Інавацыі трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Яны шырока выкарыстоўваюцца і ў дашкольнай адукацыі.
Педагогі нашай установы далучыліся да рэалізацыі праграмы фарміравання ў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў алгарытмічнай дасведчанасці “Інфарматыка без разеткі”. Праграма накіравана на развіццё ўменняў структураваць інфармацыю і выкарыстоўваць яе на аснове лагічных аперацый без камп’ютара.
Асноўная форма работы — падгрупавая (не больш за 12 дзяцей). На кожных занятках выхавальнікі адпраўляюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў цікавае падарожжа, падчас якога вучаць дзейнічаць па алгарытме, вызначаць прыкметы прадметаў і з’яў і знаходзіць паміж імі падабенства, а таксама знаёмяць з самымі простымі элементамі кадзіравання. А суправаджае дзяцей у ІТ-падарожжы цацачны кот Алесік.
У месенджары Viber створана група для бацькоў, дзе можна атрымаць інфармацыю пра заняткі, убачыць цікавыя фота- і відэаматэрыялы, аб’явы.
Выхаванцы, якія наведваюць заняткі, паспяхова робяць высновы, сталі больш актыўнымі, навучыліся працаваць у камандзе.
Алена ГАРДЗЕЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Ляхавіч.