Сучасны куратар

- 10:26Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Скласці партрэт сучаснага куратара вучэбных груп УВА днямі паспрабавалі на І Рэспубліканскім форуме куратараў на пляцоўцы РІВШ.

“Асноўная мэта нашага форуму — актывізацыя і ўдасканаленне дзейнасці куратараў у агульнай сістэме выхаваўчай работы ва УВА. Нам было важна падштурхнуць куратараў да павышэння эфектыўнасці сваёй работы, сфарміраваўшы прафесійную суполку куратараў, якой ім так не хапала”, — паведаміла начальнік упраўлення выхаваўчай работы РІВШ Іна Галавач.

У час форуму былі выяўлены найбольш паспяховыя практыкі і напрацоўкі, творчыя ініцыятывы куратараў. Яны складуць “Метадычную скарбонку”, якая ў хуткім часе з’явіцца на сайце РІВШ, і імі змогуць карыстацца ўсе куратары. “У кожнай УВА нашай краіны штогод праводзіцца конкурс на лепшага куратара, але агульнага форуму не было. Калі мы аб’явілі аб яго правя­дзенні, да нас прыйшло каля 100 заявак, аднак нам прыйшлося выбраць толькі найбольш цікавыя. Былі адабраны 75 куратараў. Яны старанна рыхтаваліся і вельмі хваляваліся, бо не кожны рызыкне прадставіць сваю ідэю на рэспубліканскім узроўні. У выніку ў нас каля 30 пераможцаў у трох намінацыях. Форум атрымаўся сапраўдным святам адукацыі і зносін, і яго ўдзельнікі папрасілі зрабіць форум традыцыйным”, — дадала Іна Мікалаеўна.

На палях форуму адбыўся семінар “Работа куратара: сучасныя выклікі” з удзелам прадстаўнікоў Мінадукацыі, БПЦ, РІВШ, рэспубліканскіх цэнтраў і вядучых УВА краіны. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя падыходы ў арганізацыі работы куратараў — нарматыўна-прававое забеспячэнне і арганізацыйна-метадычныя аспекты. Закранулі таксама пытанні фарміравання пачуцця патрыятызму ў моладзі, духоўна-маральных каштоўнасцей і павагі да нацыянальных традыцый. Абмеркавалі і псіхолага-педагагічныя аспекты ў рабоце куратара, у тым ліку сацыяльна-псіхалагічную адаптацыю першакурснікаў. 

 

Чытайце матэрыял Вольгі Антоненкавай у нумары ад 11 лістапада 2022 года.