Магія абнаўлення

- 10:31Авторские колонки, Рэмарка

Наталля СТЭЛЬМАХ

 

 

 

 

 

 

 

Новы год мае асаблівую магію. У пераносным сэнсе лічыльнік абнуляецца, і ў нас ёсць яшчэ 365 пустых старонак, якія трэба запоўніць перажываннямі, успамінамі, гісторыямі і многім іншым. Апошнія дні года — лепшы час для пастаноўкі новых мэт і планаў. Такім чынам, мы пачынаем студзень з вялікім энтузіязмам і энергіяй, перакананыя, што гэта будзе наш год.

Цаніце атрыманыя дасягненні

Калі мы падводзім вынікі ў канцы года, то, як правіла, негатыўна ацэньваем тое, што з намі адбылося, і рэдка трацім час на разважанні пра тое, чаго дасягнулі. Каб быў баланс, усё павінна быць па схеме: станоўчыя падзеі — адмоўныя. Гэта як складаць баланс расходаў і даходаў: трэба не толькі вызначыць расходы, якія ў нас былі, але і даходы, каб ацаніць, ці былі ў нас прыбыткі або страты. Эмацыянальна мы павінны ра­біць тое ж самае, цаніць тое, чаго дасягнулі, крокі наперад, якія зрабілі ў нейкім аспекце свайго жыцця. Цаніце нават маленькія поспехі. Напрыклад, калі вы цэніце толькі вышэйшую адукацыю, то праведзяце гады свайго жыцця расчараваным студэнтам. Аднак, калі вы цэніце дысцыпліны, якія вывучылі за апошні год, магчыма, у вас будзе больш матывацыі працягваць вучобу і ўдасканальвацца ў наступным годзе.

Гігіена нашай штодзённай дзейнасці вельмі важная. Нам уласціва накручваць сябе, пужаць адно аднаго, перадаючы негатыўную інфармацыю. Каляды і Новы год — добры час, каб адмовіцца ад гэтых часам фальшывых навін, якія палохаюць і трывожаць. Лепш засяродзіцца на размовах, нават па тэлефоне, з членамі сям’і аб штодзённым жыцці, без страху і асуджэння. Некаторым людзям проста неабходна адгарадзіцца ад таго, што іх непакоіць і аказвае моцны ўплыў на іх настрой і адносіны з блізкімі.

Вучыцеся на памылках

Ацаніце памылкі, здзейсненыя вамі ў мінулым го­дзе, і пастарайцеся не дакараць сябе за іх. Лепш падумайце, што вы павінны зрабіць інакш, каб у наступным годзе вам не давялося зноў успамінаць тыя ж негатыўныя аспекты свайго жыцця. Ацэнка памылак дапамагае змяніць сітуацыю, таму памятайце пра іх і ўлічвайце змяненні.

Парада псіхолага

Не дазваляйце негатыву ўваходзіць у ваша жыццё. Для гэтага варта мець зносіны з людзьмі, блізкімі вам па духу, забыць пра работу, хаця б на навагоднія святы, і не ствараць сітуацый, з якімі вы не можаце справіцца эмацыянальна.

Усе мы розныя, таму нам і падабаецца ўсё рознае. Дагадзіць усім адразу не атрымаецца, ды і не варта. Нечым давядзецца ахвяраваць, таму дайце абяцанне блізкім людзям, якія будуць абдзелены вашай увагай, што вы сустрэнецеся з імі падчас свят, і стрымайце абяцанне.

Будзьце гатовы да хвалі негатыву. Я маю на ўвазе, што кожны чалавек можа быць засмучаны чым-небудзь у навагоднюю ноч. Калі будзеце сустракаць з такім чалавекам Новы год, то не апускайце рукі: пастарайцеся не пазбягаць зносін з ім, а дапамагчы і падтрымаць. Нікога не пакідайце без дапамогі: вы таксама можаце апынуцца ў такой сітуацыі.

Памятайце, што ў гэты чароўны час не важныя ваш матэрыяльны дастатак, узрост і прафесія. Галоўнае іншае — тое, што ўнутры вас: дабро або негатыў. Вельмі хочацца, каб гэта было дабро і светлыя думкі. Пасяліце ў сваім сэрцы надзею на светлую будучыню, каб падзяліцца ёй з навакольнымі.