Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці прайшоў у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Самым фінансава адукаваным у краіне сярод школьнікаў стаў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 1 Пінска Мікалай Леанавец, — ён набраў 90 балаў са 100 магчымых.
У алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці Мікалай Леанавец удзельнічаў упершыню, але ўжо мае багаты вопыт удзелу ў прадметных алімпіядах і дасягнуў высокіх вынікаў. Так, у мінулым навучальным годзе Мікалай стаў уладальнікам дыплома І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і дыплома ІІ ступені алімпіяды па гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рыхтаваў навучэнца і да спаборніцтваў па гісторыі, і да алімпіяды па фінансавай дасведчанасці яго класны кіраўнік настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Аляксандр Аляксандравіч Вайтовіч.
“Калі гаварыць пра падрыхтоўку да алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, то ў школе мы ў асноўным рыхтаваліся па той інфармацыі, што размешчана на адзіным партале фінансавай дасведчанасці, а дома Мікалай вывучаў яшчэ і дадатковую інфармацыю, — расказаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Пінска Аляксандр Вайтовіч. — У мінулым навучальным годзе адзін з маіх вучняў прымаў удзел у адпаведных спаборніцтвах гарадскога этапу. Мікалай зацікавіўся гэтым і сказаў, што таксама хоча паспрабаваць. Пасля гэтага мы з ім сабралі ўсе магчымыя заданні з алімпіяд гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню за папярэднія гады і пачалі рыхтавацца. Я ўпэўнены, што жаданне перамагаць, быць лепшым Мікалаю ўласціва ў тым ліку дзякуючы заняткам лёгкай атлетыкай — спартсмены заўсёды імкнуцца быць лепшымі, абысці канкурэнтаў”.
Дамашнія заданні па фінансах настаўнік правяраў у вучня двума спосабамі: даваў яму заданні спачатку з адказамі, а пасля без іх.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 13 снежня 2022 года.