Шанаваць подзвіг

- 11:48Год гістарычнай памяці

Юныя партызаны і падпольшчыкі, сувязныя і разведчыкі, малалетнія вязні гета і блакаднікі Ленінграда — гэта піянеры-­героі, якія ішлі на вайну і змагаліся з ворагам, выконваючы зусім не дзіцячыя заданні. Памяць пра іх захоўваюць у сярэдняй школе № 67 Мінска, дзе ў 1981 годзе быў створаны музей Батальёна беларускіх арлянят, які мае статус народнага.

– Усе экспанаты музея сведчаць аб подзвігу хлопчыкаў і дзяўчынак 14—16 гадоў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся на тэрыторыі Беларусі, — расказала настаўніца пачатковых класаў школы Вольга Канстанцінаўна Волкава, член савета музея. — Яшчэ ў 70-я гады праводзіліся экспедыцыі па месцах бітваў за вызваленне Мінска, раскопкі паблізу вёскі Пятроўшчына. Разам з вайскоўцамі былі задзейнічаны вучні школы.

Неўзабаве школьнікі нала­дзілі цесную сувязь з газетай “Зорька” і перапіску з байцамі Батальёна беларускіх арлянят. У зборы інфармацыі дапамог камандзір батальёна Віктар Лівенцаў, Герой Савецкага Саюза. Удзельнікі батальёна сталі прыязджаць у школу на памятныя даты, дзяліцца з вучнямі сапраўднымі гісторыямі вайны.

За гады дзейнасці музея дакументальна зафіксаваны звесткі аб трохстах юных героях. У ходзе пошукавых работ сабрана больш за тысячу экспанатаў — зброя, адзенне, абмундзіраванне, фотакарткі, узнагароды, франтавыя лісты, нататкі ў франтавых газетах. У музей у дар паступілі асабістыя рэчы “арлянят”, рукапісы, схемы, карты.

Хто ж яны, легендарныя “арляняты”? Гэта Васіль Князеў — сын палка 203-га асобнага атрада размініравання, які выконваў небяспечныя баявыя заданні пачынаючы з васьмігадовага ўзросту, а ў дзесяць гадоў трапіў на фронт і нават даехаў да Берліна! Гэта Ада Чаркашчанка — юная сувязная 43-га партызанскага атрада, якая ў гады вайны перадавала важныя звесткі і боепрыпасы партызанам. І Леў Шэйнк­ман, які папаўняў музей сваімі вершамі. У трынаццаць гадоў ён стаў салдатам Чырвонай Арміі, забяспечваў сувязь далёкай авіяцыі 1-й паветранай арміі, ажыццяўляў паведамленне ў Маскву. Узгадаем і Генадзя Юшкевіча, які прымаў удзел у вызваленні Мінска, юнага разведчыка партызанскай спецгрупы “Чайка”, затым армейскай спецгрупы “Джэк”. Ён падарыў школьнаму музею кнігу “Апошні з групы “Джэк”. У гэтым спісе будзе Леанід Яромін — юны падпольшчык, партызан 4-га атрада імя Чкалава, Аляксандр Шаршавін — юнга Паўночнага флоту і многія іншыя.

За гады дзейнасці музея дакументальна зафіксаваны звесткі аб трохстах юных героях. У ходзе пошукавых работ сабрана больш за тысячу экспанатаў.

Сёння пры музеі дзейнічае пошукавая група “Юны патрыёт”, у якую ўваходзяць вучні 4, 5 і 8 класаў — усяго 65 ча­лавек. Праходзяць музейныя факультатыўныя заняткі. Дзеці вывучаюць біяграфіі юных “арлянят”, піянераў-герояў, абаронцаў ­Брэсцкай крэпасці, займаюцца добраўпарадкаваннем сталічнага мэмарыяла “Памяць” па праспекце Дзяржынскага, сустракаюцца з ветэранамі. Аднойчы пошукавая група пабывала ў гасцях у ветэрана вайны Уладзіміра Васільевіча Барадзіна, які ўспамінаў складаную ваенную аперацыю перад наступленнем на Берлін і перадаў музею ў дар трафейны бінокль і нямецкія алоўкі.

Бібліятэка музея папаўняецца даведачнай, дакументальнай, мастацкай літаратурай, відэафільмамі, інфармацыяй, атрыманай ад сведак вайны, і аб тых незабыўных сустрэчах, якія прахо­дзяць у музеі напярэдадні памятных дат. Нала­джана супрацоўніцтва з курскім музеем “Юныя абаронцы Радзімы” і музеем Валгаграда.

У верасні прайшоў раённы конкурс, прысвечаны Году гістарычнай памяці, па стварэнні макетаў гістарычных помнікаў Беларусі. Са школы выйшлі два пераможцы — Данііл Клачко, які зрабіў макет “Курган Славы”, і Арцём Лебе­дзеў, які змайстраваў макет Вечнага агню. 

У музеі прадстаўлена экспазіцыя пра вайну ў Афганістане. Да вучняў прыходзяць відавочцы тых падзей, воіны-інтэрнацыяналісты. Ладзяцца мерапрыемствы для маці, якія страцілі на гэтай вайне сваіх сыноў. З дапамогай інтэрактыўных адукацыйных сродкаў, шляхам проб і памылак вучні атрымліваюць звесткі пра тую вайну: разгортваюць карту, знаходзяць Афганістан, пазначаюць граніцы, паглыбляюцца ў факты гісторыі, супастаўляюць даныя, удзельнічаюць у анлайн-віктарыне.

Сёння пры музеі дзейнічае пошукавая група “Юны патрыёт”, у якую ўваходзяць вучні 4, 5 і 8 класаў — усяго 65 чалавек.

Трэцяя экспазіцыя прысвечана падзеям чарнобыльскай катастрофы. Члены савета музея і пошукавая група займаюцца ўстанаўленнем кантактаў з ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС, якія прыхо­дзяць у музей, паказваюць фільмы, прыносяць кнігі, пакідаюць фота і дзіцячыя малюнкі, дзеляцца ўспамінамі. Сёлета 26 красавіка ў музей прыйшоў Вячаслаў Мікалаевіч Парамонаў — адзін з ліквідатараў пажару на станцыі ў Чарнобылі. На пенсіі мужчына майструе макеты тэхнікі. Музею ён перадаў два макеты верталёта, якія аднымі з першых вылецелі на разведку, калі адбыўся выбух.

У рамках чарнобыльскай тэмы педагогі і вучні рыхтуюць праекты на экалагічную тэматыку.

— Музейная педагогіка мае сур’ёзны выхаваўчы характар, — гаворыць Вольга Канстанцінаўна. — Школьнікі вучацца на рэальных гераічных прыкладах, даведваюцца з першых вуснаў аб мінулых падзеях. Выхаванне моладзі ажыццяўляем не толькі ў сценах музея, але і ў медыйнай прасторы. Супрацоўнічаем са СМІ, стварылі старонку на школьным сайце і канал у TikTok.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.