Паралонавы лес, пернікавы гушчар

- 11:26Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Калі вам шкада стройную зялёную елачку, што трапіла з лесу ў цесную гарадскую кватэру, то хутчэй спяшайцеся ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк на выставу “ТэхнаЁлка”.

Тут вы ўбачыце сотні дзівосных дрэў, ні адно з якіх не было ссечана пад самы карэньчык. Наадварот, кожнае з іх з любоўю, карпатліва стваралася пяшчотнымі дзіцячымі рукамі — ад пушыстай вершалінкі да кожнай зялёнай іголачкі.

Як расказвае Наталля Фёдараўна Баб­роўская, метадыст аддзела выставачнай і прэзентацыйнай работы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, сёлета ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 650 ёлак, якія размеркаваны па намінацыях “Дызайн-ёлка”, “Хай-тэк-ёлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “РэтраЁлка”, “Ёлка-трансформер”, “Калядная кампазіцыя”, “Навагодні сувенір”, “МультымедыяЁлка”, “Святочныя ўпрыгажэнні”, “Сімвал 2023 года”, а таксама патрыятычных намінацыях “Ад прадзедаў спакон вякоў” і “Год гістарычнай памяці”. Усе творчыя работы створаны рукамі навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі, каледжаў і ліцэяў. Гэта лепшыя конкурсныя праекты, што паспяхова прайшлі этап абласных адбораў і цяпер будуць прадстаўлены на вялікай экспазіцыі ў сталіцы.

З дня адкрыцця рэспубліканскай выставы “ТэхнаЁлка”, 14 снежня 2022 года, у На­цыянальны дзіцячы тэхнапарк на экскурсіі прыязджаюць школьнікі з усёй краіны. Асаблівы наплыў наведвальнікаў назіраецца ў канікулярны час. Наведванне выставы — выдатны варыянт заняць школьнікаў у вольны ад вучобы час. Акрамя няспешнай прагулкі па экспазіцыі з дэманстрацыяй не­звычайных магчымасцей штучных ёлак, для хлопчыкаў і дзяўчынак тут падрыхтаваны майстар-клас па разгадванні галаваломак.

Дзецям прапануецца сабраць пазлы, разгадаць рэбусы, рашыць інтэлектуальныя задачкі на кемлівасць і ўважлівасць. “На завяршэнне мы з гасцямі загадваем жаданні і запальваем чароўную свечку. Прапаную дзецям задумаць любімы колер: калі полымя загарыцца гэтым колерам, значыць, жаданне спраўдзіцца. Вядома ж, свечка не простая, яна зіхаціць усімі колерамі вясёлкі: так што дзеці пакідаюць нас з цвёрдай верай у здзяйсненне сваіх самых запаветных мар. А што яшчэ патрэбна для стварэння цудоўнага, святочнага настрою! Наперадзе школьнікаў чакае толькі самае лепшае: адпачынак, новыя ўражанні, пачастункі і падарункі”, — усміхаецца Наталля Фёдараўна.

Па экспазіцыі “ТэхнаЁлкі” можна гу­ляць гадзінамі: больш за 650 экспанатаў, ні адзін з якіх не паўтараецца.

 

Чытайце матэрыял Віталіны Несцяровіч у нумары ад 30 снежня 2022 года.