Асветніцкі летапіс

- 11:39Год гістарычнай памяці

У Жарабковіцкай школе Ляхавіцкага раёна, што на Брэстчыне, пішацца гісторыя мясцовага асветніцтва. Сіламі педагогаў, вучняў, старажылаў з аграгарадка і навакольных вёсак сабраны цікавыя факты, фотаздымкі, якія маюць дачыненне да школы, яе настаўнікаў і педагагічных дынастый.

Каб ведалі, каб памяталі…

Дырэктар школы Вольга Бурак з выпускнікамі 1975 года.

Па электроннай пошце прыйшлі да мяне важкія файлы: адзін, меншы, пад назвай “Настаўнікі Жарабковіцкай школы”, другі — “Летапіс школы” (больш за 60 старонак). У тэкстах багата фотаздымкаў — як архіўных, так і сучасных. Па сутнасці, праз факты з гісторыі школы, згадкі пра педагогаў ствараецца летапіс асветніцтва ў нашых мясцінах — бо і я ж адтуль, заканчваў школу ў 1977 годзе. З гордасцю расказваю часам пра родную вёску, Новую Яцкаўшчыну: усяго 14 хат у ёй было, а выйшла з іх “у людзі” ажно 5 залатых медалістаў, і я ў іх ліку. Зрэшты, пра выпускнікоў — крыху пазней. Што да згаданых тэм летапісных, то дапаўняюць яны адна другую: школа і настаўнікі моцна спалучаныя. Хоць, аказваецца, не заўсёды. У “Летапісе школы” чытаем: “Да ўзвядзення будынка школы навучанне дзяцей ажыццяўлялася ў непрыстасаваных хатах аднавяскоўцаў”. Цікавы “пункт адліку” ў летапісе: “29 жніўня 1900 г. адбыўся сельскі сход, на якім 69 чалавек выказалі думку адкрыць другое аднакласнае вучылішча ў воласці, бо тое, што было (у Ляхавічах), не магло ахапіць навучаннем усіх ахвочых з-за перапоўненасці. Вырашылі адкрыць такое народнае вучылішча ў в.Жарабковічы, дзе з 525 жыхароў было 125 дзяцей школьнага ўзросту. Яно павінна было задаволіць патрэбу ў адукацыі дзяцей і з навакольных вёсак: Канюхі, Зарытава, Гулічы, Яцкаўшчына, Шавялі і іншых”.

Школа ў Жарабковічах адзначала і 110-годдзе, і 120-я ўгодкі. Пра ўрачыстасці юбілейныя ў інтэрнэце пісаў, зрабіў фота­здымкі выпускнік школы Мікалай Таранда, кандыдат навук з Гродна. І да таго ж таленавіты танцор у мінулым, і сын любімай нашай настаўніцы хіміі Соф’і Максімаўны Таранда. Пра якую таксама згадваецца ў “Летапісе…”

Неяк пачуў: самае галоўнае ў любой педагогіцы — самі педагогі. Так і ёсць! Іх энтузіязм, крэатыўнасць рухаюць многія цікавыя ды карысныя справы. З ліку “крэатыўных энтузіястаў” і Вольга Бурак, дырэктар Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча. У сваю работу Вольга Іванаўна ўкладвае шмат сіл, душэўнай энергіі, яна адкрыта для новага вопыту.

Дзясяткі прозвішчаў, імён, фотаздымкаў ёсць у “Жарабковіцкім асветніцкім летапісе” — так хочацца назваць гэтую важную, карысную працу. Напрыканцы пазначана, што склала летапіс Зінаіда Палуэктава, дапамагалі ёй педагогі Вольга Бурак, Ганна Кавалевіч, Алена Праневіч, Галіна Навумік, Уладзімір Лаўрэнаў, Жанна Жук. Важна, што адчуваецца ў “Летапісе…” пульс часу, яго хада, зафіксаваны прозвішчы нават тых педагогаў, хто па розных прычынах папрацаваў у Жарабковічах нядоўга. Слушна аддаецца належнае Уладзіміру Міхайлавічу Лаўрэнаву — яго можна б назваць “пралетапісцам” тых непаўторных мясцін. Бо гэта ж ён, мой настаўнік гісторыі ды пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, стварыў краязнаўчую кнігу “Ёсць край такі…”. Радкі з “Летапісу…”: “А пачыналася ўсё ў 1974 годзе, калі малады мужчына з жонкай Рэгінай Аляксандраўнай прыехаў на яе радзіму. І пачалі абое працаваць у школе, якую калісьці скончыла з залатым медалём жонка. Ён — спачатку ваенруком, затым настаўнікам гісторыі. Прымаў удзел у напісанні кнігі “Памяць” Ляхавіцкага раёна (1983 г.). Быў кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі. Свае назіранні, уражанні пра Жарабковічы і ваколіцы, пра мясцовых людзей Уладзімір Міхайлавіч адлюстраваў у сваёй кнізе, прыцягнуў да работы над ёй іншых аўтараў. За кнігу меў падзяку ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. І многія факты гэтага летапісу ўзяты з кнігі аўтара. Уладзімір Міхайлавіч за сваю працу ўшанаваны граматамі Міністэрства адукацыі Беларусі (1987, 2012)”. Заўважым, што выгадавалі Лаўрэнавы траіх дзяцей, дачка працуе настаўніцай. Добра папрацавала на педагагічнай ніве і Рэгіна Аляксандраўна — выкладала матэматыку, была завучам школы.

Былая настаўніца фізікі Аляксандра Юльянаўна Сакалоўская ылая настаўніца фізікі Аляксандра Юльянаўна Сакалоўская са сваімі былымі вучнямі. 2010г.

Тут, аднак, як і на іншых старонках “Летапісу…”, на мой погляд, варта было б пашырыць інфармацыю пра месцы нараджэнняў (а можа, і гады, даты — каб ведаць…), біяграфічныя звесткі жарабковіцкіх настаўнікаў. Што да Уладзіміра Міхайлавіча, то, помніцца, родам ён з Буда-Кашалёўскага раёна і, здаецца, заканчваў Буда-Люшаўскую школу. З гонарам згадваў пра зямляцтва з паэтам Міколам Чарняўскім. І тое, што не адзін сезон педагог Лаўрэнаў летам працаваў у мясцовым калгасе “Беларусь” камбайнерам — варта б зга­даць для гісторыі, ды з адпаведным здымкам. Я ўжо не кажу пра настаўнікаў-ветэранаў вайны, якія выводзілі нас у вялікае жыццё. Біяграфіі, асабістыя справы (якія, напэўна, зберагаюцца ў архівах), успаміны дзяцей, сённяшнія базы даных у інтэрнэце дазваляюць высветліць: дзе, хто, калі з іх вая­ваў, чым узнагароджаны, адкуль быў родам. І, магчыма, варта пра месцы пахаванняў настаўнікаў, якія пакінулі гэты свет, пісаць: каб ведалі мы, памяталі, аддавалі даніну павагі тым героям, асветнікам.

Надзейныя арыенціры

Колькі слоў пра выпускнікоў. Ёсць у “Летапісе…” важныя штрышкі пра тое, што некаторыя з іх сталі педагогамі. Вось бы і тыя звесткі сабраць, ды сістэмна! Ведаю, Іван Завусцінскі працаваў дырэктарам адной са школ у Клецку — а ён з Жарабковічаў: з намі вучыўся. Дацэнтам Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна сышоў у вечнасць ураджэнец Жарабковіч Генадзь Праневіч, кандыдат філалагічных навук. Мой старэйшы аднавясковец, цёзка па прозвішчы, Міхаіл Паўлавіч Ждановіч доўгі час выкладаў у Нацыянальным авіяцыйным універсітэце ў Кіеве. І вядомы сярод беларускіх генетыкаў вучоны, доктар навук, прафесар Аляксей Ігнатавіч Мікуліч быў родам з Жарабковіч. Настаўніцамі, наколькі мне вядома, працуюць сёстры Святлана і Надзея Ждановічы. І ў складальніцы летапісу Зінаіды Палуэктавай “абедзве дачкі ў Брэсце выкладаюць матэматыку”. Спіс можна доўжыць… А заадно павышаць самаацэнку мясцовых школьнікаў, даваць ім надзейныя арыенціры ў жыццёвую дарогу.

“Летапіс…” крыху абазначае і такую важную тэму: некаторыя з дзяцей жарабковіцкіх настаўнікаў прадоўжылі высакародную справу бацькоў. Ёсць дынастыі Турко, Новікаў, Казловых, ужо і Лаўрэнавых… Згаданы Мікалай Таранда — дацэнт адной з кафедр на факультэце ветмедыцыны ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Так што гэты “пласт асветніцкай гісторыі” варта б распрацаваць — можа, і з падключэннем да цікавых пошукаў і адкрыццяў старшакласнікаў.

Тэма педагагічнага краязнаўства можа быць пашырана і на жарабковіцкія “школьныя наваколлі”. Раней працавала пачатковая школа ў Канюхах — яе б не пакінуць без увагі. Будынак былой пачатковай школы ў Гулічах па гэты час уражвае адметнай архітэктурай. У пасляваенную пару там быў дзіцячы дом № 1. Выхоўвалася 90 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія асірацелі ў вайну. Як склаліся іх лёсы? Хто былі настаўнікі, выхавальнікі?.. Няма звестак у інтэрнэце, але ж ёсць падставы меркаваць: якраз там пачынала сваю педагагічную дзейнасць жарабковіцкая настаўніца Марыя Сцяпанаўна Такарчык, выдатніца асветы БССР. І менавіта з Гуліч быў родам Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч, міністр асветы БССР з 1968 па 1985 год, імя якога носіць Жарабковіцкая школа.

Іван ЖДАНОВІЧ,
выпускнік Жарабковіцкай сярэдняй школы.