Наталля КАСТЭНКА
Зіма ў бягучым годзе з самага пачатку паказвае, што яна прыйшла ў Беларусь з сур’ёзнымі намерамі. Яшчэ ў апошняй дэкадзе лістапада на зямлю лёг сняжок, крыху падмарозіла, і гэта дае беларусам надзею, што навагоднія і калядныя святы пройдуць нарэшце без неабходнасці раскрываць парасон.
Падрыхтоўка да самага любімага свята дзяцей і дарослых ужо ідзе поўным ходам. У беларускай сталіцы зараз устанаўліваюць і ўпрыгожваюць навагоднія ёлкі, хаця святочную ілюмінацыю Мінск уключыць з 15 снежня. Выдатна, што атмасфера Новага года і Каляд, па інфармацыі гарадскіх улад, будзе адчувацца не толькі ў цэнтры горада, але і ў спальных раёнах. Асабліва пашанцуе ў гэтым плане жыхарам і гасцям Шабаноў і Сокала. А вось у сталічных магазінах Новы год ужо адчуваецца. Тут можна не проста загадзя, без перадсвяточнай мітусні набыць салодкія і іншыя падарункі сябрам і блізкім, але і зарадзіцца святочным настроем. Усе мы добра ведаем: чаканне свята бывае намнога больш прыемным, чым само свята.
Не адстаюць ад сталіцы і рэгіёны. У Брэсце галоўная ёлка запаліць свае агні 16 снежня. Гараджан парадуюць выступленнямі творчых калектываў, адмысловым фаер-шоу і г.д. А ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна вырашылі не чакаць свят і ўжо адкрылі лыжную трасу на тэрыторыі спартыўна-біятлоннага комплексу. Сёлета снегу тут выпала столькі, што яго хапіла на ўладкаванне лыжнай трасы. Прычым увесь пушысты сняжок — натуральны, што рэдкасць для няўстойлівай беларускай зімы.
У Віцебску манціруюць галоўную навагоднюю прыгажуню. Яе вышыня складзе 30 метраў, а ў яе афармленні плануецца выкарыстаць каля дзвюх соцень ялінак. Думаецца, будзе прыгожа. А Магілёўшчына рыхтуецца да актыўнай зімы. На радасць дзецям і іх бацькам ужо працуюць лыжныя трасы і пракат спартыўнага інвентару. Хутка ў рэгіёне будуць заліты каткі і ўладкаваны хакейныя каробкі — толькі марозаў дачакаемся. Напрыклад, у Бабруйску з’явяцца новыя хакейныя каробкі на плошчы Леніна, каля Палаца мастацтваў і каля “Бабруйск-Арэны”.
У Гродне з 10 снежня пачне сваю работу калядны кірмаш, на якім арганізатары абяцаюць адкрыць на трэць больш фудкортаў, чым летась. У гэты ж дзень загарыцца агеньчыкамі алея елак у гарадскім парку Жылібера. У Гомелі таксама рыхтуюцца да Новага года. Тут падвялі вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”. Ёлкі з саломкі і дрэва, вязаныя і вышытыя ёлкі, ялінкі з абрэзкаў тканіны і металічныя — Гомельшчына падрыхтавалася да названага зімовага конкурсу грунтоўна і з крэатывам.
А ў Мінскай вобласці днямі вызначыліся з пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст-2022”. Лепшых сімвалаў Новага года выбіралі на базе сярэдняй школы № 1 вёскі Копішча Мінскага раёна. Такім чынам, лепшыя Дзед Мароз і Снягурка — у Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы Мінскага раёна, а найлепшую навагоднюю сюжэтна-ролевую праграму прадставілі ўдзельнікі агляду-конкурсу ад Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Журы агляду-конкурсу вырашыла адзначыць спецыяльнымі прызамі некаторых канкурсантаў. Так, атрымаў прыз журы як лепшы Дзед Мароз культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна Андрэй Уладзіміравіч Цюкалаў, а лепшай Снягуркай назвалі педагога дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Настассю Сяргееўну Бялькевіч. Рэспубліканскі этап конкурсу адбудзецца ў сталіцы 15 снежня бягучага года.
Можна і далей пералічваць, што чакае дзяцей і дарослых па ўсёй краіне напярэдадні самага любімага свята. Аднак трэба памятаць, што свята для нас ствараюць не гарадскія і сельскія ўлады. Свята для сваіх родных і блізкіх ствараем мы самі: сваёй любоўю, увагай, шчырай зацікаўленасцю. Свята перадаецца ад сэрца да сэрца. Ад бацькоў — дзецям, ад настаўнікаў — вучням. І наадварот.