Бацькоўскі ўніверсітэт

- 14:37Авторские колонки, Рэмарка

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

 

Тое, што школа і сям’я павінны стаць надзейнымі партнёрамі ў выхаванні падрастаючага чалавека, сёння зразумела кожнаму. Без настаўнікаў некаторым бацькам не хапае псіхолага-педагагічных ведаў, каб справіцца з праблемамі, запытамі, а часам і капрызамі свайго дзіцяці. Без бацькоў настаўнікам не хапае дакладнай інфармацыі пра асаблівасці дзіцяці, яго інтарэсы і патаемныя мары.

Але ці значыць гэта, што сям’я і школа — сапраўдныя партнёры? У ідэале — так. На самай справе — не заўсёды. 

Я лічу, што сучасная сям’я можа быць надзвычай закрытай сістэмай. Сучасныя бацькі, як і іх дзядулі-бабулі, асабліва не хочуць пускаць каго б там ні было ў свой свет і да гэтай пары жывуць па прынцыпе “не выносить сор из избы”. Нават калі ў сям’і ёсць праблемы, нават калі бацькі самі не спраўляюцца з выхаваннем сына ці дачкі, у школу яны звяртаюцца па дапамогу ў самым апошнім выпадку. 

Чаму так? Напэўна, таму што сорамна прызнацца самому сабе і чужым людзям, што ты не ідэальны бацька і не ідэальная маці. Што ў цябе быва­юць цяжкасці, дрэнны настрой і стомленасць пасля работы, а трэба вырашаць яшчэ і дзіцячыя праблемы. Дарослыя не любяць, каб іх павучалі. Не любяць непажаданых парад. Бацькі ў большасці сваёй упэўнены, што самі здольны справіцца з праблемамі ў сваёй сям’і.

А яшчэ бацькі не завуць школу на дапамогу, таму што баяцца наступстваў. Што адказам на іх просьбу могуць ­стаць праверкі іх ладу жыцця з боку не толькі школы, але і іншых зацікаўленых у сямейным дабрабыце ведамстваў. Што давя­дзецца тлумачыць чужым людзям, як так атрымалася, што маці не можа знайсці агульную мову з дачкой-падлеткам, а бацька не разумее, што 14-гадовы сын больш давярае віртуальным сябрам, чым блізкім людзям. Што давя­дзецца прычыніць дзверы ў сваё звыклае штодзённае жыццё.

Бацькамі людзі становяцца не заканчваючы ўніверсітэтаў. Каб стаць бацькамі, не патрабуецца даведка аб веданні дзіцячай псіхалогіі. Прыхо­дзіць час — і разам з дзіцем нараджаюцца мама і тата. Хтосьці з іх рыхтуецца да з’яўлення ў сям’і дзіцяці, чытае мноства спецыяльнай літаратуры. Хтосьці ўпэўнены, што дастаткова любові да дзіцяці, каб пазбегнуць хібаў у сямейным выхаванні. А хтосьці наогул ні пра што не думае, таму што дзіця яму не надта і патрэбна…

“Бацькоўскі ўніверсітэт” — гэта праект, які пачаўся ва ўстановах адукацыі нашай краіны ў бягучым навучальным годзе. Гэта не асобная ўстанова, куды запросяць бацькоў і дзе ім будуць чытаць лекцыі аб выхаванні дзяцей. “Бацькоўскі ўніверсітэт”, у ідэале, будзе даступным для татаў і мам у кожнай школе кожнага горада і вёскі. Ён стане пляцоўкай, дзе можна абмяняцца меркаваннямі, атрымаць параду і адказ на сваё пытанне па выхаванні дзіцяці. А пытанняў у бацькоў шмат. Што ра­біць бацькам, калі ў дзіцяці няма рэальных сяброў, а ўвесь вольны час яно праводзіць у інтэрнэце з віртуальнымі? Як дапамагчы сыну-пяцікласніку адаптавацца да новага класа, калі ён там адчувае сябе лішнім? Як падабраць словы для 13-гадовай дачкі, якая заявіла, што хоча пафарбаваць валасы ў колер “няспелы баклажан”?  І многія-многія іншыя пытанні.

І хаця сям’я, на мой погляд, гэта даволі закрытая сістэма, бацькам даўно пара завітаць у школу не толькі на бацькоўскі сход. У кожнай школе працуюць дасведчаныя спецыялісты, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, якія з гатоўнасцю выслухаюць бацькоў і пастараюцца ім дапамагчы. 

Цяпер бацькі, і я ў тым ліку, чакаем ад школы цікавых прапаноў наконт работы “Бацькоўскага ўніверсітэта”. Каб мы не баяліся і не саромеліся. Каб, прыйшоўшы ў школу з набалелай сямейнай праблемай, не трацілі марна час, слухаючы павучальную лекцыю пра дзіцячыя субкультуры (было ў маім бацькоўскім жыцці і такое), а атрымалі патрэбную дасведчаную і вывераную інфармацыю ад спецыяліста.