя гэтага, праект накіраваны на тое, каб даць бацькам новыя веды і практычныя ўменні, якія тычацца як выхавання, так і ўзаемадзеяння з дзецьмі.
Увесь перыяд пераходнага ўзросту пабудаваны на максімалізме і жаданні самавыявіцца. У самапашкоджанні, ці шраміраванні, дзеці бачаць не небяспеку, а магчымасць адчуць моцныя эмоцыі, перажыванні.
“Універсітэт педагагічных ведаў для бацькоў павінен працаваць на ўстанаўленне кантактаў са школай, узаемадзеянне бацькоў і педагогаў у выхаванні, развіцці і сацыялізацыі дзіцяці, — тлумачыць асноўныя напрамкі дзейнасці праекта педагог-псіхолаг. — На большасці пасяджэнняў універсітэта павінен прысутнічаць псіхолаг, каб праводзіць заняткі. Так, падчас адной з апошніх сустрэч мы з бацькамі размаўлялі на адну вельмі важную тэму. Я расказвала дарослым, як падчас зносін з дзіцем правільна выкарыстоўваць “я-выказванне”, сутнасць якога ў тым, каб гаварыць малому аб сваіх пачуццях, а не вінаваціць дзіця, сцвярджаючы, што яно дрэннае, не прыбрала свой пакой. Замест звыклых абвінавачанняў будзе правільна сказаць сыну альбо дачцэ, што вы засмучаны, бо ў пакоі брудна. Карацей кажучы, я спрабую навучыць бацькоў тым навыкам, што дазволяць пабудаваць паміж усімі членамі сям’і лепшую камунікацыю. Атрымліваецца, што мэта праекта і нашага ўзаемадзеяння з дарослымі больш глабальная. Яна накіравана на стварэнне даверлівых і паважлівых адносін. Вострыя перыяды і крызісы заўсёды былі і будуць у жыцці кожнага навучэнца. Пераход у 5 клас, пераходны ўзрост, выбар далейшага жыццёвага шляху — гэта ўсё накладвае адбітак на сістэму зносін у сям’і. Таму стварыць камфортныя ўмовы для камунікацыі з дзіцем не проста важна, гэта неабходна. У праекце падрабязна распісана, па якіх тэмах трэба ў першую чаргу размаўляць з бацькамі. Зразумела, што для навучэнцаў пачатковых класаў актуальнай з’яўляецца адаптацыя ў школе, а для тых, хто вучыцца ў выпускных класах, — прафесійнае самавызначэнне. Што тычыцца тэм, на якія наша школа звяртала асаблівую ўвагу, то гэта ў першую чаргу гвалт у адносінах да дзяцей. Што хаваць, у навучальных установах ён заўсёды быў, прычым дзякуючы маўклівай згодзе дарослых. Але апошнім часам з’явіліся фактары, якія яшчэ больш спрыяюць росту праяў гвалту. У першую чаргу сюды адносяцца сацыяльныя сеткі. Часцей за ўсё ўдзельнікамі цкавання з’яўляюцца вучні 5—7 класаў. Але бацькі гэтых дзяцей часта не падазраюць аб тым, што такая праблема існуе. Дзеці таксама не абмяркоўваюць гэта з бацькамі, бо баяцца, што стане горш, калі дарослыя прыйдуць разбірацца ў школу.
Сучасныя бацькі часта шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце. Таму падчас пасяджэння ўніверсітэта мы разам спрабуем яе абмеркаваць і актуалізаваць, бо не заўсёды тое, што чытаюць мамы і таты, трэба ўспрымаць сур’ёзна. Напрыклад, калі разглядалі тэму суіцыдальнай рызыкі з бацькамі 7—8 класаў, мы вызначалі іх індыкатары, а таксама закранулі тэму дапамогі дзіцяці. Сем’ям, дзе растуць дзеці 13—14 гадоў, важна ведаць, на што звяртаць увагу ў дачыненні да дзіцяці, як і пра што размаўляць, калі выявіліся змены ў паводзінах”.
Сустрэчы бацькоўскага ўніверсітэта ў школе праводзяцца і ў анлайн-фармаце. Псіхолаг кажа, што такія формы ўзаемадзеяння з бацькамі вельмі зручныя і даюць магчымасць дарослым падключыцца да абмеркавання праблемы ў любы момант. Акрамя работы з мамамі і татамі, праект “Бацькоўскі ўніверсітэт” накіраваны на аказанне метадычнай дапамогі педагогам у падрыхтоўцы матэрыялу для сустрэч, бацькоўскіх сходаў і класных гадзін.
“Сёлета я правяла 14 сустрэч самастойна, а яшчэ былі 3 сумесныя, да іх далучыліся ўсе паралелі. Падчас іх мы абмеркавалі тэму “Уплыў сям’і на эмацыянальны стан дзіцяці”. Вялікую цікавасць у бацькоў выклікала тэма суіцыдальнай рызыкі, і гэта нядзіўна, — працягвае Зоя Сагіна. — Да яе абмеркавання далучыліся многія. Таксама мам і татаў хвалюе тое, як пабудаваць з дзецьмі больш эмацыянальныя, адкрытыя зносіны. Калі ўдасца ўстанавіць давер, гэта дазволіць заўважаць нават самыя дробязныя змены ў паводзінах непаўналетніх”.
Наталля САХНО.