Смачна і разнастайна

- 11:10Рэпартаж

Конкурс на лепшую назву хот­-дога з дэгустацыяй і забаўляльнай праграмай для дзяцей прайшоў у сярэдняй школе № 52 Мінска. Тут рэалізуецца пілотны праект па харчаванні, і хот­-дог стаў новай стравай, якая з’явілася ў меню школьнай сталовай.

— Хот-дог — страва-канструктар, якую дзеці самі збіралі: да булкі дадавалі запечаную каўбаску, салёны агурок, моркву. Усё палівалі соусам, у які ўвахо­дзіць таматная паста (не вострая) і мая­нэз пад назвай “Школьны”, які не ўтрымлівае воцату — распрацоўка Мінскага маргарынавага завода і НПЦ НАН Беларусі па харчаванні, — патлумачыла дырэктар сталічнага камбіната школьнага харчавання На­дзея Уладзіміраўна Лукашэвіч. — Пакаштаваўшы такі хот-дог, вучні высока ацанілі яго смакавыя ўласцівасці і прапанавалі варыянты назваў: “Чароўная булка з мясам”, “Майстар смаку”, “любімы ласунак”, “духмяны смажанец”, “мясная асалода” і інш. Прайшло галасаванне, і ў выніку перамагла наз­ва “Майстар смаку”.

Самым актыўным і крэатыўным удзельнікам конкурсу былі ўручаны памятныя прызы — талерачкі з лагатыпам КШХ.  

Такі хот-дог ужо прапанаваны ў меню вучням іншых школ Мінска, дзе рэалізуецца пілотны праект. Страва цяпер называецца “Майстар смаку” і дзеці, па першых назіраннях, з’елі яе без астаткаў, здалі чыстыя талеркі.   

Эксперымент па арганізацыі харчавання доўжыцца больш за месяц. Мэта такой работы — вывучыць смакавыя перавагі дзяцей, палепшыць меню школьных сталовых, зрабіць яго больш карысным, смачным, збалансаваным, а таксама апраба­ваць новыя тэхналогіі гатавання і скарэкціраваць графік прыёму ежы. Прапанаванае ў рамках пілотнага праекта меню распрацавана з улікам пажаданняў дзяцей і іх бацькоў, якія яны выказалі ў анкетах. Прадстаўнікі кантрольна-рэвізійнай службы камбіната школьнага харчавання наведваюць установы адукацыі, якія знаходзяцца ў эксперыменце, ажыццяўляюць маніторынг працэсу, ацэньваюць, якія стравы дзеці лепш ядуць, а якія не вельмі, што бачна па аб’ёме харчовых адходаў.

Першы прыём ежы па новым графіку школьнікі атрымліваюць прыкладна праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў, і гэта абед. Нават калі яны паелі дома, то да 3—4 урока паспяваюць прагаладацца. Калі дзіця праводзіць у школе ад 3,5 да 6 гадзін, яму прапануюць аднаразовае харчаванне, ад 6 да 10 гадзін — двухразовае (дадаецца падвячорак), а калі больш за 10 гадзін — трохразовае харчаванне (з вячэрай).

Арганізацыя харчавання — вельмі складаны і працаёмкі працэс, падыходзіць да якога фармальна не мае права ні адзін кіраўнік, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 52 Мінска Аксана Пятроўна Цуран. — За месяц да пачатку эксперымента мы правялі анкетаванне сярод дзяцей і бацькоў аб іх смакавых перавагах, а затым баць­коўскі сход з дэгустацыяй страў, якія будуць есці іх дзеці. Усяго ў наша меню ўключана каля 40 новых страў (на абед і падвячорак). Так, напрыклад, з’явіліся галёнка курыная запечаная, асарці з тушанай на пары агародніны (брокалі, квяцістай капусты, морквы, спаржавай фасолі, зялёнага гарошку), пельмені, каша грэцкая рассыпістая, напітак вітамінны і інш. Дзеці могуць выбраць комплекс з супам або без супу і гарачую страву, напрыклад, з адбіўной са свініны, шашлыком або курынай катлетай. Пры гэтым каларыйнасць страў павінна быць аднолькавай. Так, вучні 2 і 4 класаў нашай школы ядуць комплексы без супу, а вось вучні 1 і 3 класаў абедаюць з супам. Старшакласнікі таксама выбралі абед з супам. Зараз, напрыклад, мы абмяркоўваем пытанне наконт салатаў. У пачатковых класах дзеці не вельмі хочуць есці салаты з агародніны, таму схіляемся да таго, каб агародніну даваць парцыённа ў індывідуальных салатніках, а не ў якасці гарніру разам з асноўнай стравай, альбо замяніць іх на садавіну. А вось старшакласнікі, наадварот, салаты ядуць з задавальненнем.

У сярэдняй школе № 52 Мінска вучыцца больш за 2400 дзяцей, з іх 1400 харчуюцца ў першую змену на працягу двух перапынкаў, а астатнія ў другую змену. Адрозненняў у харчаванні платнікаў і бясплатнікаў няма, усе дзеці абеда­юць за адным сталом, ­ядуць стравы, якія загадзя выбралі. Пра тое, каб кожнае дзіця атрымала паўнавартаснае гарачае харчаванне, клапоцяцца кухары, якія прыхо­дзяць на работу ў 5—6 гадзін раніцы. У школьнай сталовай працуюць 13 работнікаў, у тым ліку загадчык вытворчасці і 5 кухараў. 

Працэс прыёму ежы павінен быць у ра­дасць, дастаў­ляць эстэтычнае задавальненне, — упэўнена Аксана Пятроўна. — Дзеці не павінны называць сталовую “сталоўкай”. Для гэтага неабходна стварыць у памяшканні камфортную атмасферу, прыемны інтэр’ер, каб ежа смачна пахла, была заўсёды цёплай і прыгожа аформленай. Мы палепшылі сервіроўку сталоў, дапоўнілі яе цукарніцамі, абедзеннымі нажамі, якія знаходзяцца ў спецыяльных ёмістасцях і выкарыстоўваюцца па жаданні дзяцей. Гранёныя шклянкі былі заменены на сучасныя з гладкай паверхняй. Усе гэтыя моманты фарміруюць у школьнікаў культуру харчавання. У найбліжэйшых планах падключыць у сталовай Dolby-сістэму, каб уключаць музычнае суправаджэнне, наладзіць з дзецьмі зваротную сувязь, штодзень жадаць ім смачна есці.

У камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Міністэрства адукацыі школа падае інфармацыю пра тое, якія змяненні хацелі б унесці ў арганізацыю працэсу харчавання. Напрыклад, нам ужо адобрылі ўвядзенне стаўкі адміністратара сталовай залы, які стане сувязным звяном паміж КШХ і адміністрацыяй школы. Новая стаўка бу­дзе ўведзена замест стаўкі рабочага па комплексным абслугоўванні будынка (такіх спецыялістаў у нас дастаткова).

Пілотны праект па харчаванні ў школе курыруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Міхайлаўна Сікірыцкая, якая расказала:

— У нашай сталовай ніколі няма мітусні і штурханіны, бо нам удалося дакладна выбудаваць лагістыку перамяшчэння дзяцей. Вялікая зала падзелена на зоны, у кожнай па 200 пасадачных месцаў. Дзякуючы зладжанай рабоце кухонных работнікаў і дзяжурных вучняў, на працягу 10 мінут можна накрыць да 200 порцый. Дзяжурства ў сталовай для дзяцей — ганаровая і адказная місія. Перш чым прыступіць да работы, дзяжурныя апранаюць аднаразовыя шапачкі і пальчаткі.

Для таго каб ежа, згатаваная з раніцы, заставалася цёплай на працягу дня, было набыта дадатковае абсталяванне — прыстасаванне для падагрэву талерак і духавая шафа, якая ўтрымлівае цяпло.

Лепш за ўсё пра смак і ­якасць згатаванай ежы нам сказалі задаволеныя тварыкі школьнікаў і чыстыя талеркі, якія яны неслі на кухню. Вучні пачатковых класаў, якія звычайна ядуць слаба, прызнаваліся, што было смачна. Дзеці, якія застаюцца ў школе ў групе прадоўжанага дня, атрыма­юць падвячорак і паўнавартасную вячэру.

 Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва КШХ Мінска