Па закліку сэрца 

- 15:15Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

“Толькі шчаслівы педагог можа зрабіць шчаслівым іншых”, — дэвіз настаўніка фізічнай культуры і здароўя з 18­гадовым стажам сталічнай сярэдняй школы № 109 Васіліны Уладзіміраўны Сушы.

Мары спраўджваюцца

Васіліна Уладзіміраўна з самага дзяцінства марыла быць настаўніцай фізкультуры, на днях самакіравання вяла толькі гэты прадмет. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, а пасля ўніверсітэта прыйшла ў мінскую сярэднюю школу № 109, у якой працуе  і сёння.

— Я люблю сваю школу, — гаворыць педагог, — і з задавальненнем прымаю актыўны ўдзел у яе жыцці, ва ўсіх спаборніцтвах. Стала фіналісткай конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, удзельнічала ў гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. У мінулым годзе заняла 1-е месца ў спаборніцтвах па дартсе ў раёне, а ў гэтым — 2-е. Неверагодна ганаруся сваімі вучнямі — неаднара­зовымі прызёрамі раённых і гарадскіх спаборніцтваў.

Па асноўных паказчыках выніковасці работы ўстаноў адукацыі Заводскага раёна сярэдняя школа № 109 з 2010 года ўваходзіць у тройку лепшых, а з 2015 года займае выключна 1-е месца. У 2022 годзе сярод школ Заводскага раёна яна заняла 1-е месца ў спартакіядзе работнікаў сістэмы адукацыі і 3-е месца на турыстычным злёце работнікаў адукацыі.

Даражэй за золата

Класнае кіраўніцтва ў мінулым годзе Васіліна Уладзіміраўна ўзяла другі раз. Яна зноў прой­дзе з вучнямі шлях ад 5 да 11 класа, усведамляючы, што ёй трэба не проста кантраляваць дзяцей, а навучыць іх маральным каштоўнасцям.

— Мая галоўная задача — стварыць камфортную сяброўскую атмасферу ў класе, навучыць вучняў зносінам з аднагодкамі і дарослымі, узаемапавазе, — гаворыць педагог.

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 109 Мінска выкарыстоўва­юць здароўезберагальныя тэхналогіі, дыхальную гімнастыку, скандынаўскую хадзьбу, камп’ютарныя прэзентацыі і інтэрактыўныя дошкі, якія павышаюць цікавасць дзяцей да ўрока і дапамагаюць спрасціць працэс навучання складаным прыёмам.

Быць класным кіраўніком пяцікласнікаў — задача з зорачкай, бо ў гэтым узросце дзеці тонка адчуваюць чалавека. Таму Васіліна Уладзіміраўна ставіцца да іх са шчырай любоўю і цікавасцю. Толькі так яны пойдуць насустрач. Класны кіраўнік імкнецца выключаць любую крытыку, звяртаць увагу на таленты і здольнасці вучняў, рабіць акцэнт на добрых справах. Важна нават тое, як настаўнік увахо­дзіць у клас: калі з усмешкай, то дзеці адчуваюць гэта, настройваюцца на пазітыў. Але працаваць так што­дзень няпроста: трэба папаўняць зрасходаваную энергію… 

— А дапамагае мне ў гэтым сям’я і, не паверыце, прафесія. Работа з дзецьмі — гэта бясконцы абмен энергіяй. Уся любоў і клопат, якія я аддаю, вяртаюцца мне ўдвайне. Ёсць класныя кіраўнікі, якія думаюць толькі пра праблемы вучняў, часам забываючы пра свае. Так нельга. Толькі шчаслівы чалавек можа зрабіць шчаслівым іншых. Калі ён не задаволены сваім жыццём, то не зможа несці дабро іншым, — адзначае В.У.Суша.

Лыжка дзёгцю

І ўсё ж любімай работы без цяжкасцей не бывае, але Васіліна Ула­дзіміраўна з імі ўпэўнена спраўляецца:

— Класнае кіраўніцтва — гэта вялікая адказнасць, ты ўзаемадзейнічаеш не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Мамы і таты часта зацыклены на сваім дзіцяці, эгаістычныя. Але я стараюся з кожным знайсці агульную мову.

Здараецца, што класны кі­раў­нік — адзіны чалавек, хто можа дапамагчы дзіцяці ў складанай сітуацыі. З такім сутыкнулася і Васіліна Уладзіміраўна. З 5 па 9 клас яна была класным кіраўніком у хлопчыка, які стаяў на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. У дадатак да гэтага мама гадавала дзяцей адна. Педагог часам вазіла вучня ў дыспансер, размаўляла з мамай, а ў 9 класе ўгаворвала хлопчыка паступаць у вучылішча. 

— Нядаўна я яго сустрэла: ён стаў паспяховым хлопцам, атрымаў адукацыю, уладкаваўся на работу і стварыў сям’ю. У гэты момант я яшчэ раз пераканалася, як важна праяўляць ціка­васць да дзіцяці, накіроўваць яго і даць шанс наладзіць сваё жыццё. На настаўнікаў кладзецца вялікая адказнасць па перадачы дзіцяці не толькі ведаў, але і маральных, чалавечых каштоўнасцей, — упэўнена Васіліна Уладзіміраўна.

— Жыццё — гэта імгненне. І важна, што пасля нас застанецца. Я хачу, каб пасля мяне засталася любоў і здаровыя дзеці.

Лета, ах, лета

Ужо некалькі гадоў настаўнік фізічнай культуры і здароўя ­109-й ­мінскай школы ездзіць з вучнямі ў палатачны лагер. Такі від адпачынку Васіліна Уладзіміраўна лічыць простым і эфектыўным: 

— Палатачныя лагеры цяпер — гэта не тыя спартанскія ўмовы, якія адразу ўяўляюцца. Гэта прасторныя палаткі-кемпінгі на 4 чалавекі, устаноўленыя на базе лагераў на драўляных насцілах, пяціразовае харчаванне ў сталовай, біяпрыбіральні і гарачы душ. Усё камфортна: дзіцяці не трэба выжываць у лесе, яно будзе там адпачываць.

Бывае, што бацькі баяцца адпускаць дзяцей. І класны кіраўнік прыводзіць у прыклад навучэнцаў, якія сутыкнуліся з такой жа праблемай, а пасля некалькі гадоў запар былі першымі ў спісах.

— Вядома, дарослыя перажываюць, але ў лагеры створаны ўсе ўмовы для камфортнага аздараўлення. Я з задавальненнем бяру ў лагер і сваіх дзяцей. Яны гуля­юць, выбудоўваюць рэжым дня, вучацца зносінам і самастойнасці, адпачываюць ад гаджэтаў. Ды і змена доўжыцца ўсяго 9 дзён: бацькі засумаваць не паспеюць, — расказвае ­В.У.Суша.

Нягледзячы на ўсе плюсы, быць выхавальнікам у такім лагеры — вялікая адказнасць: 24/7 трэба сачыць за дзецьмі і ўліч­ваць, што ўсе яны розныя. Трэба з першых дзён падтрымліваць дысцыпліну, сачыць за тэхнікай бяспекі, кантраляваць рэжым дня. Усё ж для педагогаў гэта работа, а не адпачынак.

У здаровай справе

Фізкультура — гэта важны ўклад у развіццё дзяцей, і Васіліна Уладзіміраўна ганарыцца, што маладое пакаленне расце здаровым і актыўным дзякуючы яе прадмету. Педагог рэгулярна нагадвае, што дзеці павінны зай­мацца спортам. Але важна, каб заняткі падабаліся менавіта дзіцяці, а не яго бацькам: 

— Дазвольце дзецям выбіраць: ёсць мноства спартыўных секцый, а большасць яшчэ і бясплатных. Мае дзеці заўсёды наведваюць спартыўныя гурткі. Малодшая дачка займалася фігурным катаннем, пасля захацела на плаванне. Плаванне перастала падабацца — я прапанавала тэніс. Вынік: дачка ў захапленні ад кожнай трэніроўкі, а я ад таго, што яна не толькі ўмацоўвае сваё здароўе, але і займаецца тым, што падабаецца. Галоўнае — зразумець, чаго хоча дзіця, улічваць яго жаданні, а не прымушаць: тады і спорт будзе ў ра­дасць.

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 109 Мінска выкарыстоўва­юць здароўезберагальныя тэхналогіі, дыхальную гімнастыку, скандынаўскую хадзьбу, камп’ютарныя прэзентацыі і інтэрактыўныя дошкі, якія павышаюць ціка­васць дзяцей да ўрока і дапамага­юць спрасціць працэс навучання.

— Урокі фізічнай культуры і здароўя даюць дзіцяці магчымасць праявіць свае эмоцыі, даць целу нагрузку і выпрацаваць гармоны шчасця. Вучні павінны атрымліваць ра­дасць і задавальненне ад працэсу. Важна хваліць і падтрымліваць іх, цікавіцца поспехамі і памя­таць, што кожнаму сваё: хтосьці любіць лёгкую атлетыку, хтосьці камандныя віды спорту. Мы вучым дзяцей клапаціцца пра здароўе, трымаць сябе ў тонусе, не шукаць выратавання ў шкодных звычках. Хіба гэта не
выдатна? — гаворыць педагог.

Але перадаць любоў да свайго прадмета немагчыма без усвядомленага падыходу, надзвычай важнага ў рабоце педагога. Васіліна Уладзіміраўна падкрэслівае, што любіць сваю работу яшчэ больш пачынаеш тады, калі разумееш, для чаго і каго ты працуеш:

Соф’я ЦЫКУНОВА.