Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне немагчыма без фарміравання гістарычнай памяці і захавання культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа.
Нашы школьнікі вывучаюць гісторыю роднага краю падчас турыстычна-краязнаўчых паходаў, распрацоўваюць праекты і турыстычна-экскурсійныя маршруты па малой радзіме, адпраўляюцца ў адукацыйныя падарожжы, удзельнічаюць у краязнаўчых конкурсах, ствараюць мастацка-агітацыйныя прадукты.
Ва ўстанове арганізаваны інфармацыйна-аналітычны цэнтр з ліку педагогаў, якія распрацавалі цыклічную сістэму работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні па прынцыпе “вывучаем — рэалізуем — распаўсюджваем”. Так, на этапе вывучэння ствараюцца праекты адукацыйных падарожжаў і арганізоўваюцца даследаванні роднага краю, пасля чаго яны папулярызуюцца ў соцыуме. Затым усё паўтараецца.
На этапе вывучэння ладзяцца турыстычна-краязнаўчыя паходы і экскурсіі. Школьнікі ў складзе груп падарожнічаюць па родным краі, дзе вывучаюць славутасці і памятныя мясціны, знаёмяцца са сведкамі гістарычных падзей, збіраюць звесткі. Каштоўнасць атрыманай інфармацыі — у самастойнай рабоце. Акрамя таго, зносіны са сведкамі гістарычных падзей і ветэранамі валодаюць вялікім эмацыянальна-выхаваўчым уздзеяннем. Ствараючы ўласныя турыстычныя прадукты, дзеці глыбей пранікаюць у гістарычнае мінулае, адчуваюць гордасць за праведзеныя даследаванні. Назапашаныя матэрыялы — аснова для далейшай работы.
Вучні рэалізавалі даследчы праект у форме адукацыйнага падарожжа “Спадчына малой радзімы”. Спачатку школьнікі, зыходзячы з адукацыйных патрэб і здольнасцей, былі падзелены на групы журналістаў-біёлагаў, журналістаў-гісторыкаў, аператараў-пастаноўшчыкаў, рэдактараў, дызайнераў-канструктараў, брэнд-менеджараў, кожная з якіх, маючы пэўныя пачатковыя звесткі пра гістарычны аб’ект, вывучала сваю адукацыйную галіну, пасля чаго адпраўлялася па турыстычным маршруце для пацвярджэння сабранай інфармацыі на вывучаемай мясцовасці.
На этапе рэалізацыі праводзіліся акцыі, арганізоўваліся калектыўна-творчыя справы і музейная дзейнасць, назапашваліся фота- і відэаматэрыялы. Падчас акцый папулярызаваліся рэгіянальныя гісторыка-культурныя і прыродныя славутасці малой радзімы з уключэннем іх у турыстычна-экскурсійныя маршруты.
З мэтай далучэння да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны роднага краю, актывізацыі музейнай дзейнасці члены краязнаўча-пошукавай групы стварылі музейна-краязнаўчы куток “Скарбы мінулага”. Была сабрана відэатэка віртуальных экскурсій па славутасцях роднага краю. Больш за 20 тэматычных відэаролікаў размешчана ў сацыяльных сетках.
Для візуалізацыі знешняга першапачатковага выгляду архітэктурных будынкаў члены калектыўна-творчай групы стварылі макеты Ляхавіцкага замка, палацава-паркавага комплексу “Савейкі”, якія ўдзельнічалі ў розных конкурсах. Гэтая работа дазваляе не толькі вывучаць гісторыю роднага краю, але і рашаць творчыя задачы з элементамі архітэктурнага праектавання і дызайну.
На этапе распаўсюджвання ажыццяўлялася мастацка-агітацыйная дзейнасць, якой займаліся агітбрыгада і члены аб’яднання па інтарэсах “Юны рэдактар”: рыхтавалі артыкулы ў школьную газету “Крынічка”, размяшчалі іх на школьным сайце, абаранялі праекты на конкурсах, стваралі і распаўсюджвалі буклеты, ладзілі экскурсіі ў музейны куток. Важна, што вучні, становячыся членамі агітбрыгады, экскурсаводамі ці журналістамі, паказваюць прыклад неабыякавасці да складаных і часам недзіцячых праблем навакольнага свету і грамадства, заклікаючы да іх вырашэння аднагодкаў і нават дарослых.
Надзея ЛАПІЧ,
педагог-арганізатар Малагарадзішчанскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.