Раўненне на педагога

- 11:36Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Вучні і настаўнікі сярэдняй школы Міра Карэліцкага раёна ганарацца, што ўстанова адукацыі носіць імя Ганны Іванаўны Сташэўскай — педагога, былога яе кіраўніка.

Школа, адкрытая ў далёкім 1948 годзе, займае значнае месца ў гісторыі гарадскога пасёлка Мір. Асабліва знакавым для яе стаў дзень 20 ліпеня 1967 года, калі была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб прысваенні школе імя Г.І.Сташэўскай.

— Калі дзеці толькі прыхо­дзяць вучыцца ў школу, адразу пытаюцца, чаму яна носіць імя Ганны Іванаўны Сташэўскай. Ужо з першага класа пачынаецца далучэнне навучэнцаў да гісторыі ўстановы адукацыі, свайго роднага пасёлка, а праз веданне гісторыі малой радзі­мы нараджаецца любоў да Беларусі, — гаворыць дырэктар Таццяна Шаплыка. — Так і выхоўваецца пачуццё патрыятызму, гордасці за сваю краіну, жаданне ў ёй жыць, прымнажаць яе традыцыі. Імя Ганны Сташэўскай абавязвае вучняў добра вучыцца. Адчуваем пэўную адказнасць і мы, педагогі, бо наша школа носіць імя настаўніка, былога кіраўніка, якая аддала жыццё за нашу будучыню.

Прыклад служэння Радзіме

Ганна Іванаўна Сташэўская нарадзілася ў 1899 годзе ў Екацярынаславе. Калі ёй споўнілася 9 гадоў, памёр бацька, і маці з чатырма дзецьмі перабралася на радзіму ў Мір. Тут дзяўчынка скончыла гарадское вучылішча і паступіла ў Краснастоцкую двухкласную настаўніцкую школу. У 1915 годзе маладая настаўніца атрымала назначэнне на работу ў вёску Кухцічы былога Рудзенскага павета Мінскай губерні. А ў 1916 годзе ўжо стала дырэктарам пачатковай школы ў вёсцы Жароўка таго ж павета, дзе і працавала амаль 4 гады. У канцы 1920 года разам з двума дзецьмі пераехала ў Мір і працавала ў сельскай гаспадарцы аж да ўз’яднання Беларусі.

У цяжкі час польскай акупацыі Ганна Іванаўна актыўна ўдзель­нічала ў рабоце падпольнай камсамольскай арганізацыі, а з 1927 го­да — у партыйнай ячэйцы КПЗБ. Таксама ўдзельнічала ў рабоце Таварыства беларускай школы, а затым узначаліла акруговую секцыю гэтай арганізацыі. Пры яе непасрэдным удзеле ў пасёлку сталі праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на зрыў палітыкі асіміляцыі беларускага насельніцтва, пачала больш гучаць родная беларуская мова.

Пасля 17 верасня 1939 года Ганну Сташэўскую назначылі старшынёй часовага выканкама Мірскага гарпасялковага савета, людзі ёй давяралі, да яе прыслухоўваліся. А ў лістападзе гэтага ж года яе выбралі дэпутатам Народнага сходу ў Беластоку, на якім вырашалася пытанне аб устанаўленні савецкай улады на вызваленай тэрыторыі і звароце ў Вярхоўны Савет СССР аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У якасці дэлегата яна прымала ўдзел у рабоце 5-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР у Маскве, якая ўз’яднала беларускі народ.

У 1940 годзе Мірская школа зрабіла свой першы набор. Г.І.Сташэўская стала дырэктарам. Але вайна ўварвалася ў жыццё пасёлка. Немцы ўвайшлі на яго вуліцы 27 чэрвеня 1941 года. А крыху пазней па даносе аднаго з мясцовых жыхароў 12 савецкіх актывістаў былі схоплены і расстраляны ля адной са сцен Мірскага замка. У ліку загінуўшых была і Ганна Сташэўская. Чалавек, камуніст, педагог.

— Скептыкі да гэтага часу сумняваюцца, што такога здзейсніла гэтая жанчына, каб яе імя насіла сярэдняя школа? Адказ просты і відавочны. Усё жыццё Ганны Сташэўскай — гэта прыклад высокага служэння Радзіме і народу. Яна не ўдзельнічала ў партызанскіх рэйдах, не пускала пад адхон эшалоны. Але яе штодзённая праца настаўніка, якая здаецца непрыкметнай, прывівала любоў да Беларусі, прызывала стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны, абараняць яе. Школа была, ёсць і будзе пярэднім краем барацьбы за розумы і сэрцы будучых пакаленняў, гэта павінны сёння разумець усе. А страта або забыццё гістарычнай памяці раўнасільныя страце Радзімы, — упэўнены настаўнік гісторыі старшы захавальнік фондаў музея
Валерый Брант.

Музейная прастора

Не дзіўна, што ў такой школе іскрынкай стала развіццё і прапаганда музейнай педагогікі. Дарэчы, сёння тут працуюць два музеі: Ігната Дамейкі і гісторыка-краязнаўчы, якому прысвоена званне “народны”. Апошні быў створаны ў верасні 1964 года на базе краязнаўчага гуртка. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае раз­дзел “Г.І.Сташэўская — яе імя носіць школа”. З аповеду пра жыццё педагога пачынаецца кожная экскурсія.

З’яўляючыся рэсурсным цэнтрам сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці па музейнай педагогіцы, сёння школа актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы новых падыходаў да ўдасканалення форм работы па захаванні і папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны Міршчыны.

— У канцэпцыі работы музея вельмі эфектыўна выкарыстоўваецца блок “Поціск рукі скрозь стагоддзі”, — расказаў Валерый Брант. — Наведвальнік бярэ ў свае рукі экспанаты, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, і ў яго з’яўляецца жаданне не проста даведацца больш, але і стаць часцінкай тых далёкіх гістарычных эпох. У нашым музеі створаны ўсе ўмовы для здзяй­снення “маленькіх адкрыццяў”, калі дзеці выліча­юць калібр стрэль­бы вайны 1812 года па памеры зброевай карцечы, зной­дзенай у раёне Мірскага замка, калі спрабуюць пісаць гусіным пяром і параўноўваць свае творы з каліграфіяй дакументаў XIX ста-­
го­ддзя. Дакрануўшыся да керамічнай пліткі XVII стагоддзя, яны адчува­юць сляды пальцаў майстроў. Тады надыхо­дзіць момант ісціны: мы — нашчадкі вялікай гісторыі. Вось таму галоўнай асаблівасцю нашага музея з’яў­ляецца тое, што ён інтэрактыўны.

Вучні, настаўнікі і бацькі сталі непасрэднымі ўдзельнікамі стварэння музейнага асяроддзя. Школьнікі актыўна ўключаны ў абмеркаванне тэматыкі, прыносяць з дому экспанаты, часта самі становяцца экскурсаводамі. Яшчэ адна асаблівасць работы музея — гульнявая, інтэрактыўная адукацыйная прастора, у якой дзіця можа рабіць што-небудзь самастойна, па сваім выбары: уваходзіць у склад актыву або савета музея, быць звычайным наведвальнікам, удзельнічаць у творчай групе або проста дапамагаць музею. У жыццё школы трывала ўвайшлі музейныя перапынкі, калі любы вучань на перапынку можа зайсці ў музей і атрымаць цікавую інфармацыю або самастойна азнаёміцца
з экспазіцыяй.

— Мы імкнёмся зрабіць так, каб музейны свет стаў блізкім і зразумелым дзіцяці, каб у яго з’явілася патрэба пазнання гістарычных звестак, ціка­васць пабываць у іншых музеях, шана­ваць мінулае, што, бясспрэчна, стане неад’емнай рысай духоўнага станаўлення і сацыяльнага развіцця. Сёння можна з упэўненасцю гаварыць аб сфарміраванай адзі­най музейнай прасторы, у якую ўключаны абодва школьныя музеі і замкавы комплекс “Мір”. Наладжанае ўзаемадзеянне музейных аб’ектаў дазваляе эфектыўна весці краязнаўчую работу, фарміраваць у свядомасці школьнікаў цікавасць да гістарычнага мінулага малой радзімы, — адзначыў Валерый Брант.

Летапіс піянерыі

На базе школы дзейнічае піянерская дружына імя Г.І.Сташэўскай. У сямі атрадах — 110 піянераў і ў сямі групах — 60 акцябрат. Яшчэ больш за паўсотні старшакласнікаў з’яўляюцца членамі школьнай пярвічкі БРСМ.

— У Год гістарычнай памяці прыярытэтнымі напрамкамі ў рабоце ўстановы адукацыі з’яўляюцца ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, — падкрэсліла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Квач. — Фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму грунтуецца на рэгіянальнай аснове з улікам гісторыі, культуры, традыцый, звычаяў жыхароў нашага краю. Пастаяннымі сталі тэматычныя гутаркі, урокі мужнасці, воінскай славы, міру, аказанне дапамогі ветэранам вайны і адзінокім пажылым людзям. Рэалізуюцца праекты патрыятычнай накіраванасці, акцыі.

Школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і праектах. На іх рахунку — шмат перамог. Каманда акцябрат ”Вясёлыя рабяты” ў 2020/2021 навучальным годзе перамагла ў раённым і прыняла ўдзел у абласным этапе II Рэспубліканскага конкурсу акцябрацкіх груп “Суперзорачка”. Каманда “Нашчадкі” заняла 3-е месца ў абласным этапе рэспубліканскай патрыятычнай квест-гульні “Па слядах Перамогі”. 

Піянеры ў працэсе рэалізацыі праектаў “Летапіс піянерыі Міршчыны”, “Як жывеш, ветэран?”, “Абеліскі”, “Каб не было вайны”, “Дарогамі Вялікай Перамогі”, “Справе Цімура — жыць”, “Алея Памяці”, “Кветкі Перамогі”, “Старонкі ваеннай гісторыі пасёлка Мір” і іншых сабралі багаты матэрыял, які папоўніў фонды школьнага музея. На аснове сямейных альбомаў, архіўных дакументаў яны зрабілі прэзентацыі, якія папоўнілі старонкі віртуальнага музея. Шмат добрых спраў на рахунку валанцёраў — членаў БРСМ.

Выхаванне на ідэях грамадзянскасці і патрыятызму — адна з прыярытэтных задач. Вялікую ролю ў выхаваўчым працэсе адыгрывае раўненне на педагога, былога кіраўніка школы, якая загінула дзеля светлай будучыні сённяшніх школьнікаў, Ганну Іванаўну Сташэўскую.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.