Прырода — гэта само жыццё. Пра загадкавасць прыроды і тое, што яна чакае ад чалавека дапамогі і шанавання, трэба расказваць дзецям як мага раней. Прывіваць любоў і клопат да ўсяго жывога лепш за ўсё з самага ранняга дзяцінства.
Выхавальнікі ясляў-сада пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна жывуць у сельскай мясцовасці, таму з першых дзён жыцця бачаць прыгажосць прыроды, чуюць цудоўныя спевы птушак, вельмі хутка вучацца клапаціцца аб свойскіх жывёлах. У дзіцячым садку мы працягваем важную справу па фарміраванні ў дзяцей экалагічных уяўленняў аб жывой і нежывой прыродзе, расказваем пра ўзаемасувязь жывых арганізмаў з асяроддзем пражывання і пра розныя прыродныя працэсы.
Адна з цікавых форм работы па экалагічным выхаванні ў нашай установе дашкольнай адукацыі — выкарыстанне экалагічнай сцежкі. Спецыяльна распрацаваны і абсталяваны маршрут у сучаснай практыцы экалагічнага выхавання адыгрывае вялікую ролю і дапамагае педагогам рэалізоўваць пазнавальную, эстэтычную і аздараўленчую функцыі дашкольнай адукацыі. На 12 станцыях, якія размясціліся на тэрыторыі дзіцячай установы, педагогі разам з выхаванцамі праводзяць даследаванні і заняткі, экскурсіі і міні-суботнікі, назіраюць за сезоннымі змяненнямі ў прыродзе, за раслінамі, развешваюць кармушкі, робяць фотаздымкі, збіраюць прыродны матэрыял: шышкі, каштаны, лісце. Найбольш прываблівае дзяцей падарожжа па сцежцы вясной і ўлетку.
Распачынае маршрут станцыя “Лес”, дзе можна ўбачыць лясных жыхароў, якіх на палянцы пасялілі дарослыя. Тут паміж сабой сябруюць зайцы і вавёркі, лісяня і аленяня, шчыруюць мурашкі ў сваёй хатцы, завіхаюцца пчолкі ля вулея. На станцыі шмат дрэў. Побач з кожным — таблічка з назвай. Педагогі, выконваючы ролі такіх казачных герояў, як Лесавік, каралева Ружа, цётка Агародка, прынцэса Хвойка, расказваюць дзецям пра звяроў і расліны. Веды малых яны правяраюць з дапамогай загадак. А яшчэ просяць дзетак па лістоце пазнаць, як называецца дрэва, расказаць, якія ў яго плады.
Наступная станцыя сцежкі з простай назвай “Кветнік” — самая яркая і разнастайная. Кветнік размешчаны так, што ўтварае карту Беларусі. Упрыгожваюць клумбы хосты і лілейнікі, аксаміткі і цыніі, ружы і цюльпаны, прымулы і півоні. А яшчэ тут размясціўся казачны цягнічок, у вагончыках якога растуць яркія кветкі.
Праект “Экалагічная сцежка” дае магчымасць пашыраць кругагляд дзяцей, іх экалагічную культуру, прывіваць працоўныя навыкі.
Трэцяя станцыя “Хвойныя” — гэта своеасаблівы патрыятычны куток нашай экалагічнай сцежкі. Як сведчыць спецыяльная таблічка, тут у гонар 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне была створана кампазіцыя “Мір на планеце — шчасце дарослым і дзецям”. Дзякуючы вечназялёнай хвоі, яліне, кіпарысавіку, ядлоўцу, туі, гэты ўчастак вельмі прывабны. Дзеці ведаюць, што гэтыя расліны не толькі прыгожыя круглы год, але і непатрабавальныя ў доглядзе, а таксама ачышчаюць паветра.
Наступная станцыя “Метэапляцоўка” агароджана каляровым плоцікам і мае абсталяванне для эксперыментаў і назіранняў. Тут дзеці вучацца працаваць з метэапрыборамі, весці дзённік назіранняў за ветрам і тэмпературай паветра, а выхавальнікі выкарыстоўваюць абсталяванне пляцоўкі для правядзення дыдактычных гульняў, мэтавых прагулак, чытання тэматычных вершаў пра поры года і прыродныя з’явы.
Пятая станцыя самая смачная — “Ягаднік”. На ёй дружна растуць клубніцы, суніцы, чорныя і чырвоныя парэчкі, маліны, вішня. Дзеці любяць ласавацца дарамі прыроды, але яны ведаюць, што для таго, каб летам укінуць у рот ягадку, неабходна даглядаць расліны, паліваць, апрацоўваць, і тады яны аддзячаць добрым ураджаем.
На шостай і сёмай станцыях наведвальнікаў зноў вітаюць кветкі.
На адной клумбе грэюць свае галоўкі палявыя званочкі, валошкі, незабудкі. На другой — цэлая “Зялёная аптэка”: рамонкі, мята, трыпутнік, календула, лопух, мацярдушка, падтыннік. Клумбы з кветак і лекавых раслін дапамагаюць пашырыць уяўленні дзяцей пра незвычайны кветкавы свет, замацаваць паняцці пра садовыя, палявыя, лекавыя расліны, а таксама дапамагаюць убачыць прыгажосць і непаўторнасць кожнай кветкі.
Восьмая станцыя “Луг” створана для таго, каб дзеці зразумелі, што луг — не проста расліннасць, а супольнасць розных арганізмаў. Тут можна паназіраць за красаваннем кусцікаў канюшыны, разгледзець яе суквецці, паназіраць за кузуркамі, пчоламі, чмялямі, матылькамі. Педагогі расказваюць хлопчыкам і дзяўчынкам пра сувязь паміж раслінамі і насякомымі.
А вось адрозніваць каласкі жыта, ячменю і пшаніцы маленькія вандроўнікі вучацца на станцыі “Поле”. Яны добра ведаюць, колькі клопату патрабуе хлеб перад тым, як з’явіцца на стале ў выглядзе румянага бохана.
Надта любяць дзеткі станцыю “Агарод”. Гэта нязменная памочніца ў замацаванні ведаў пра агародныя культуры і іх разнастайнасць. Агурочкі, бурачкі, кабачкі, салата, радыска, морквачка, цыбулька — усё гэта цікава, карысна і смачна! З ранняй вясны да позняй восені сумесна з выхавальнікамі малыя прымаюць удзел у пасеве і пасадцы агародных культур, паліваюць і праполваюць грады. У педагогаў на станцыі “Агарод” самы шырокі спектр прымянення розных форм і метадаў работы, пачынаючы з вядзення размовы, загадвання загадак і заканчваючы пастаноўкай казак (напрыклад “Рэпка”).
Далей наш маршрут вядзе на станцыю “Паляна водараў”. Ах, як прыемна тут пастаяць летнім надвячоркам! На палянцы растуць расліны, якія маюць моцны водар: кроп, меліса, гваздзіка, цыбулька-шніт, пятрушка, флёксы, эстрагон (тархун). На “Паляне водараў” малыя вельмі тонка адчуваюць прыгажосць і ранімасць раслін, пачынаюць разумець, што кожная з іх з’яўляецца важнай, бо нясе шмат карысці людзям. Педагогі не забываюць даходліва расказваць выхаванцам не толькі пра эстэтычную, але і пра аздараўленчую функцыю раслін.
Крочым далей і спыняемся ў крайнім пункце нашага маршруту.
Нас сустракае 12-я станцыя — “Дэкаратыўнае кустоўе”. Тут растуць язмін, рабіннік, спірэя, вярба, вейгела і іншыя прыгожыя кусцікі. Узаемадзеянне з прыгожымі аб’ектамі прыроды выклікае жаданне клапаціцца пра родную зямлю, беражліва да яе адносіцца.
Педагогі разам з выхаванцамі і іх бацькамі будуць і далей распрацоўваць новыя станцыі. Праект “Экалагічная сцежка” спрыяе фарміраванню асноў экалагічнага мыслення ў дашкольнікаў, арганізацыі экалагічнай і доследна-эксперыментальнай дзейнасці, дае магчымасць пашыраць кругагляд дзяцей, іх экалагічную культуру, прывіваць працоўныя навыкі.
Ірына МІХНЕВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада п.Акцябрскі Смалявіцкага раёна.
Фота аўтара.