Знайшоў сваё прызванне

- 15:32Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Працоўная дзейнасць майстра вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Аляксея НІЗАЎЦОВА — своеасаблівае абвяржэнне вядомай народнай мудрасці пра молада­-зелена.

Аляксею Мікалаевічу ўсяго 29 гадоў, а ў яго ўжо нямала прафесійных дасягненняў. Ён стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. А сёлета Аляксей Нізаўцоў увайшоў у лік пераможцаў абласнога конкурсу “Майстар года”. Спіс уражлівы, аднак да гэтага малады выкладчык прыйшоў далёка не адразу.

— Зараз для мяне гэта дзіўна, але ў дзяцінстве я марыў зусім не пра педагогіку. Я нарадзіўся ў вёсцы, і з малых гадоў мяне вабіў лес. Уваходзіў у склад школьнага лясніцтва і нават кіраваў гэтым аб’яднаннем. Прафесійную будучыню таксама планаваў звязаць з лясной гаспадаркай. Па гэтай прычыне ў свой час паступіў на навучанне ў наш каледж, — паведаміў Аляксей Мікалаевіч.

Гады вучобы праляцелі хутка. Той час Аляксей Нізаўцоў і зараз успамінае з цеплынёй. Але, калі надышоў момант атрымання дыплома, яго прыярытэты крыху змяніліся і лёс павярнуў прафесійнае жыццё кардынальна ў іншы бок. 

— Хацелася ўжо не проста працаваць у лясной гаспадарцы, а вучыць гэтай нялёгкай справе моладзь. Шмат у чым на імкненне да педагогікі паўплываў мой выкладчык Мікалай Мікалаевіч Навальнёў. Дзякуючы яго заняткам, я знайшоў сваё прафесійнае прызванне і, атрымаўшы дыплом, адразу падаў дакументы ў МДУ імя А.А.Куляшова. Але педагагічную адукацыю набываў ужо завочна, бо адразу пачаў працаваць майстрам вытворчага навучання, — расказаў Аляксей Мікалаевіч.

Па яго словах, першыя свае прафесійныя крокі ён добра памятае і цяпер. Гэта было для яго даволі хвалююча. 

— Шматлікім навучэнцам было крыху менш гадоў, чым мне. Перажываў наконт таго, ці змагу заваяваць аўтарытэт, наколькі выніковымі будуць мае заняткі. Вельмі дапамагла тады ўсебаковая падтрымка калектыву і кіраўніцтва каледжа, — падзяліўся майстар. 

Тады, у пачатку педагагічнага шляху, у Аляксея Нізаўцова ўсё атрымалася. І гэта нядзіўна, бо ён не толькі слухаў парады калег, але і займаўся самаадукацыяй. Зараз за плячыма Аляксея Мікалаевіча ўжо восем гадоў плённай выкладчыцкай працы, за якія ім былі выпрацаваныя ўласныя падыходы да навучання.

Па меркаванні Аляксея Мікалаевіча, галоўная задача майстра — навучыць маладога чалавека працаваць рукамі і прывіць любоў да прафесіі. Адукацыйныя метады і прыёмы на сваіх занятках ён выкарыстоўвае розныя, шырока прымяняе электронныя сродкі навучання, якія часта распрацоўвае сам.

Значна і тое, што малады майстар імкнецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня. Ён перакананы: добрыя ўзаемаадносіны ў групе шмат у чым уплываюць на якасць навучання.

— Для сваіх вучняў стараюся быць не толькі настаўнікам, але і старэйшым таварышам. Мы пастаянна сустракаемся з юнакамі ў пазаўрочны час, актыўна ўдзельнічаем у конкурсах і нярэдка выходзім у пераможцы. Упэўнены, што навучанне неаддзельнае ад выхавання, таму шмат увагі ўдзяляю фарміраванню духоўна-маральных і патрыятычных якасцей навучэнцаў. Разам займаемся валанцёрскай дзейнасцю ў заасадзе каледжа і гадавальніках магілёўскага лясгаса. Прымаем удзел у развіцці музейна-гістарычнай экспазіцыі, прысвечанай вызваленню Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Агульнымі намаганнямі стварылі макет танка ў натуральную велічыню. Неаднойчы станавіліся ўдзельнікамі рэканструкцыі фарсіравання Дняпра пры вызваленні вёскі Буйнічы. Усё гэта выхоўвае ў юнаках спагадлівасць, дабрыню, стой­касць, мужнасць, працавітасць — тыя якасці, якія вельмі спатрэбяцца ім у дарослым жыцці, — адзначыў Аляксей Нізаўцоў. 

Дарэчы, Аляксей Міка­лаевіч прытрымліваецца думкі, што, навучаючы, трэба вучыцца самому. Ён пастаянна павышае сваю кваліфікацыю і прафесійны ўзровень. Вывучае новыя прагрэсіўныя формы падрыхтоўкі будучых рабочых, укараняе іх у адукацыйны працэс.

— Імкнуся зрабіць сваіх навучэнцаў сапраўды запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, — расказаў Аляксей Нізаўцоў.

З пастаўленымі перад самім сабой задачамі Аляксей Мікалаевіч выдатна спраўляецца. За гады працы ён выпусціў ужо дзве групы навучэнцаў і ведае: усе яго выпускнікі сталі дастойнымі людзьмі, большасць з іх працуе па выбраных спецыяльнасцях. Гэта прыносіць маладому майстру вялікае задавальненне, а таксама матывуе на далейшае прафесійнае ўдасканаленне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.