У Оршы падвялі вынікі адкрытай Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2022 і ўзнагародзілі лепшых па відах спорту.
Запамінальнай для пераможцаў і прызёраў спартакіяды стала сустрэча на дыялогавай пляцоўцы ў канферэнцзале Лядовай арэны з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэем Іванцом, намеснікам міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алегам Андрэйчыкам, чэмпіёнам Алімпіяды-2008 у Пекіне Андрэем Багдановічам, старшынёй Беларускай федэрацыі валейбола Уладзімірам Вашчанкам і галоўным суддзёй спаборніцтваў бронзавым прызёрам Алімпіяды-2020 у Токіа Максімам Недасекавым. Характэрна, што ўсе эксперты маюць званне майстра спорту, прычым трое — міжнароднага класа. Адказваючы на пытанні моладзі, Андрэй Іванец адзначыў:
— Мяне заўсёды вучылі так: перамагае не самы моцны, як многія прывыклі думаць, а той, у каго наймацнейшае імкненне перамагчы. На буйных міжнародных спаборніцтвах звычайна 5—6 лідараў знаходзяцца па магчымасцях прыкладна на аднолькавым узроўні, аднак на найвышэйшую прыступку п’едэстала ўзнімаецца адзін. У кожнага бываюць і ўзлёты, і падзенні. Тым не менш ісці далей зможа толькі здольны ўстаць на адзін раз больш, чым упаў. Верце ў сябе і сваіх трэнераў, стаўце дастойныя мэты, не спыняйцеся на дасягнутым і ў першую чаргу штодня перамагайце сябе. Прыйдзе час, калі пераможаце і магутных сапернікаў.
— Я пачынаў як вы, а на сёння прабег больш за 50 марафонаў на розных спаборніцтвах, — звярнуўся да юнакоў і дзяўчат Алег Андрэйчык. — У маім відзе спорту для поспеху трэба 7—8 гадоў сур’ёзных трэніровак. Дзякуючы спорту, паглядзеў свет, набыў шмат сяброў. Нягледзячы на занятасць, знаходжу час, каб 5 разоў на тыдзень трэніравацца. Выкарыстоўвайце перавагі, якія вам дае спорт. Наша жыццё таксама марафон, гэта дысцыпліна, матывацыя, працавітасць, упартая барацьба са знешнімі і ўнутранымі перашкодамі, валоданне сабой, уменне размеркаваць і сілы па канкрэтнай дыстанцыі, і ўласны штодзённы графік.
Не ўсе вырастуць чэмпіёнамі, але дзеці адчуюць азарт спартыўнай барацьбы, вынік працы над сабой, зведаюць натхненнеперамогі — гэта галоўнае.
Андрэй ІВАНЕЦ.
Беларуская спартакіяда — пераемніца Усесаюзнай спартакіяды школьнікаў. У нашай краіне па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў 2006 годзе Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму аднавілі традыцыю штогадовага правядзення маштабных рэспубліканскіх дзіцячых спаборніцтваў. У гэтым годзе яны набылі адкрыты статус, што дазволіла далучыцца камандам з Расійскай Федэрацыі. Для правядзення спартакіяды ў гарадах і раёнах Віцебскай вобласці было задзейнічана 12 спартыўных аб’ектаў.
У барацьбу за перамогу ў фінале ўступілі звыш 3,3 тысячы навучэнцаў, сярод якіх 200 расіян па 9 відах спорту (занялі 1-е месца па боксе і 3-е па спартыўнай гімнастыцы).
— Мы працуем у цеснай звязцы з Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным алімпійскім камітэтам, Прэзідэнцкім спартыўным клубам, федэрацыямі па відах спорту — гэта камандная работа, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Не так даўно створана Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. На розных этапах у спартакіядзе ўдзельнічалі больш за 150 тысяч навучэнцаў. Вельмі важна захапіць фізічнай культурай і спортам кожнага школьніка. Не ўсе вырастуць чэмпіёнамі, але дзеці адчуюць азарт спартыўнай барацьбы, вынік працы над сабой, зведаюць натхненне перамогі — гэта галоўнае. Спорт — тая аснова, якая абавязкова спатрэбіцца ў будучыні.
Эстафету спартакіяднага руху ад паўночнага прыняў паўднёвы рэгіён краіны. Дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Бабіч перадаў сцяг Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў свайму калегу з Гомельшчыны Юрыю Карнілаву.
Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі закрыцця спартакіяды яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі і гірлянды да Кургана Бессмяротнасці — аднаго з першых падобных мемарыялаў, створаных пасля Вялікай Айчыннай вайны ў гонар воінаў-вызваліцеляў.
Як паведаміў старшыня Беларускай асацыяцыі школьнага спорту дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі, у жніўні каля 200 нашых юных спартсменаў прымуць удзел у адкрытай Усерасійскай гімназіядзе ў Арле.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Дзяніса СІДАРОВІЧА.