Універсітэт будучыні

- 10:45Рэпартаж

Так называлася пляцоўка Міністэрства адукацыі, размешчаная на Фестывалі навукі — 2022, дзе былі прадстаўлены 15 УВА краіны. Якія навуковыя распрацоўкі яны дэманстравалі і чым здзіўлялі мінчан і гасцей сталіцы — даведаемся разам.

Чалавек, прырода, тэхналогіі 

Хоць маёй асноўнай мэтай было наведванне “Універсітэта будучыні”, я проста не магла прайсці міма пляцоўкі традыцыйнага госця форуму — Усерасійскага фестывалю навукі Nauka 0+. На ёй дзецям расказвалі і паказвалі розныя доследы, праводзілі віктарыны і, вядома ж, узнагароджвалі прызамі. Займальная праграма чакала гасцей фэсту і на пляцоўцы Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі пры падтрымцы “Расатама”. У шат­рах Atom Team гледачам дэманстравалі маштабныя эксперыменты, якія немагчыма паўтарыць дома. Тут, дарэчы, літаральна было не праціснуцца, бо і малым, і дарослым хацелася паўдзельні­чаць у шоу “Неньютанаўская вад­касць”, “Фізіка мікрахвалевай печы” і “Магія хімічных рэакцый”, а таксама ў інтэлектуальных гульнях “Адрэналін: эвалюцыя” і “Навуковы хранограф”.

Увогуле арганізатарамі былі падрыхтаваны тры вялікія тэматычныя экспазіцыі: “Чалавек”, “Прырода” і “Тэхналогіі”. Кожная з іх уключала разнастайныя лекцыі, майстар-класы і дэманстрацыі. Тут можна было разабрацца, напрыклад, што ж такое чалавек і як ён функцыянуе, якім чынам лю­дзі ўплываюць на планету, пазнаёміцца з мікраарганізмамі на руках і далёкім космасам. А яшчэ можна было паслухаць захапляльныя лекцыі пра робатаў, паганяць на электраскутарах, прымераць акуляры віртуальнай рэальнасці і многае іншае.

За чатыры гадзіны, што я правяла ў батанічным садзе, пабачыла сотні зацікаўленых дзяцей, якія з палаючымі вачыма бегалі ад аднаго стэнда да другога, разглядаючы не толькі робатаў, але і назіраючы за хімічнымі доследамі і фізічнымі эксперыментамі. Іх, дарэчы, шмат было паказана і на пляцоўцы БДУ, дзе размясціліся адразу тры факультэты: біялагічны, фізічны і хімічны. І колькі б разоў я ні падыходзіла да гэтых павільёнаў, там пастаянна стаяў натоўп.

Робаты, дроны і разумны трэнажор

І вось, нарэшце, я дайшла да пляцоўкі Міністэрства адукацыі — “Універсітэт будучыні”. Тут я заўважыла не проста асобных наведвальнікаў, а нават цэлыя класы — рэспект тым настаўнікам, якія запрасілі на такое цудоўнае мерапрыемства сваіх вучняў. Хоць гэта і нядзіўна, бо тут можна было пазнаёміцца адразу з дзясяткам вядучых УВА краіны. І не толькі наблізіцца да навукі, але і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні: дзе навучыцца перадавой прафесіі, як стаць запатрабаваным спецыялістам, якім чынам арыентавацца ў сучасных тэхналогіях і г.д.

Так, у шатры БДУІР знаёмілі з радыётэхнікай і электронікай, дэманструючы праграмна-апаратны комплекс для кіравання робатызаваным маніпулятарам “Робарука-Р1”, створаны выпускніком спецыяльнасці “Медыцынская электроніка” Алегам Высоцкім.

“Мы таксама прадстаўляем нейронную сетку на ПЛІС — праграмуемую лагічную інтэгральную схему, якая ўяўляе сабой невялікае гульнявое поле з мноствам маленькіх кропак. Мы задаём туды каардынаты пэўнай лічбы, інфармацыя паступае ў працэсар, апрацоўваецца, і на экран выво­дзіцца гэтая лічба. Вось такі просты для разу­мення макет падрыхтаваны для дзяцей, каб расказаць ім простымі словамі, што ж такое нейронная сетка і як яна працуе. Бо за ёй будучыня і прымяняецца яна ва ўсіх сучасных тэхналогіях, гаджэтах, сістэмах аўтаматычнай паркоўкі і г.д.”, — расказала студэнтка 4 курса факультэта радыётэхнікі і электронікі Кацярына Сілко.

На яе думку, універсітэт у будучыні павінен стаць платформай для рэалізацыі патэнцыяльных магчымасцей і раскрыцця талентаў, месцам, дзе кожны студэнт мог бы паспрабаваць сябе ў нечым новым, прапанаваць свае ідэі і атрымаць магчымасць для іх практычнай рэалізацыі.

На пляцоўцы БДЭУ трэцякурснікі кафедры “Таваразнаўства і экспертызы тавараў” факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі праводзілі экспертызу тавараў, знаёмячы наведвальнікаў фэсту з рознымі прыборамі для ацэнкі харчовых і нехарчовых тавараў.

“У нашых навучэнцаў даволі шырокая тэхнічная база. Я лічу, што і іншым УВА трэба даваць студэнтам магчымасць як мага больш практыкавацца і кантактаваць з фізічнымі ўзорамі, — падзяліўся меркаваннем загадчык кафед­ры “Таваразнаўства і экспертыза тавараў” Міхаіл Петухоў. — Што ж тычыцца ўніверсітэта будучыні, то хацелася б, каб была большая інтэграванасць практыкі ў адукацыйны працэс, бо толькі так мы зможам падрыхтаваць запатрабаванага спецыяліста”.

Каля стэнда БНТУ ўвесь час былі жадаючыя выпрабаваць ін­тэлектуальны трэнажор для спартс­менаў-лыжнікаў, прадстаўлены спартыўна-тэхнічным факультэтам. Як расказаў аспірант малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі спартыўнай біямеханікі “Палітэхніка” Аляксандр Дарожка, на кафедру “Спартыўная інжынерыя” звярнуўся трэнер ­ФСЦДіМ Першамайскага раёна Мінска Яўген Валянцінавіч Няфёдаў з просьбай дапамагчы рэаліза­ваць яго задуму. Спачатку быў зроблены доследны ўзор, які прайшоў апрабацыю ў сталічных школах, а зараз гатовы ўжо і прамысловы.

“Па задуме на такім трэнажоры дзеці будуць вучыцца правільна адштурхоўвацца і заадно развіваць сілу ног. А бачачы вынік сваіх дзеянняў, пачнуць думаць, што робяць правільна, а што не. У выніку эфектыўнасць навучання і трэніровак будзе павышацца ў разы”, — перакананы Аляксандр. Ён сам біятланіст, майстар міжнароднага класа, які яшчэ нядаўна прадстаўляў нашу краіну на розных спаборніцтвах. А таму ведае, пра што гаворыць: такі трэнажор сапраўды будзе карысны спартс­менам.

Навука — не сухая дзей­насць

На пляцоўцы БрДТУ робат-бармэн частаваў наведвальнікаў фестывалю навукі пітнымі ёгуртамі і робат-мастак ствараў карціну. “У нашым універсітэце працуюць дзве лабараторыі па робататэхніцы, дзе студэнты, пачынаючы з 1 курса, могуць спрабаваць сябе ў распрацоўцы прамысловых праектаў. Вось гэтыя распрацоўкі маюць дэманстратыўны і забаўляльны характар, аднак наш універсітэт больш займаецца тэхнічным вырашэннем сапраўдных праблем вытворчасці”, — патлумачыла маркетолаг навукова-даследчай часткі ўстановы Дар’я Курылюк.

Па яе словах, трэба часцей тлумачыць дзецям, што такое навука і навучанне ва ўніверсітэце: “На жаль, у цяперашні час многія старшакласнікі не бачаць сэнсу вучыцца, бо ў нас ёсць гаджэты, якія ва ўсім дапамагаюць і можна заўсёды загугліць усё што трэба. Аднак гэта зусім няправільны падыход. З дапамогай такіх мерапрыемстваў, як гэты фэст, мы можам паказваць дзецям, наколькі важна вучыцца і нешта ўмець рабіць самім. І, магчыма, ва ўніверсітэце будучыні будзе вучыцца больш заматываваных студэнтаў з творчай жылкай, бо без яе штосьці стварыць практычна немагчыма”.

У гэты момант за маёй спінай нібы штосьці застракатала крыламі. Азірнулася — а там вялізны дрон. “Гэта паўнавартасны робат — агра-дрон, беспілотны лятальны апарат — прызначаны для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб. Такія робаты здольныя ў аўтаматычным рэжыме наносіць розныя сродкі аховы, падкормкі, угнаенні, дзякуючы якім насаджэнні стануць больш здаровымі. Лес, як і любая экасістэма, патрабуе беражлівых адносін і аховы. Нашы вучоныя займаюцца ўкараненнем гэтай тэхналогіі, з гэтага года яе можна будзе афіцыйна выкарыстоўваць у лясной гаспадарцы”, — паведаміў дацэнт кафедры лесааховы і драўніназнаўства Вячаслаў Звягінцаў.

Чую, як нехта побач расказвае пра разумны кій для пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на якім размешчана трывожная кнопка. Аказваецца, гэта распрацоўка аспіранткі кафедры інжынернай фізікі ВДУ імя П.М.Ма­шэрава Дзіяны Шыдлоўскай. А побач з ёй на шматлікія пытанні па сваім праекце “Бесправадны тэлекамунікацыйны мост ReDa” адказвае выкладчык кафедры інжынернай фізікі Дзмітрый Даўгулевіч.

“У нашым універсітэце заняткі навуковай дзейнасцю мы пачынаем з вучнямі 2-х класаў, якія прыходзяць да нас у IT-акадэмію. Там мы знаёмім іх з асновамі робататэхнікі і лега-канструяваннем. Студэнтам жа 1 курса мы прапануем тры навуковыя гурткі, дзе яны актыўна займаюцца распрацоўкамі. Такія фестывалі навукі даюць магчымасць школьнікам і навучэнцам пазнаёміцца з рознымі распрацоўкамі і ўніверсітэтамі, а заадно даведацца пра асаблівасці вучобы і нават ацаніць, ці падыхо­дзіць ім клімат пэўнай установы для далейшага навучання. Трэба право­дзіць такія фестывалі часцей і ў розных рэгіёнах, перакананы, што і Віцебск мог бы стаць пляцоўкай для такога мерапрыемства”, — адзначыў старшыня Савета маладых вучоных ВДУ Аляксандр Дудараў.

Ну, а мне застаецца рэзюма­ваць: навука — зусім не сухая дзей­насць з лічбамі і графікамі, а неверагодна захапляльная і пазнавальная сфера жыцця, насычаная глыбокімі сэнсамі. І ў гэтым змог пераканацца кожны наведвальнік фестывалю навукі. Калі ж раптам вы прапусцілі яго і сумняваецеся ў слушнасці маіх слоў, то запрашаю сустрэцца праз год. Паверце, сумна не будзе нікому!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.