Трэба ведаць кожнаму

- 10:34Абитуриент, Актуально, На парадку дня

Амаль 53 тысячы выпускнікоў школ у 2023 годзе першымі апрабуюць цэнтралізаваныя экзамены. Калі іх правядуць, як будзе выстаўляцца адзнака ў атэстат, у якія тэрміны пройдзе ўступная кампанія і чым яна будзе адрознівацца ад папярэдніх?

“Выніковая атэстацыя школьнікаў у 2023 годзе пройдзе ў выгля­дзе цэнтралізаванага экзамену, уніфікаванага па змесце і форме з ЦТ. Ён стане абсалютна справядлівай і аб’ектыўнай формай ацэнкі ведаў”, — перакананы міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Цэнтралізаваны экзамен

Заданні цэнтралізаванага іспыту будуць выглядаць як тэсты, прычым заснаваныя на базавым узроўні вучэбнай праграмы. Частка А значна зменшана, а частка В павялічана. Гэта зроблена для таго, каб зменшыць долю ўгадвання адказаў. Каб адпрацаваць аб’ектыўнасць падыходу і змястоўнасць тэстаў ЦЭ, Міністэрствам адукацыі была сфарміравана група экспертаў для правядзення экспертызы заданняў. У склад гэтай групы ўвайшлі спецыялісты НІА, АПА і лепшыя педагогі-прадметнікі краіны.

Сёлета ў вучняў толькі адзін абавязковы экзамен — руская або беларуская мова. Другі прадмет можа быць любым, галоўнае, уключаным у пералік дысцыплін, даступных для ЦТ, якіх усяго 15.

“Калі малады чалавек паступае на медыцынскі факультэт і ў яго першы профільны экзамен біялогія і другі — хімія, а ён хоча здаць у выглядзе ЦЭ біялогію — калі ласка. Ніякай розніцы, з пункту гледжання паступлення ва ўніверсітэт, першы ці другі профільны прадмет і ў выглядзе чаго яго здавалі — ЦЭ або ЦТ, тут не будзе”, — падкрэсліў міністр адукацыі.

52 904 адзінаццацікласнікі ў 2023 годзе будуць паступаць па новых правілах.

Ён расказаў, што паводле аналізу ведамства, каля 30% старшакласнікаў выбіраюць матэматыку, 18% і 16% — біялогію і англійскую мову, каля 15% — грамадазнаўства і гісторыю Беларусі. Сюды ж уваходзяць і фізіка, і хімія — у залежнасці ад таго, у якія ўніверсітэты збіраюцца паступаць.

Ацэньвацца цэнтралізаваны экзамен будзе па стабальнай шкале. Вынікі ЦЭ будуць выдавацца ў выглядзе сертыфіката, як і ЦТ, якія пасля перавядуць у 10-бальную шкалу. Сярэдняе арыфметычнае гадавой адзнакі і выніку ЦЭ выставяць у атэстат. 

“Напрыклад, калі старшакласнік атрымае 7 балаў па ЦЭ, а за год у яго выходзіла дзясятка, то мы іх падсумоўваем і атрымліваем 17. Гэтую лічбу дзелім на 2, атрымліваем 8,5 бала. Адзнака акругляецца на карысць вучня, а значыць, у атэстат пойдзе дзявятка”, — патлумачыў Андрэй Іванавіч.

Мінімуму на ЦЭ па наборы балаў, у адрозненне ад ЦТ, таксама няма. Перавод у 10-бальную шкалу прадугледжаны для ўсіх вынікаў ад 0 да 100.

ЦЭ будуць здаваць у больш як 90 пунктах, прычым на гэтыя ўстановы адукацыі кладзецца вырашэнне ўсіх арганізацыйных пытанняў: дастаўка выпускнікоў, іх суправаджэнне, рэгістрацыя і г.д. Дарэчы, больш за 11 тысяч педагогаў будуць задзейнічаны ў арганізацыі і правядзенні ЦЭ. Да таго ж вучні канкрэтнай школы будуць замацаваны за пэўным пунктам здачы ЦЭ.

У дзень другога экзамену, 21 мая, у прызначаным месцы ў розных класах/аўдыторыях правядуць адразу іспыты па ўсіх прадметах, і, як запэўнілі ў Мінадукацыі, для гэтага ёсць усе неабходныя тэхнічныя магчымасці. 

“Гэтыя пытанні ўжо адпрацаваны ў ходзе правядзення рэпетыцыйнага цэнт­ралізаванага экзамену ў васьмі рэгіёнах краіны і ў канцы студзеня будуць адпрацаваны ва ўсіх астатніх”, — паведаміла начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка.

Здача мовы (рускай альбо беларускай) пройдзе 14 мая, а другога профільнага ЦЭ — 21 мая. І абодва гэтыя дні — нядзеля. 

“Ужо ў гэтым навучальным годзе вучэбны план скарэкціраваны такім чынам, каб адзінаццацікласнікі закончылі ўсю неабходную праграму да гэтага часу. Больш за тое, каб была магчымасць правесці паўтарэнне засвоенага матэрыялу”, — сказаў Андрэй Іванец.

Дарэчы, сёлета для выпускнікоў навучальны год заканчваецца не 30, а 25 мая.

Рэзервовыя дні праходжання ЦЭ запланаваны на 23—25 мая для тых, хто адсутнічаў па ўважлівай прычыне, напрыклад, па хваробе. Затым можна будзе пера­здаць ЦЭ ў ліпені, а таксама 21—23 жніўня, праўда, гэтыя дні пераважна для тых, хто быў выдалены з ЦЭ з-за парушэння правіл. І пры такім раскладзе абітурыент ужо зможа прэтэнда­ваць толькі на паступленне ва ўстановы ССА і ПТА.

Залічэнне адоранай моладзі і мэтавікаў

Першыя залічэнні ва ўніверсітэты адбудуцца ў сакавіку.

“Прыёмная кампанія ва УВА ўжо ідзе. У снежні праходзяць першыя адборачныя этапы ўніверсітэцкіх алімпіяд, у лютым адбудуцца іх заключныя туры. А ў першых чыслах сакавіка будзе залічэнне пераможцаў. Гэта першы этап уступнай кампаніі. Пераможцы алімпіяд зоймуць да 15% бюджэтных месцаў, прадугледжаных на наступны год ва УВА. Акрамя таго, у сакавіку таксама будуць праведзены рэспубліканскія алімпіяды па вучэбных прадметах, якія даюць свае бонусы пры паступленні. Згодна з новымі правіламі прыёму, усе фіналісты, а гэта значыць, і пераможцы абласных этапаў, якія атрымалі пахвальныя лісты і паступаюць на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, залічваюцца ва ўніверсітэты па-за конкурсам”, — праінфармаваў міністр.

УВАГА! Дзень здачы ЦЭ — нядзеля!

14 мая ў краіне пройдзе першы цэнтралізаваны экзамен па рускай/беларускай мове, 21 мая — другі ЦЭ па прадмеце на выбар.

Шматэтапнасць, на яго думку, дасц­ь магчымасць перш за ўсё ўбачыць таленавітую моладзь. 

“Практыка цэнтралізаванага тэсціравання, якую мы праводзілі ў папярэднія гады, абітурыентаў ад нас, трэба пры­­знаць, схавала, — канстатаваў А.Іванец. — А цяпер мы можам бачыць будучага студэнта не толькі з пункту гледжання яго ведаў, але і матывацыі, выбару той ці іншай прафесіі”.

Прадстаўнікі спецыяльнасцей творчай накіраванасці і фізічнай культуры цяпер будуць здаваць спецыялізаваны ўнутраны экзамен ва УВА. 

“Гэта тыя спецыялісты, якіх мы павінны ўбачыць не толькі ў рамках выканання тых ці іншых тэставых заданняў, але і ў рамках спецыялізаваных экзаменаў. Гэта тычыцца спецыяльнасцей творчай накіраванасці, фізічнай культуры. Для іх прадугледжана здача ўнутранага экзамену ва ўніверсітэце”, — патлумачыў Андрэй Іванавіч.

У сваю чаргу мэтавікі будуць пасту­паць па бале атэстата (з ЦЭ) і са здачай вуснага экзамену па білеце. Выпрабаванні ва УВА пройдуць 8—10 чэрвеня, а іх залічэнне — да 12 чэрвеня, прычым яшчэ да пачатку здачы ЦТ.

“Калі ж абітурыент-мэтавік не прайшоў па конкурсе, ён можа паступаць на бюджэтную або платную форму навучання, — удакладніў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. — На асобныя спецыяльнасці магчымы конкурс. Як правіла, гаворка ідзе пра медыцынскія прафесіі. Калі выпускнік пацерпіць фіяска, не будзе залічаны на мэтавую падрыхтоўку, у яго ёсць варыянт — дадаткова прайсці ЦТ. А сертыфікат ЦЭ будзе на руках у любога выпускніка школы. Ёсць у мэтавіка, які не прайшоў па конкурсе, і іншы варыянт — паступіць на спецыяльнасці, дзе патрэбен унутраны іспыт”.

Сяргей Каспяровіч таксама адзначыў, што лічбы прыёму на мэтавую падрыхтоўку будуць размешчаны на сайтах УВА, профільных міністэрстваў, у тым ліку Мінадукацыі ў раздзеле “Абітурыент-2023”.

“Мы дапаможам школьнікам, якія хо­чуць паступіць на мэтавую падрыхтоўку, і заказчыкам, якія вырашылі заказаць сабе будучага спецыяліста, знайсці адно аднаго, — дадаў Сяргей Антонавіч. — Пры гэтым ісці трэба па клічы сэрца і сваю прафесійную прыхільнасць да таго ці іншага напрамку не ігнараваць, разумеючы сваё прызванне”.

Па падліках Міністэрства адукацыі, гэтыя дзве катэгорыі абітурыентаў — мэтавікі і тыя, хто будзе здаваць унутраны спецыялізаваны экзамен, — зоймуць каля чвэрці бюджэтных месцаў ва УВА.

Міністр таксама нагадаў, што з 1 сту­дзеня 2021 года функцыянуе Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Вучні, якія туды трапляюць, праходзяць чатырохступеньчатую структуру адбору. Мяркуецца, што тыя з іх, хто паспяхова прайшоў навучанне ў дзіцячым тэхнапарку і атрымаў рэкамендацыю назіральнага савета, змо­гуць пасту­піць у сталічныя і рэгіянальныя ўніверсітэты на адпаведны профіль па субяседаванні. Колькасць такіх абітурыентаў можа быць дастаткова вялікай — каля 400 юнакоў і дзяўчат штогод.

“У Беларусі ўжо ёсць станоўчы вопыт прыёму абітурыентаў у фармаце субяседавання, гэта тычыцца выпускнікоў профільных класаў: педагагічных, аграрных. У гэтым годзе мы дададзім выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў і ваенна-пат­рыятычных клубаў, якія паспяхова функцыянуюць на базе як унутраных войскаў МУС, так і Міністэрства абароны і Дзяржпагранкамітэта. І тых, хто паспяхова прайшоў там навучанне, змогуць па-за конкурсам залічыць у спецыялізаваныя УВА”, — адзна­чыў Андрэй Іванец.

Да таго ж і выпускнікі ліцэяў будуць паступаць без іспытаў. “Сёння мадэль ліцэйскай адукацыі, асабліва тых ліцэяў, якія функцыянуюць пры УВА, мы бу­дзем развіваць. Напэўна, у перспектыве ліцэісты пачнуць паступаць без экзаменаў пры пэўнай паспяховасці. У прыёмную кампанію наступнага года такую схему паступлення апрабуем на двух ліцэях: БДУ і БНТУ. У выпадку поспеху будзем рэалізоўваць і далей”, — удакладніў А.Іванец.

Такім чынам, каля 14 тысяч бюджэтных месцаў ва УВА зойме матываваная, адораная, таленавітая моладзь, якая паказала сябе і свядома выбрала будучую прафесію.

УВАГА! Сёлетнія адзінаццацікласнікі змогуць “парэпеціраваць” здачу новага іспыту. Так, 28 студзеня “прагон” ЦЭ пройдзе ў тых рэгіёнах краіны, дзе яго яшчэ не праводзілі.

Характарыстыка

“Форма характарыстыкі распрацавана Міністэрствам адукацыі. Яна ўключае 11 пунктаў, сярод якіх, безумоўна, анкетныя і сямейныя даныя, а таксама хобі і захапленні абітурыента, удзел у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, дзейнасці грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў і інш. Характарыстыка будзе зац­вярджацца на педагагічным савеце школы, а падпісвацца дырэктарам школы. Мы думаем, што такі крок павысіць адказ­насць як навучэнцаў, так і школы. Пасля характарыстыка будзе ўплываць на пабудову выхаваўчай і адукацыйнай траекторыі гэтага абітурыента, калі ён прыйдзе 1 верасня на вучобу”, — патлумачыў Андрэй Іванавіч.

У Міністэрстве адукацыі працуе тэлефонная лінія па пытаннях уступнай кампаніі і выпускных экзаменаў. Тэлефанаваць можна ў будні з 14:00 да 18:00 па нумары 8 (017) 222-43-12.

Характарыстыка выпускніка школы будзе падавацца разам з заявай аб паступленні ва УВА, а значыць, яна ўвойдзе ў камплект дакументаў, неабходных пры паступленні. Міністр адукацыі перакананы, што ўвядзенне абавязковых характарыстык мае вялікі патэнцыял: “Шмат старшакласнікаў займаюцца ў розных творчых гуртках, з’яўляюцца пераможцамі рэспуб­ліканскіх і міжнародных конкурсаў. Гэта ўсё будзе адлюстравана ў характарыстыцы. А ва ўніверсітэтах у нас сёння вялікая колькасць ансамбляў і розных калектываў, актыўна развіваецца студэнцкі спорт”.

Міністр нагадаў, што гэтым летам была прынята новая пастанова Савета Міністраў аб размеркаванні выпускнікоў УВА. Пры размеркаванні нароўні з паспяховасцю пачалі ўлічваць і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта. 

“Рэктар, дэкан факультэта могуць студэнтам, якія, магчыма, крыху горш вучыліся, але былі вельмі актыўныя ў грамадскім жыцці, прадастаўляць права першачарговага размеркавання. Гэта сур’ёзны матывуючы бонус для тых, хто сапраўды жыве паўнацэнным, актыўным жыццём”, — заўважыў ён.

Дадатковыя балы за характарыстыку пры залічэнні ва ўстановы адукацыі даваць не будуць. Аднак пры роўнай колькасці балаў у час уступнай кампаніі перавагу аддадуць таму абітурыенту, які больш актыўна праявіў сябе ў час навучання ў школе.

Усяго ж для паступлення абітурыенту спатрэбіцца 4 адзнакі. 

“Здача двух цэнтралізаваных экзаменаў і адпаведныя сертыфікаты па іх пасля заканчэння сярэдняй школы. Адзін дадатковы экзамен у форме цэнтралізаванага тэсціравання. І сярэдні бал атэстата. Фактычна, як і раней, максімальная колькасць балаў, якую можа набраць абітурыент, будзе 400 балаў, — заявіў Андрэй Іванец. — Усе гэтыя новаўвядзенні накіраваны на стварэнне справядлівых умоў для ўсіх абітурыентаў пры паступленні. Спадзяёмся, што ўсе гэтыя навацыі будуць станоўча ўспрыняты і настаўнікамі, і выпускнікамі, і іх бацькамі.”

Вольга АНТОНЕНКАВА.