Справа маладых

- 23:39Год гістарычнай памяці

У Год гістарычнай памяці новы рэспубліканскі праект “Аўтацягнік #Беларусь.Моладзь. Традыцыі” ўпершыню аб’яднаў маладыя сем’і з усіх беларускіх рэгіёнаў.

Больш за 30 сямейных пар атрымалі магчымасць бліжэй пазнаё­міцца са славутасцямі Айчыны, сустрэцца з вядомымі і паспяховымі людзьмі — прадстаўнікамі розных сфер дзейнасці, задаць пытанні кампетэнтным экспертам, падтрымаць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і ра­зам яшчэ больш умацаваць інстытут сям’і. Праект з’яўляецца пераемнікам двух рэс­публіканскіх маладзёжных цягнікоў. 

Сімвалічна, што вялікае і цікавае падарожжа па роднай зямлі пачалося 14 кас­трычніка ў Полацку — калысцы беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці і асветы. Па меркаванні вядучага спецыяліста Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра Яраслава Аляксеева, лепшага месца не знайсці: “Полаччына — крыніца сілы, тут амаль фізічна адчуваецца ўзаемапранікненне гісторыі, сучаснасці і традыцый”. Наступнымі на маршруце сталі сёлетнія маладзёжная і культурная сталіцы Беларусі — Віцебск і Орша. За 7 дзён Тыдня бацькоўскай любові моладзь наведае каля 20 населеных пунктаў у розных рэгіёнах. Завершыцца праект у Дзень бацькі, фінальным пунктам выбраны горад-герой Мінск.

Арганізатары праекта — Міністэрства адукацыі і Рэс­публіканскі маладзёжны цэнтр пры падтрымцы аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Адкрылі праект у сярэдняй школе № 16 Полацка. Там жа адбылася дыялогавая пляцоўка. Безумоўна, цэнтральнымі тэмамі размовы сталі сямейныя традыцыі і каштоўнасці, сацыяльная дапамога моладзі, умовы прафесійнага і кар’ернага росту.  

Так, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык расказаў пра свае сямейныя традыцыі: “У суботу ў любое надвор’е бегаем: я шэсць кіламетраў, сын і жонка па тры. І вячэру ў суботу гатуем усе разам. Мінімум раз у год ра­зам бываем на могілках, дзе пахаваны нашы продкі. Кожны з нас ведае і шануе сямейную гісторыю”.

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна паведаміла, якую падтрымку аказваюць у рэгіёне моладзі: “Толькі за год 46 кватэр прадастаўлена маладым спецыялістам, у тым ліку 13 — маладым педагогам Полаччыны. І яшчэ адзін дом закладваем — пагадзіцеся, прыемны бонус да фундаментальнай асновы. Тут цікавіліся, які ўзрост для чалавека самы плённы ў плане працы. Па маім глыбокім перакананні, прамой узаемасувязі няма. Да нас у педагагічны калектыў прыхо­дзілі дзяўчаты — выпускніцы каледжа, і праз два гады яны давалі стабільны вынік, падмацаваны дасягненнямі і прызнаннем на рэспубліканскім узроўні. У нашай педагагічнай супольнасці ёсць маладыя спецыялісты, якія дадуць фору вопытным калегам, і падобная сітуацыя ў любой галіне. А вось людзей, якія рвуцца на кіруючыя пасады, асцерагаюся. Па-мойму, спачатку трэба адбыцца як спецыялісту. Калі ты на сваім рабочым месцы робіш справу лепш за ўсіх, умееш прымаць рашэнні і несці адказнасць, заслужыў павагу ў калектыве — тады цябе само жыццё выштурхне ў кіраўнікі. Тут пытанне не ўзросту, а эфектыўнасці”.

Даражыць кожнай хвілінай, калі знаходзішся побач з любімымі і блізкімі людзь­мі, параіла дырэктар Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Таццяна Полушкіна. Яна выказала меркаванне, што для поспеху як у сям’і, так і ў прафесіі трэба многа працаваць над сабой і пастаянна развівацца, памятаць пра адказнасць за кожнае слова і ўчынак.

“Працуючы з моладдзю, мне часта даводзіцца чуць “Мне абавязаны…” — і далей вялікі спіс даўжнікоў: бацькі, кіраўнікі, дзяржава. Але гэта мы найперш павінны даць штосьці сваёй сям’і, старэйшаму пакаленню, прадпрыемству ці арганізацыі, дзе мы працуем, краіне, для якой сям’я і моладзь — прыярытэты дзяржаўнай палітыкі”, — падкрэсліла кіраўнік установы адукацыі.

 

Кіраўнік аўтацягніка, прадстаўніца маладой сям’і, член нацыянальных зборных нашай краіны па гандболе і міні-футболе Настасся Бядуліна: 

“Мэта праекта — узмацненне ролі моладзі ў дзейнасці па захаванні гістарычнай памяці, гістарычна-культурнай спадчыны і традыцый Беларусі. Нас чакала шмат моцных уражанняў, добрых спраў і пазітыўных эмоцый. Асноўныя складнікі маршруту — экскурсійны, адукацыйны, культурны і грамадска карысны. Напрыклад, на Магілёўшчыне ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны на месцы гераічнай гібелі ў 1941 годзе міліцэйскага батальёна капітана Уладзімірава ў вёсцы Гаі, далучыліся да майстар-класаў і маладзёжнай акцыі “Цяпло маладых сэрцаў” у дзіцячай вёсцы, у абласным тэатры лялек паглядзелі спектакль паводле аповесці Ула­дзіміра Караткевіча “Сіняя-сіняя”. Прапануем мола­дзі стварыць тэматычную фотакампазіцыю ў Нацыянальным гістарычным музеі — праграма вельмі падзейная і разнапланавая”.

Таццяна БОНДАРАВА. 
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ.