Педагог у чацвёртым пакаленні

- 12:14Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

“Настаўнік працуе 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень. Нават калі ў пэўны момант ён не выконвае непасрэдна свае рабочыя абавязкі”, — лічыць дырэктар сярэдняй школы вёскі Тамашоўка Брэсцкага раёна Яўген ГРЫГОР’ЕЎ. 

Яўген Анатольевіч з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай справы — ён педагог у чацвёртым пакаленні. “Выбар напрамку прафесійнай дзейнасці ніколі не стаяў, — адзначае дырэктар. — Хутчэй стаяла пытанне выбару прадмета. Я вучыўся ў гімназіі № 1 Баранавіч, і мне ў прынцыпе добра даваліся ўсе прадметы. Сына настаўніцы, стараннага і ўседлівага, удзельніка алімпіяднага руху, запрашалі ўсюды, але выбар быў зроблены на ка­рысць англійскай мовы. Хацелася ­стаць касмапалітам — чалавекам, які ў сваіх зносінах не прывязаны да канкрэтнай мовы. І англійская мова такую магчымасць давала і ў зносінах, і ў самаразвіцці. Вялікую ролю адыграла і тое, што я вучыўся ў эксперыментальным класе, дзе вывучаліся дзве замежныя мовы: англійская з 1 класа і нямецкая з 5 класа. У 2010 годзе я паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Англійская мова. Нямецкая мова”. 

Як прыгадвае дырэктар, пачынальнікам яго педагагічнай дынастыі з’яўляецца пра­дзед Іван Грыгор’еў, які пасля заканчэння школы прайшоў курсы і стаў настаўнікам пачатковых класаў. Гэта была яго цікавасць і яго ўсвядомлены выбар. Пра­дзед паспеў панастаўнічаць два гады, і пачалася вайна. Ён кавалер ордэна Чырвонай Зоркі. Пасля вайны працягнуў службу ў радах міліцыі. 

Адна з яго дачок, бабуля Яўгена Анатольевіча Раіса Іванаўна Чухлей, працягнула справу, стаўшы настаўніцай рускай мовы і літаратуры, да самай пенсіі працавала ў школе. Была завучам сярэдняй школы № 9 Баранавіч. 

Мама дырэктара Інга Рычардаўна Грыгор’ева таксама стала настаўніцай, выкладала ў пачатковых класах. 18 гадоў працавала ў школе. 

“Маё дзяцінства літаральна прайшло ў сценах школы. Я добра памятаю маму, якая піша планы-канспекты ўрокаў у вялікіх сшытках, каляндарнае планаванне, прыносіць дадому стосы вучнёўскіх сшыткаў і правярае іх. У летні перыяд яна пастаянна ўзначальвала прышкольны лагер. І ніколі гэтыя рэчы не выклікалі страху, боязі, пастаянна самому хацелася паспрабаваць. І ў старшых класах нам далі такую магчымасць. Я пабыў у ролі важатага ў прышкольным лагеры. Тады канчаткова пераканаўся, што выберу педагогіку, і толькі яе”, — адзначае Яўген Грыгор’еў. 

Дзеці заўсёды капіруюць сваіх бацькоў, і стэрэатыпы паводзін закладваюцца ад бацькоў. І няхай на сёння ў настаўніка сфарміраваны ўласны педагагічны стыль, аднак, калі падверг­нуць яго глыбокаму аналізу, можна будзе з лёгкасцю знайсці рысы, якія перадаліся педагогу ад матулі, бабулі. 

“Мама дастаткова строгая, але пры гэтым вельмі зацікаўленая, яна заўсёды знаходзіла час для кожнага са сваіх дзяцей, няважна, падчас работы ці пасля яе. Ды гэта і зразумела, бо настаўніца пачатковых класаў — другая мама, а далёка не кожная сям’я была добранадзейнай. У раёне, дзе працавала мама, — вялікая колькасць цыганскіх сем’яў, і гэтыя дзеці патрабавалі вялікай увагі. Мама ведала ўсё пра кожнага са сваіх выхаванцаў, жыла іх праблемамі і клопатамі. І гэтае імкненне зрабіць усё, што ты можаш, максімальна, глыбокая эмацыянальная ўцягнутасць у тое, што робіш, у мяне запазычана ад яе,” — заўважае дырэктар. 

Яўген Анатольевіч узначальвае школу ўжо больш за 6 гадоў. Актыўна сумяшчае адміністрацыйную работу з настаўніцкай. 

Ты дырэктар, і гэта крута, аднак гэта не толькі тваё дасягненне, але і твае абавязкі. Камфорт 70 чалавек педкалектыву залежыць ад тваіх рашэнняў, арганізацыя дзейнасці 270 дзяцей і звязаных з імі некалькіх соцень бацькоў — гэта таксама твой клопат. Трэба менш памятаць пра тое, што ты дырэктар, а рабіць так, каб гэта памяталі людзі.  

“На сёння ўсе мае калегі ведаюць, што, калі ў мяне ўрок, значыць, я не дырэктар і толькі ў выключных выпадках мяне можна патурбаваць. Калі б у мяне забралі ўрокі, не ўпэўнены, ці застаўся б дырэктарам. Перш за ўсё школа для мяне — гэта ўрокі і дзеці, а потым ужо адміністрацыйная дзейнасць”, — падкрэслівае мой суразмоўнік.

Сваім надзейным тылам Яўген Грыгор’еў лі­чыць сям’ю. У яго чацвёра дзяцей. Дарэчы, адна з дачок вучыцца на 3 курсе па спецыяльнасці “Выкладчык англійскай мовы”. Жонка дырэктара таксама педагог — загадчыца дашкольнай установы вёскі Знаменкі. Два кіраўнікі добра разумеюць адно аднаго, могуць штосьці параіць, падказаць. “Важна навучыцца ў пэўныя моманты адключацца ад работы. Нашы сямейныя хобі — рыбалка, валейбол, работа на прысядзібным участку, — расказвае Яўген Анатольевіч. — Гавораць, што самая вялікая праблема ў дзейнасці педагога, што ён не бачыць выніку адразу. У гэтым плане дапамагаюць разняволіцца працэсы, вынік якіх відавочны: пакасіў двор, накалоў дроў, налавіў рыбы. Своечасовая змена відаў дзейнасці дазваляе абстрагавацца і адпачыць, пазбавіцца прафесійнага выгарання”.

Як дома ў бабулі 

— Яўген Анатольевіч, назавіце, калі ласка, тры напрамкі, якія сёння вызначаюць развіццё Тамашоўскай сярэдняй школы.

— Перш за ўсё гэта якасць ведаў, якая выяўляецца і праз дапрофільную падрыхтоўку, профільнае навучанне, і праз работу з высокаматываванымі дзецьмі. Паколькі наша сістэма адукацыі прадугледжвае выпуск мнагапрофільнай асобы, якая валодае вялікай колькасцю ведаў у розных сферах (замежныя адукацыйныя сістэмы накіраваны пераважна на вузкаспецыялізаванага выпускніка), багаж ведаў, які мы даём нашым вучням, у цэлым па жыцці аблягчае рух. Але пытанне ў тым, каб гэтыя веды былі яшчэ і якаснымі, патрэбнымі і прымяняльнымі.

На старшай ступені ў нас у школе дзейнічала профільная група з вывучэннем на павышаным узроўні англійскай і рускай моў. На новы навучальны год набіраецца профільная група па беларускай і англійскай мовах. На базавым узроўні вучні атрымліваюць пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па адной з рабочых спецыяльнасцей: “Сталяр”, “Швачка”. Мы рыхтуем іх на нашай базе. 

Нашы вучні прымаюць удзел ­і ў алімпіядным руху. Сёлета на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды дыпломамі адзначаны па фізічнай культуры і здароўі Аляксандра Гронская, Сяргей Юшчук (настаўнікі Віктар Сукач і Мікалай Ган), па рускай (настаўніца Аксана Ягорава) і англійскай (настаўнік Яўген Грыгор’еў) мовах Аліна Дзюбанькова. 

Другі напрамак — кампетэнцыі педагагічных кадраў. Мы ўсюды чуем аб страце прэстыжу педагагічнай прафесіі. Маё асабістае меркаванне: гэты прэстыж страціў сам педагог. Трэба пастаянна працаваць над удасканаленнем кампетэнцый, і гэта тычыцца не толькі метадычных кампетэнцый. Здольнасць выкладаць пэўны прадмет добра не робіць настаўніка паўнацэнным настаўнікам. Тут патрэбна яшчэ вялікая колькасць сацыяльных кампетэнцый: уменне ўзаемадзейнічаць адно з адным, з дзецьмі, данесці не толькі веды па прадмеце, але і маральныя каштоўнасці, уменне арганізаваць узаемадзеянне з бацькамі. Кампетэнцыі выхаваўчыя таксама важныя. Мы гаворым аб выхаваўчым патэнцыяле кожнага вучэбнага прадмета. Гэтыя кампетэнцыі павінны падтрымлівацца, аднаўляцца ў плане таго, што настаўнік не мае права адста­ваць ад вучняў, ад бацькоў, ад часу. Ён павінен адпавядаць поўнасцю іх запыту. І нам у гэтым плане дапамагаюць АПА, інстытуты развіцця адукацыі. Мы сёння выходзім за межы куставога абласнога спосабу, і інстытуты пачынаюць працаваць не толькі на сваю вобласць, а і на рэспубліку. Конкурсы метадычных распрацовак, семінары, вэбінары ладзяцца для ўсіх настаўнікаў краіны, што вельмі імпануе.

Трэці напрамак — грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Няма ўніверсальнага падыходу да яго рэалізацыі. Усё залежыць ад мясцовасці, ад тэрыторыі, ад гістарычнага мінулага тваёй ра­дзімы, ад тых момантаў, на якія ты можаш абаперціся. Мы — суседзі Брэсцкай крэпасці, побач — Дамачава і Дубіца. У нас у школе працуе адзіны ў краіне музей касманаўтыкі, які яскрава сведчыць аб подзвігу нашага земляка Пятра Клімука. Мы працуем на сваёй зямлі і бачым, што трэба нам. Самае галоўнае — узяць не колькасцю мерапрыем­стваў, а якасцю работы, яе разнастайнасцю. Можна кожны год вадзіць дзяцей у адзін і той жа музей, і гэта не будзе мець эфекту. А форм работы на сёння вялікая колькасць. У таго, хто не памятае свайго мінулага, няма будучыні.

Кіраўнік-люстэрка

— Кадры вырашаюць усё. Раскажыце пра ваш педагагічны калектыў.

— У нас свая спецыфіка, бо мы — самы далёкі пункт Брэсцкага раёна. Калектыў у нас сфарміраваны і не вельмі дынамічны ў плане змяненняў, якія часта адбываюцца ў гарадскіх школах. Сярэдні ўзрост педагогаў — каля 50 гадоў. Нармальнай з’явай для сельскай школы з’яўляецца тое, калі настаўнік, які ідзе на пенсію, працягвае сваю педагагічную дзейнасць, паколькі маладых спецыялістаў не так многа даязджае. Хаця, шчыра кажучы, тыя, хто сюды прыязджае, застаюцца. Ёсць пэўныя праблемы з жыллём, але мы іх стараемся вырашыць. Я ў гэтай сітуацыі імкнуся зрабіць так, як рабіў калісьці дырэктар Дамачаўскай школы, калі я прыехаў туды працаваць: спачатку імкнуся маладога спецыяліста запрасіць, каб ён сваімі вачыма ўбачыў школу, пахадзіў па яе калідорах, класах, пасядзеў за рабочым сталом, памацаў рукамі, адчуў атмасферу, якая ў кожнай навучальнай установы свая. Ёсць школы дастаткова бяздушныя, а ёсць такія, у якія ты быццам зайшоў дадому да бабулі, дзе праводзіш лета. Трэба паслухаць сябе: ты выбіраеш сваё месца працы, месца, на якім будзеш право­дзіць палову свайго жыцця. Калі табе будзе некамфортна, то і якасці работы не будзе, не будзе выніку. Дарэчы, умовы для работы ў нас створаны спрыяльныя. Аснашча­насць камп’ютарамі набліжаецца да 100 працэнтаў. Ёсць чатыры інтэр­актыўныя дошкі, мультыборд, высокахуткасны інтэрнэт у кожным кабінеце. 

І нават калі ў пэўны момант ты не выконваеш непасрэдна свае рабочыя абавязкі, ты застаешся настаўнікам заўсёды: калі спіш, калі суседская курыца забегла да цябе ў двор, калі выйшаў у магазін купіць буханку хлеба. Настаўнік павінен быць настаўнікам заўсёды і ўсюды.

За апошнія гады да нас прыйшлі тры маладыя спецыялісты, і ўсе трое прынялі рашэнне застацца тут.

— Якога б педагога вы не ўзялі на работу?

— Я не люблю ўрокадаўцаў — людзей, якія адпрацоўва­юць свае 45 мінут, і больш іх нічога не тычыцца. Маё меркаванне — псіхолага-педагагічнае субяседаванне трэба право­дзіць для тых людзей, якія збіраюцца стаць педагогамі. Ты, на жаль, не заўсёды можаш выбраць і вылічыць чалавека адразу, хаця для мяне прынцыповымі з’яўляюцца асобасныя зносіны з ім. Мне неабходны чалавек, які ра­зумее, што работа настаўніка — гэта работа 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень. І нават калі ў пэўны момант ты не выконваеш непасрэдна свае рабочыя абавязкі, ты застаешся настаўнікам заўсёды: калі спіш, калі суседская курыца забегла да цябе ў двор, калі выйшаў у магазін купіць буханку хлеба. Настаўнік павінен быць настаўнікам заўсёды і ўсюды. Я не веру ў работы, на якія людзі прыходзяць дзеля грошай і пры гэтым працуюць з людзьмі. Дзеля грошай, мабыць, можна займацца праграмаваннем, але дзеля грошай нельга лячыць людзей, нельга вучыць. Лічу, што на сёння ў сельскай мясцовасці заработная плата настаўніка канкурэнтаздольная. 

— Яўген Анатольевіч, які вы кіраўнік?

— Я, хутчэй, кіраўнік-люстэрка: што ты туды пакажаш, тое і ўбачыш. Калі чалавек сапраўды любіць сваю работу, імкнецца зрабіць усё для таго, каб яго вучням, калегам было камфортна, то я заўсёды зраблю ўсё, каб гэтага чалавека максімальна матываваць, прастымуляваць і падтрымаць яго пачынанні. Але калі чалавек працуе напаўсілы, то адпаведная рэакцыя ідзе і ад мяне. Гэта тое, што я называю справядлівасцю: ты павінен ра­зумець, што і навошта ты робіш: калі ты прыйшоў проста так адсядзець 45 мінут, то лепш ідзі пашукай іншую работу. Гэта, ма­быць, генетыка, якая не дазваляе працаваць па-іншаму. 

У англічан ёсць фраза: “Вельмі добра быць важным, але намнога важней быць добрым”. Яна прымушае памятаць пра тое, што ты дырэктар, і гэта крута, аднак гэта не толькі тваё дасягненне, але і твае абавязкі. Камфорт 70 чалавек педкалектыву залежыць ад тваіх рашэнняў, арганізацыя дзейнасці 270 дзяцей і звязаных з імі некалькіх соцень бацькоў — гэта таксама твой клопат. Трэба менш памятаць пра тое, што ты дырэктар, а рабіць так, каб гэта памяталі людзі.  

Адпачынак з карысцю

— Як адпачываюць вашы навучэнцы? Як школа рыхтуецца да 1 верасня? 

— У 2004/2005 навучальным годзе ў нашай школе прайшла поўная рэканструкцыя. Каб падтрымліваць усё ў належным стане, праводзім касметычныя рамонты: фарбуем вучэбныя кабінеты, столь, прыводзім у парадак прышкольную тэрыторыю. Праводзім планавую замену сантэхнічнага абсталявання, асвятлення. Сёлета мяняем сцяжку падлогі ў гаражы, дзе захоўваецца школьны аўтобус, бо мы падвозім каля 150 дзяцей з 6 населеных пунктаў. У цэлым усімі работамі займаемся самі без дапамогі падрадных арганізацый. 

Для летняга адпачынку дзяцей была арганізавана работа двух лагераў: прышкольнага ­аздараўленчага з часткова профільнай накіраванасцю (сярэднія і старшыя школьнікі атрымалі магчымасць ліквідаваць недахопы ў ведах па прадметах — для іх былі арганізаваны дадатковыя заняткі) і спартыўна-аздараўленчага для 20 вучняў. Аздараўліваюцца нашы школьнікі і ў загарадных лагерах, у цэнтры медыцынскай рэабілітацыі “Тамашоўка”. Для тых вучняў, хто хоча зарабіць, у ліпені арганізуецца работа студэнцкага атрада на базе гаспадаркі “Камароўка Агра”. У планах — напрыканцы жніўня зрабіць профільны кругласутачны лагер для 20 дзяцей на 9 дзён. Акрамя таго, на працягу лета на базе школы працуе рознаўзроставы атрад: кожны вечар з панядзелка па пятніцу з 17 да 20 гадзін на стадыёне знахо­дзіц­ца педагог, які гатовы правесці выхаваўчае мерапрыемства, спартыўныя гульні і г.д. На кожны дзень распрацаваны сцэнарыі. 

Нашы настаўнікі актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Дзейнасць педагога не можа быць бессістэмнай, яе неабходна спланаваць з улікам спецыфікі сваёй установы адукацыі, дзяцей. Асабіста для мяне лета — аптымальны перыяд для планавання сваёй будучай дзейнасці на ўвесь наступны навучальны год. 

— Падзяліцеся планамі на новы навучальны год. 

— Мне б хацелася арганізаваць ва ўстанове інавацыйную дзейнасць, падключыцца да рэалізацыі праекта рэспубліканскага ўзроўню. Будзем шу­каць тэму, якая падыдзе менавіта нам, паколькі ў інавацыйную дзей­насць уключаецца ўвесь калектыў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва школы.