У падарожжа з Андрэем Трэем

- 10:40Рэпартаж

Пабываць у розных гістарычных эпохах, убачыць навукоўцаў і падарожнікаў і даведацца, якія адкрыцці яны здзейснілі, змаглі вучні 5 класа Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна падчас урока па прадмеце “Чалавек і свет”, які правёў іх настаўнік геаграфіі Андрэй Трэй, фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ў 2017 і 2020 гадах.

— Гэтай цудоўнай яснай зімовай раніцай, я ўпэўнены, у нас з вамі атрымаецца яркі і сонечны ўрок, — звярнуўся да дзяцей пе­дагог. — Увага на экран. З дапамогай якіх слоў можна аб’яднаць усё, што паказана на слайдзе? — працягнуў Андрэй Айвавіч, дэманструючы вучэбную прэзентацыю на мультыбордзе. — Правільна: падарожжа і адкрыццё. Тэма нашага ўрока “Геаграфічныя адкрыцці ў Старажытным свеце і ў сярэднія вякі. Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў”.

Для паўнавартаснай работы на ўроку ўсе вучні загадзя атрымалі бланкі з табліцай, якую яны павінны былі запоўніць і ўклеіць у рабочыя сшыткі. 

— Аднойчы старажытнарымскі філосаф Сенека сказаў: “Калі чалавек не ведае, да якой прыстані ён накіроўваецца, для яго ні адзін вецер не будзе спадарожным”. Як вы разумееце гэтую фразу? — цікавіцца ў вучняў Андрэй Айвавіч. 

Разам яны прыходзяць да высновы: калі чалавек не бачыць мэты, то ён не зможа дасягнуць яе. 

Абмяркоўваючы з дзецьмі мэты ўрока, педагог падсумоўвае:

— Мы пабываем у розных гістарычных эпохах, убачым навукоўцаў і падарожнікаў, пакажам на карце іх маршруты і даведаемся, якія адкрыцці яны здзейснілі, які ўклад унеслі ў развіццё геаграфіі. Каб наша падарожжа было не толькі цікавым, але і карысным, вам прапануецца весці дзённік падарожжаў. Што мы ў яго запішам зараз? Успомнім, як старажытныя лю­дзі ўяўлялі нашу Зямлю? Правільнае ўяўленне аб Зямлі, яе формах, памерах, суадносінах сушы і вады складвалася на працягу многіх стагоддзяў. У кожнага народа было сваё ўяўленне. Звернемся да прэзентацыі. Што вы бачыце на гэтым малюнку?   

На алімпіядах на ўзроўні вобласці вучні А.Трэя заваявалі 15 дыпломаў, на рэспубліканскіх выпрабаваннях — 4 дыпломы, а таксама 4 дыпломы на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў па геаграфіі.

Па чарзе запускаюцца слайды з выявамі, якія дзеці разам з настаўнікам апісваюць, адказваючы на пытанні. Так, напрыклад, на Русі Зямлю ўяўлялі плоскай, што яна трымаецца на трох кітах, якія плаваюць у акіяне. Кіты з’яўляюцца асновай свету. А вось на думку старажытных грэкаў, Зямля — гэта плоскі дыск, акружаны недаступным для чалавека морам, з якога кожны вечар выходзяць і кожную раніцу садзяцца зоркі. З Усходняга мора ў залатой калясніцы падымаецца кожную раніцу бог Сонца Геліёс і здзяйсняе свой шлях па небе. Старажытныя егіпцяне лічылі, што ўнізе знаходзіцца Зямля, над ёй — багіня Неба, злева і справа — карабель бога Сонца, які паказвае шлях Сонца па небе ад усходу да захаду. Старажытныя індыйцы прадстаўлялі Зямлю ў выглядзе паўсферы, якую трымаюць чатыры сланы. Сланы стаяць на велізарнай чарапасе, а чарапаха — на змяі. Для жыхароў Вавілона Зямля — выпуклая, акружаная з усіх бакоў вадой. Зямля адлюстроўвалася ў выглядзе гары, на заходнім схіле якой знаходзіцца Сонца.

— Малайцы! Зараз возьмем рабочыя лісты з табліцай, дзе ёсць графы: гістарычная эпоха; падарожнік, навуковец; што зрабіў. Іх трэба запоўніць. Адкрываем параграф № 13 падручніка. На выкананне работы даецца 7 мінут. 

Андрэй Айвавіч абмяркоўвае з дзецьмі адказы, пацвярджаючы іх слайдамі прэзентацыі. 

— Першым даказаў шарападобнасць Зямлі старажытнагрэчаскі філосаф і навуковец Арыстоцель, — спяшаюцца адказаць вучні. — Ён даказаў тры факты шарападобнасці. Падчас зацьмення Месяца цень ад Зямлі, які падае на Месяц, заўсёды круглы. Карабель хаваецца за гарызонт паступова — спачатку яго корпус, а потым і мачта. Некаторыя зоркі можна ўбачыць толькі з пэўных частак Зямлі, а для іншых назіральнікаў яны не бачныя ніколі.

— Скажыце, калі ласка, па якой зорцы мы заўсёды арыентуемся на незнаёмай мясцовасці? — удакладняе Андрэй Айвавіч у вучняў. — Так, гэта Палярная зорка. З паўднёвага паўшар’я яе ўба­чыць нельга. Жыхары Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціны, Бразіліі ніколі не ўбачаць яе. У 8 класе на ўроках геаграфіі мы з вамі будзем знаёміцца з гэтымі дзяржавамі. На іх сцягах намаляваны сузор’і Паўднёвага Крыжа, якія мы з вамі ніколі не ўбачым з нашага паўшар’я. 

— Склаў першую геаграфічную карту і вызначыў бакі гарызонту ўпершыню філосаф Анаксімандр. А матэматык Эратасфен увёў паняцце “Геаграфія”, стварыў сваю карту, дзе была намалявана частка сушы вакол Міжземнага мора, вылічыў даўжыню экватара Зямлі, — працягнулі вучні. 

— Каб ацаніць яго дасягненні, паглядзіце, у кожнага з вас на парце ёсць геаграфічныя карты, — адзначае Андрэй Айвавіч. — Карта — гэта альфа і амега геаграфіі, з яе ўсё пачынаецца і ёй усё заканчваецца. Скажыце, чым гэтыя карты адрозніваюцца ад папярэдніх малюнкаў паверхні Зямлі, якія вы бачылі на слайдах? Ёсць адно вельмі важнае адрозненне. 

Сумеснымі намаганнямі адказ знойдзены: на карце Эратасфена з’явіліся лініі, што ў будучыні стане сістэмай каардынат, градуснай сеткай, пры дапамозе якой чалавек зможа вызначаць сваё месцазнаходжанне вельмі дакладна. 

— Навуковец Клаўдзій Пталямей стварыў карту, нанёс на яе градусную сетку і паказаў значна большую колькасць геаграфічных аб’ектаў. Таксама ён напісаў работу “Дапаможнік па геаграфіі”, у якой абагульніў веды антычных навукоўцаў аб Зямлі, — гавораць дзеці.

Урок спыняецца на невялікую фізкультпаўзу, затым дзеці працягваюць працаваць з інфармацыяй на мультыбордзе. 

— У сярэднія вякі былі складаныя часы для развіцця любых навук, бо царква жорстка распраўлялася з тымі, хто тлумачыў прыродныя з’явы з навуковага пункту гледжання. Аднак вандроўнікі былі і тады, — адзначае Андрэй Айвавіч. 

— Адным з самых вядомых падарожнікаў гэтай эпохі лічыцца італьянскі купец Марка Пола — ён прадставіў гісторыю свайго падарожжа па Азіі ў “Кнізе аб разнастайнасці свету”, першым з еўрапейцаў дасягнуў Кітая, — працягнулі вучні. 

Калі чалавек не ведае, да якой прыстані ён накіроўваецца, для яго ні адзін вецер не будзе спадарожным.

Сенека.

— Аднак існуе версія, што гэты гандляр з Венецыі на самай справе ніколі не быў у Кітаі, — заўважыў педагог. — Ён нікуды наогул не выязджаў, а проста сустракаўся з купцамі, якія падарожнічалі, даведваўся ў іх легенды пра месцы, дзе тыя пабывалі, запісваў іх і прысвойваў сабе. Недарма ў канцы свайго жыцця Марка Пола апынуўся ў турме. А вось рускі падарожнік Афанасій Нікіцін здзейсніў паход у Індыю, пераадолеўшы Каспійскае, Аравійскае і Чорнае мо­ры. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Хаджэнне за тры моры”. Дарэчы, вяртаўся назад Афанасій Нікіцін праз тэрыторыю Беларусі, праходзіў нават праз Магілёўскі раён, а потым рушыў у Мсціслаў. Па дарозе на Смаленск яго напаткала смерць, да Радзімы ён не даехаў. 

— Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, чаму яна так называецца? Менавіта ў гэтым прамежку часу была адкрыта вялікая частка вядомага нам свету. Адкрыцці гэтыя паўплывалі ў далейшым на ўсю гісторыю развіцця чалавец­тва, — адзначыў Андрэй Айвавіч і запрасіў вучня да дошкі для работы з картай. — Так, партугальскі марак Барталамеу Дыяш абмінуў паўднёвы пункт Афрыкі і апынуўся ў Індыйскім акіяне. Дзякуючы гэтаму, у далейшым быў адкрыты марскі шлях у Індыю вакол Афрыкі. Вы чулі назву мыс Добрай На­дзеі. Пакажам яго. Чаму яго так назвалі?  

Педагог расказаў цікавую гісторыю. Падчас мараплавання карабель Барталамеу Дыяша ледзь не разбіўся, і адзіным месцам, дзе ён змог схавацца, была невялікая бухта з мысам. Гэтае месца ўсяліла ў марака надзею, што ён зможа выратавацца. Але, дзіўнае супа­дзенне, першапачаткова яго называлі мыс Бур, таму што ў гэтых прыбярэжных водах адбываецца самая вялікая колькасць бур. А праз некаторы час зноў партугальскі марак Васка да Гама здзяйсняе плаванне з Лісабона ў Індыю і ўжо адкрывае марскі шлях у Індыю вакол Афрыкі, а таксама пракладвае марскі шлях з Еўропы ў Паў­днёвую Азію. 

— Навошта наогул быў патрэбен гэты марскі шлях? Можна ж было перамяшчацца па сушы, — разважае з вучнямі Андрэй Айвавіч. — У першую чаргу, вандроўнікі былі купцамі, ім трэба было прадаць свой тавар. Паколькі землі на шляху ў Індыю былі заняты арабамі, з якімі еўрапейцы вая­валі, то яны шукалі шлях у абход. 

Першае кругасветнае падарожжа здзейсніў партугальскі марак Фернан Магелан, і тым самым на практыцы пацвердзіў шарападобнасць Зямлі. Прайшоў паўднёвае мора, якое назваў Ціхім акіянам. Падарожнічаў на пяці караблях — “Трынадад”, “Санцьяга”, “Сан-Антоніа”, “Вікторыя”, “Кансепсіён”. Адкрыў праліў, які назвалі ў яго гонар. Плаваў ён 1080 дзён, толькі часам прыставаў да берага, каб папоўніць запасы ежы.

Вучань выйшаў да дошкі і паказаў маршрут падарожжа Магелана. Андрэй Айвавіч падвёў вынікі ўрока, цікавячыся ў дзяцей, што новага яны сёння даведаліся. Адзнакі за работу на ўроку дзеці атрымалі самыя лепшыя — ад 8 да 10 балаў.    

Пазнавальная актыўнасць 

— Сённяшні ўрок прайшоў у 5 “А” класе, дзе вучыцца 25 чалавек і сярод іх пяць выдатнікаў, а ў большасці дзяцей адзнакі ад 8 і вышэй. Для сельскай школы гэта даволі шматлікі клас, што лёгка растлумачыць. У Межысетках размешчана вядомае прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю пад брэндам “Пятруха”, таму сюды імкнуцца прыязджаць людзі, — расказаў Андрэй Айвавіч. — Матывацыя і пазнавальная актыўнасць у маіх вучняў вельмі высокая, часам праз край. З такімі дзецьмі прыемна працаваць, бо ім усё цікава. Я вучу іх самастойна ставіць мэты ўрока і падводзіць вынікі, фармуляваць іх сваімі словамі. Нягледзячы на тое, што гэта быў урок па новай тэме, на ім шмат гаварылі дзеці, я ж удакладняў інфармацыю, дзяліўся цікавымі фактамі, якія матывуюць да вывучэння прадмета. На тэмы, звязаныя з гісторыяй геаграфічных адкрыццяў, адводзіцца тры параграфы. У іх размешчана вельмі важная інфармацыя, якая будзе вывучацца ў далейшым курсе гісторыі. Калі ў дзяцей узнікалі пытанні, стараўся на ўсё адказаць, нельга пакідаць без увагі дапытлівы розум дзіцяці.   

На сваіх уроках педагог выкарыстоўвае праектнае навучанне, элементы актыўнай ацэнкі, актыўныя метады навучання, пачынаючы ад мазгавога штурму і заканчваючы палявымі выхадамі для вывучэння мясцовасці. Пры падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд выкарыстоўвае метады, якія практыкуюцца ва ўніверсітэтах, напрыклад, SWOT-аналіз.

Генератар ідэй 

Андрэй Трэй скончыў МДУ імя А.А.Куляшова па спецыяльнасці “Выкладчык геаграфіі. Навуковапедагагічная дзейнасць”. Са жніўня гэтага года Андрэй Айвавіч увахо­дзіць у Маладзёжны савет парламента пры Нацыянальным схо­дзе Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца старшынёй Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім раён­ным Савеце дэпутатаў. Нягледзячы на сваю занятасць, педагог яшчэ з’яўляецца завучам школы, ён трэці раз вырашыў удзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”, які праходзіць сёлета.

“Генератар ідэй і рухаючая сіла калектыву” — так гавораць пра Андрэя Трэя калегі, якіх ён таксама матывуе да самаадукацыі і педагагічнай творчасці. У мінулым Андрэй Айвавіч — пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. У школе працуе дзявяты год, і за гэты час яго вучні атрымалі каля 120 дыпломаў на алімпіядах пачынаючы з раённага ўзроўню. У алімпіядах дзеці прымаюць удзел з 5 класа. На ўзроўні вобласці яго вучні заваявалі 15 дыпломаў, на рэспубліканскіх выпрабаваннях — 4 дыпломы, а таксама 4 дыпломы на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў па геаграфіі. Так, у мінулым годзе на заключным этапе даследчага конкурсу дыплом ІІ ступені атрымала работа вучаніц 10 класа Лізаветы Мельнікавай і Валерыі Маскальковай, якія распрацавалі праект на прыкла­дзе гістарычнай сядзібы Жукоўскіх у вёсцы Дашкоўка Магілёўскага раёна і на яе базе правялі гістарычны касцюміраваны квест. Дзяўчаты ацанілі ўзровень развіцця агратурызму ў Магілёўскім раёне, стварылі інтэрактыўную карту, на якую нанеслі ўсе аграсядзібы раёна. 

— У жыцці я вельмі люблю спаборніцкі момант, — каменціруе педагог. — Агітуючы вучняў да ўдзелу ў спаборніцтвах, гавару: “Давайце дамовімся, я іду на свой прафесійны конкурс, а вы ўдзельнічаеце ў алімпіядзе ці навуковай канферэнцыі”. Часам ладжу спаборніцтвы з дзецьмі па рашэнні складаных алімпіядных заданняў. Калі яны бачаць, што я ў тэме, што ў мяне гараць вочы, што я з імі ў аднолькавых умовах, яны зараджаюцца гэтым азартам, у іх з’яўляецца жаданне спрабаваць свае сілы, а ў тандэме “настаўнік — вучань” можна шмат чаго дасягнуць.     

Прытрымліваюся такога прынцыпу: падчас спаборніцтваў ты павінен выкласціся па максімуме, і не важны вынік, бо ёсць шмат фактараў, суб’ектыўных і аб’ектыўных, якія на яго ўплываюць. Для мяне галоўнае ўсведамляць, што ў пэўным спаборніцкім моманце я лепш не мог зрабіць. А любы конкурс разглядаю, перш за ўсё, як магчымасць для прафесійнага росту, для мяне галоўнае не спыняцца ў сваім развіцці. На працягу кожнага навучальнага года і нават летам у мяне шмат актыўнасцей. Гэта і курсы павышэння кваліфікацыі, як прадметныя, так і непрадметныя, і выступленні на семінарах і канферэнцыях, майстар-класы і, вядома ж, конкурсы як пікавыя падзеі, дзе я дэманструю свае лепшыя напрацоўкі. 

У кастрычніку гэтага года Межысецкая сярэдняя школа перамагла ў абласным конкурсе “Інавацыйны менеджмент”, дзе на пэўным этапе Андрэй Айвавіч даваў майстар-клас, адкрыты ўрок і праводзіў пазакласнае мерапрыемства. Таксама па выніках конкурсу “Адкрываючы свет інтэлектуальнай уласнасці”, які арганізавалі Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, Міністэрства адукацыі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і савет маладых вучоных, 1-е месца ў намінацыях “Лепшы настаўнік” і “Лепшая школа” занялі Андрэй Трэй і Межысецкая сярэдняя школа адпаведна. Акрамя таго, дзевяць вучняў з гэтай школы ўвайшлі ў лік прызёраў конкурсу. 

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.