Вераснёўскі госць праекта “Мая школа”, на першы погляд, не зусім упісваецца ў педагагічны кантэкст нашага выдання. Але гэта толькі на першы погляд. Акрамя практычнай і кіраўніцкай дзейнасці, ён вучыць сваёй прафесіі студэнтаў і сталых спецыялістаў у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.Наш сённяшні субяседнік — намеснік галоўнага ўрача 9-й клінічнай бальніцы Мінска, кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, кандыдат медыцынскіх навук Алег Алегавіч РУМО.
— Алег Алегавіч, адукацыйная траекторыя кожнага з нас пачынаецца менавіта ў школе. Якая яна, школа вашага дзяцінства?
— Я родам са Cлуцка і вучыўся ў тагачаснай сярэдняй школе № 7 (сёння гэта гімназія № 2 Слуцка). Як ні дзіўна, я вельмі добра памятаю сваю першую настаўніцу Лілію Сцяпанаўну Кохан. Ёй тады было пад 50 гадоў.
Гэта быў добры і светлы педагог, і, відаць, таму ў мяне (ды, думаю, не ў аднаго мяне) з ёй звязаны вельмі цёплыя ўспаміны. Калі я вучыўся ў другім класе, наша настаўніца вельмі сур’ёзна захварэла і неўзабаве памерла. Але да канца школьных гадоў мы з аднакласнікамі ездзілі на яе магілу. Потым да трэцяга класа нас вучылі розныя педагогі, якія ў памяці не засталіся, відаць, таму, што Лілію Сцяпанаўну нам ніхто не змог замяніць.
Чацвёрты клас — гэта зусім іншая гісторыя. Тады да нашага навучання падключыліся настаўнікі-прадметнікі. Класны кіраўнік — малады педагог адразу пасля інстытута Ганна Аляксееўна Серыкава выкладала нямецкую мову.
Я вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы, але якраз-такі паглыблена замежную мову не вывучаў, бо вучыўся ў звычайным, а не ў спецыялізаваным класе. Аб гэтым мне потым неаднойчы прыйшлося пашкадаваць — нямецкую мову я вучыў ужо ў сталым узросце. Аб гэтым потым шкадавалі і мае бацькі (у іх у той час была пазіцыя: залішне не нагружаць дзіця). Ды і прыярытэты ў тым далёкім 1977 годзе былі зусім іншыя: у правінцыяльным горадзе ніхто нікудыехаць не збіраўся.
Вучыўся я вельмі добра. На працягу ўсіх 10 школьных гадоў гадавыя былі толькі пяцёркі, а вось пахвальны ліст я атрымліваў не заўсёды. Гэта было звязана з тым, што ў якасці выхаваўчай меры мне ставілі здавальняючыя паводзіны.
— На чым звычайна “паліліся”?
— Быў няўрымслівы, будаваў шалашы, лазіў па будоўлях — меў звычайнае для 70-х дваровае хлапечае жыццё. У нас тады былі свае правілы, свае паняцці пра гонар, пра прыстойнасць (з майго цяперашняга пункта погляду яны былі вельмі правільныя): старэйшыя глядзелі за малодшымі, малодшыя — за яшчэ меншымі, каб не крыўдзілі. Калі нешта паабяцаў — значыць, трэба гэта выканаць. Калі сказаў — зрабіў. І пры ўсёй нашай шалапаватасці ніколі не “свяціліся” ні ў дзіцячых пакоях міліцыі, ні ў крымінальных справах. Самым нашым вялікім крыміналам быў налёт на чыйсьці сад (ну ўжо ж вельмі яблыкаў захацелася!), і гэта пры тым, што ў кожнага былі свае яблыкі. Цікава было проста залезці, нарваць, накідаць яблыкаў за пазуху, бегчы адтуль, палову яблыкаў пагубляўшы…
— Куміры сярод настаўнікаў былі?
— У школе ў мяне ўвогуле не было куміраў. І толькі пасталеўшы я стаў разумець, што мая школа была правільная. Ну мог настаўнік даць тумака вучню, але з гэтай прычыны мы не вылі. Таму і бацькі не хадзілі ў школу “разбірацца”, калі хто-небудзь “ляцеў” па лесвіцы і адхопліваў за гэта падзатыльнік — гэта ўспрымалася спакойна і натуральна.
Наш дырэктар (каго больш за ўсё не любяць і каго больш за ўсё баяцца? дырэктара, канечне!) быў фізікам, і ў процівагу меркаванню, што кожны настаўнік можа прыгожа выказаць свае думкі, не меў асаблівага таленту красамоўства. Гаварыць ён не мог зусім — ён мог рабіць. І тыя словы, якія ён гаварыў, — выклічнікі, няправільна пабудаваныя фразы — былі пастаянным прадметам кпін і парадзіравання (канечне, за спінай — хто ж мог дырэктару што-небудзь у адкрытую сказаць: каля яго кабінета нават не бегаў ніхто: пераходзілі з бегу на ціхі крок на пальчыках). Тады былі такія правілы.
Педагагічны калектыў у цэлым быў вельмі добры. І ў гэтым была заслуга нашага дырэктара. Сёння (мне гэта вельмі блізка, бо ў гэтым годзе дачка скончыла школу) магу з упэўненасцю сказаць, што настаўнікі былі прафесійнымі, чэснымі і справядлівымі. Вучыліся там абсалютна звычайныя дзеці з абсалютна звычайных, па большасці рабочых, сем’яў. Усе мае аднакласнікі сёння працуюць: хто — тут, а хто — і за мяжой, ніхто не звязаны з крыміналам, кожны з нас стаў Чалавекам. І шмат у чым тут заслуга нашай школы, і таму я магу сказаць пра яе толькі самыя добрыя словы.
— Ваш бацька меў даволі высокую для райцэнтра пасаду. Ці прыходзілася вам карыстацца “дыпламатычнай недакранальнасцю”?
— Мой бацька Алег Васільевіч тады быў намеснікам галоўнага ўрача Слуцкага раёна, але я ніколі не знаходзіўся ў прывілеяваным становішчы. Тым больш што ні я, ні мой бацька ніколі не выкарыстоўвалі свой сацыяльны статус.
— Ці былі ў вашым школьным жыцці казусы?
— Адзінае, за што мне пападала, дык гэта за паводзіны — з вучобай у мяне ніколі праблем не было. Пару разоў бацька пагражаў, што, калі ў мяне будзе яшчэ адна заўвага, для мяне гэта дрэнна скончыцца… Цялесныя пакаранні ў нашай сям’і не практыкаваліся, таму найгоршай карай была забарона схадзіць на каток ці, напрыклад, у кіно.
У той час існаваў класны дзённік, куды запісвалі ўсе заўвагі. Дык вось у тым дзённіку мы выціралі заўвагі і чырвонай ручкай выпраўлялі на якую-небудзь бяскрыўдную звычайную заўвагу тыпу “Забыўся сшытак” ці што-небудзь падобнае. А ў шостым класе пасля маіх такіх выпраўленняў здарылася нечаканае: настаўнік узяў дзённік і ўбачыў “ім напісаную” заўвагу. Справа ў тым, што ён такіх заўваг увогуле ніколі не пісаў. А я ж гэтага не ведаў. І з гэтай прычыны мне добра дасталася: акрамя іншага, мяне пазбавілі “прыкладных паводзін” і, натуральна, пахвальнага ліста па выніках года.
Нечага асаблівага, што запала б у душу, уласна кажучы, і не было. Былі КВЗ, конкурсы, дыскатэкі і нават камсамольская работа. У дзясятым класе дырэктар фактычна прымусіў мяне на адзін год узначаліць школьны камітэт камсамола: іншых кандыдатаў-камсамольцаў з маіх малодшых таварышаў тады не было, і мне прыйшлося гэтым займацца. Я прытым ніколі не быў у ліку школьных актывістаў — нефармальным лідарам быў, а вось “фармальнае” лідарства мяне асабліва не цікавіла.
Але гэта было сур’ёзна. Раённыя і гарадскія канферэнцыі, справаздачныя сходы, наведванні райкама, даручэнні… Выйсці з дваровага жыцця было значным выпрабаваннем: я ж быў камсамольскім лідарам і не мог сабе гэтага дазволіць. Тады жылі раёнамі, але адносна мірна. Сценка на сценку, як старэйшыя на тры-чатыры гады хлопцы, мы не хадзілі, біліся час ад часу, але не моцна. І мне прыйшлося на пэўны час пра гэта забыцца.
— Ці былі ў вас любімыя прадметы?
— Я вельмі любіў гісторыю, і мне падабалася хімія.
— Гэта было звязана са зместавым бокам прадметаў, або на гэта аказалі ўплыў настаўнікі?
— Мне як выдатніку давалася ўсё, нават несумяшчальныя прадметы, як літаратура і фізіка, атрымліваліся аднолькава добра, але найбольш цяжкія адносіны былі з рускай мовай — пісаў я з памылкамі.
Думаю, не бывае, каб прыхільнасць да пэўнага прадмета сфарміравалася без удзелу настаўніка. Маючы пэўную педагагічную практыку, я гэта вельмі добра разумею. Бо можа ж быць і такі настаўнік, што пасля школы не захочацца нават падручнік адкрываць.
Памятаеце стары фільм “Ключ без права перадачы” (1976) з Аленай Проклавай у галоўнай ролі? Вось амаль такая, як гераіня фільма, была ў нас настаўніца гісторыі. Ёй было недзе 27—29 гадоў, яна была не замужам і дзяцей не мела. Вельмі ўражлівая і эмацыянальная, яна магла расплакацца, калі мы, здаравенныя лбы-дзесяцікласнікі, сказалі што-небудзь крыўднае ў яе адрас. Яна жыла сваімі вучнямі, разам з ёй мы ездзілі ўсюды, куды толькі маглі, яна арганізоўвала бітвы, КВЗ, іншыя забавы і гульні (злыя языкі за яе спінай казалі, што яна такая ў школе, бо не мае ўласнай сям’і), і я лічу, што настаўнік павінен быць такім.
Аксана Аляксееўна Куніцкая, настаўніца хіміі, была зусім іншай. Будучы чалавекам іншай фармацыі, яна была, з сённяшняга пункта погляду, дастаткова жорсткім педагогам. Яна магла рабіць тое, што, здавалася б, і не трэба было рабіць з дзецьмі. Сур’ёзны прафесіянал у сваёй рабоце, любіць хімію яна прымушала. У прыватнасці, не цярпела, калі ты быў непадрыхтаваны (ёсць настаўнікі, да якіх можна прыйсці на ўрок непадрыхтаваным і неяк потым выкруціцца, але яна была не з такіх).
Вось так і атрымалася — дзве супрацьлегласці: адна вабіла, адкрывала душу, пагружалася ў дзяцей і жыла іх праблемамі, а другая нікога нікуды не вабіла, але прымушала дасягаць якаснага выніку.
— У народзе кажуць, “чым лепшы ўрач, тым горшы почырк”. А як у вас з почыркам?
— На мне гэтая прыкмета працуе — почырк у мяне проста жудасны. Часам даходзіць да таго, што я сам не магу сябе прачытаць.
— Якімі замежнымі мовамі вы валодаеце?
— З нямецкай мовай асаблівых праблем няма: даволі добра гавару па-нямецку і разумею, што мне гавораць. Працэнтаў на 70 разумею англійскую мову, а вось англійскі слоўнікавы запас у мяне вельмі слабы, таму ў гутарцы па-англійску я выступаю ў ролі сабакі, які ўсё разумее, але сказаць нічога не можа.
— Што было першасным: вы вучылі мову, а потым сталі яе выкарыстоўваць ці вучылі з-за неабходнасці?
— Жаданне вывучыць замежную мову не было маім імператывам, які ішоў ад сэрца. Гэта тое, што мне прыйшлося (!) рабіць. Сярод шэрагу спраў, якія я павінен за паўгода здзейсніць — пачаць маё ператварэнне з сабакі, які толькі разумее, у істоту, якая можа выказацца па-англійску. Добра разумею, што на рэалізацыю гэтай задумы прыйдзецца выдаткаваць гады два, але пачаць я павінен гэта ў найбліжэйшы час. Некалькі разоў я гэта ўжо пачынаў, але кожны раз закідваў: пэўным чынам складваліся абставіны, але галоўнае — у мяне не было такой жорсткай матывацыі, як зараз. Сёння для мяне гэта архіважна! Для прафесійных зносін адной нямецкай мовы ўжо не хапае.
— Наколькі вы змаглі выправіць тое, чаго самі ў пэўны час не зрабілі?
— Мая дачка Алена сёння ведае англійскую мову значна лепш, чым я. Яна вучыцца на факультэце міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта па спецыяльнасці “Міжнароднае права”. І, натуральна, замежная мова з’яўляецца зараз для яе не толькі адным з галоўных вучэбных прадметаў, але і інструментам работы ў будучым. Хаця яна лічыць, што ведае замежную мову недастаткова добра. Здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне па англійскай мове на 70 балаў, была вельмі расчаравана (бо па рускай мове было 93 балы, а па грамадазнаўстве — 95), што стала стымулам да далейшага ўдасканалення. Мяне вельмі радуе, што яна разумее сваю адказнасць.
— А які вы бацька? Як вы сябе можаце ахарактарызаваць з гэтага боку?
— Калі я пачынаю сябе характарызаваць з пазіцый таго, як трэба рабіць, то, на жаль, я не раблю таго, што трэба. Бацькоўская любоў і імкненне аберагаць сваё дзіця, прага выканаць яго жаданне часам пераважаюць. Добра разумею, што ў некаторых выпадках, калі можна было б штосьці забараніць, я даю слабінку — і дзіця гэта таксама добра разумее.
— У многіх інтэрв’ю вы гаварылі, што выбар прафесіі не быў нечаканым і быў закладзены, відаць, на падсвядомым узроўні.
— Бацькоўскі ўклад жыцця, безумоўна, значна паўплываў на фарміраванне маёй асобы. Але, як бы дзіўна гэта ні гучала, я ніколі не меў жадання стаць урачом. Аднак калі я заканчваў школу, усе ўжо чамусьці былі ўпэўнены, што я буду паступаць у медінстытут.
— Цяжка было паступаць?
— Школу я скончыў з медалём, таму пры паступленні здаваў адзін экзамен. І здаў яго на “выдатна”. Гэта не быў шчаслівы выпадак, таму што мая падрыхтоўка да ўступных экзаменаў была надзвычай сур’ёзнай. Акрамя таго, што я нядрэнна ведаў школьную праграму, цэлы год дадаткова займаўся з выкладчыкам біялогіі (гэта быў прафілюючы прадмет).
Па-першае, “свяціла” армія. Я нічога супраць службы ў арміі не маю, але быў выбар: паступаць адразу пасля школы ці толькі пасля службы ва Узброеных Сілах. І ў той час другі варыянт не разглядаўся ў прынцыпе.
Па-другое, трэба было падтрымліваць гонар школы і сям’і. Выдатнік, а тым больш медаліст, проста не меў права не паступіць. Акрамя таго, наша сям’я ў Слуцку была навідавоку. І ўявіце сабе, што было б, каб я, выдатнік, сын такіх бацькоў, не паступіў — тут хоць дамоў не вяртайся! Зразумела, што зараз грамадства змянілася і пазбавілася многіх стэрэатыпаў, а раней менавіта так і было.
Дык вось, скончыўся выпускны вечар. Мы прыйшлі ў 5 гадзін раніцы. А ў 3 гадзіны дня маці мяне пабудзіла і пасадзіла за кніжкі. Тады паміж выпускнымі і ўступнымі экзаменамі быў месяц. І з першага дня і да самага экзамену з перапынкамі на сон і ежу я сядзеў і вучыў, я нават не выходзіў на вуліцу. Звычайна мне дазваляліся многія рэчы, але, калі я хацеў у гэты месяц пайсці пагуляць у футбол, маці “ўставала на дыбкі” і ўзнімала гвалт — кантроль быў вельмі жорсткі.
І гэта, безумоўна, дало вынік. Потым, ужо скончыўшы інстытут, я ўбачыў свой экзаменацыйны ліст. Выкладчык, які прымаў экзамен, паставіў “выдатна” і напісаў: “Бліскучы адказ”. На той момант школьную праграму я, сапраўды, ведаў “ад зубоў”.
— Ці дапамагла гэтая база ў наступныя гады?
— Так, але толькі на першым курсе. Мне было вельмі проста здаць інстытуцкі экзамен па біялогіі: я ўжо ведаў усё, за выключэннем шэрагу спецыфічных тэм.
— Бацькі трымалі вас у рамках пэўнай адукацыйнай і выхаваўчай траекторыі?
— Я так бы не казаў. Канечне, бацькі цікавіліся маімі адзнакамі, хадзілі на бацькоўскія сходы, але і гарэзнічаць мне не забаранялі: ты можаш хадзіць гуляць, можаш сустракацца з сябрамі, прывесці дадому знойдзенага недзе сабаку (а цябе потым з гэтым сабакам маці мокрым ручніком выганяла на вуліцу, бо сабака быў блахасты) — гэта было, як ва ўсіх дзяцей. Але пры тым, што мне давяралі, я ніколі не рабіў такога, што б магло абразіць ці зганьбіць маіх бацькоў. Ну пабіліся, ну за яблыкамі да кагосьці залезлі, ну прывёў нехта за вуха да бацькоў, бо дзяўчат за коскі пацягаў, — гэтым, уласна кажучы, і заканчвалася.
— Хто быў больш цвёрды ў выхаванні, маці ці бацька?
— У нас было заўсёды так: фармальна выхаваннем займалася маці, Валянціна Міхайлаўна, але “за кадрам” заўсёды прысутнічаў бацька. Бо, сапраўды, аўтарытэт бацькі ў любой сям’і стварае менавіта маці. І гэта было правільна. І я стараўся і ў сваёй сям’і гэта ўвасобіць. Нейкіх пакаральных дзеянняў ад маці я не баяўся зусім, бо ведаў, што гэта на гадзіну-дзве. А што тычыцца пакаранняў з боку бацькі… Гэта для мяне быў спыняючы фактар, і я стараўся да такога не даводзіць.
— Як складваліся адносіны са старэйшай сястрой?
— Ала старэйшая за мяне на 5 гадоў. Склалася так, што з-за шэрагу абставін зносіны з ёй у мяне былі вельмі абмежаваныя. Да таго, як бацькі атрымалі новую кватэру, мы жылі ў бабулі з дзядулем. На момант пераезду Ала ўжо вучылася ў школе, і бацькі прынялі рашэнне не мяняць школу. Так, сястра з панядзелка па пятніцу жыла ў бабулі, а на выхадныя прыходзіла дадому. Ад бабулі да нас было хвілін 20 пяшком, але па слуцкіх мерках гэта была велізарная адлегласць. (У нашым тагачасным разуменні больш за пяць хвілін да школы — гэта было вельмі многа. Каля нас былі дзве школы. Да адной сем хвілін пехам, да другой — пяць. Вось у тую, да якой пяць, я і пайшоў.)
У дзяцінстве ў нас не было блізкіх адносін. Зараз, калі мы сталі дарослымі, адносіны ў нас больш цёплыя. А тады мы ўвесь час “разміналіся”: калі яна паступіла ў медыцынскі інстытут (яна ўрач-гематолаг, зараз працуе галоўным урачом станцыі пералівання крыві ў Слуцку), я быў у шостым класе; калі я паступіў у медінстытут, яна была ўжо на апошнім курсе, потым яна вярнулася ў Слуцк, а я вучыўся ў медінстытуце — увесь час у розных месцах.
— Ваша бабуля працавала медыцынскай сястрой, бацькі — урачы, старэйшая сястра — таксама. Хто яшчэ ў вашай сям’і звязаны з медыцынай?
— Мая жонка Наталля па адукацыі таксама ўрач, акушэр-гінеколаг, скончыла ардынатуру. Былі часы, калі ўрачы зараблялі капейкі, а трэба было неяк жыць (былі ўрачы, якія ўмелі зарабляць грошы, нават атрымліваючы малую зарплату, але мая жонка была не з такіх — не атрымлівалася). Зараз яна працуе медыцынскім дырэктарам у адной замежнай кампаніі.
Яна дзівосны чалавек па ўсіх параметрах: і па чалавечых, і па духоўных. Мы жанаты ўжо 20 гадоў, і ў нас дагэтуль захаваліся цёплыя і сяброўскія адносіны. Наталля з’яўляецца ў нашай сям’і маторам і лакаматывам — у яе нястрымная энергія: ёй увесь час нешта трэба, ёй заўсёды карціць нешта рабіць, чагосьці дасягнуць, да нечага імкнуцца…
Яна пастаянна мяне “зганяе з канапы” і прымушае рухацца, бо адчувае ў гэтым вялікую патрэбу. Я такой глабальнай патрэбы не адчуваю: мне добра на канапе, з сябрамі ў лазні ці спартзале.
— У школе вы былі прыкладным вучнем, а ў інстытуце?
— За ўвесь інстытут я атрымаў толькі дзве чацвёркі, і тыя толькі з-за таго, што пачаў сустракацца з маёй будучай жонкай (дарэчы, пра гэта неаднойчы мне нагадвала маці, але жонка побач са мной ужо 20 гадоў, а чацвёрак больш не было). Вучыцца ў інстытуце мне падабалася, бо я любіў вучыцца. Прызнаюся шчыра, на лекцыі я не хадзіў. Ды і зараз не вельмі ўпэўнены, што ў медуніверсітэце лекцыі патрэбны.
— І дзе ж вы былі ў час лекцый?
— Хіба мала важных спраў на свеце? Я не быў грамадскім дзеячам, але і “батанікам” таксама не быў. Звычайнае шумнае студэнцкае жыццё: паездкі, вечарыны, шашлыкі, за горад, кампанія, сябры, інтэрнат — усё гэта было. Пры тым, што “мед” — асаблівая ВНУ: тут трэба вучыцца не толькі на сесіі (дзве ночы перад экзаменам), але і паміж сесіямі, бо інакш да сесіі проста можна не дайсці.
Звычайна адбывалася так: здаеш экзамен, прыбіраеш пакой, прыходзяць сябры, і пачынаецца гулянка, раніцай прачынаешся і, нягледзячы, што да экзамену — 5-6 дзён, садзішся за кніжкі і пачынаеш вучыць. Але калі на першым курсе з-за статуснасці ВНУ і складанасці пераходу да іншай сістэмы адукацыі не атрымліваецца поўнасцю ўключыцца ў студэнцкае жыццё, то на іншых курсах ужо з’яўляецца магчымасць вучыцца і прысвячаць выхадныя забавам.
У мяне былі сябры, што вучыліся ў тагачасным Ленінградзе. Гэта быў час, які б я ахарактарызаваў цудоўнай фразай з КВЗ “Партыя, дай паруліць!”. Менавіта тады з’явіліся групы “Кіно” і “Аліса”, у Піцеры праходзілі першыя канцэрты “Scorpions” і Озі Озбарна. У пятніцу ўвечары бралі білеты (месца ў купэ каштавала 7 рублёў, а ў плацкарце танней) і ехалі ў госці да сяброў у такія самыя, як нашы, студэнцкія інтэрнаты. Спачатку ездзіў адзін, а калі ажаніўся — з жонкай.
— Вы з жонкай “адной веры”?
— Я не сказаў бы. Мы абсалютна розныя. Напрыклад, яна ніколі не брыдкасловіць, а я магу сабе часам дазволіць вылаяцца (ну вельмі я дрэнна выхаваны!). Яна далікатнейшая за мяне, і гэта пры тым, што я сам лічу сябе дастаткова далікатным чалавекам (бывае, што змоўчваю, калі і трэба паставіць чалавека на месца, бо баюся пакрыўдзіць). Мы з ёй разам не гуляем у футбол, таму што яна катэгарычна не пераносіць спорт і ставіцца да яго як да дадатку да мяне. Яна не любіць глядзець тэлевізар, у той час як я гэта абажаю. Але пры гэтым мы вельмі любім падарожнічаць; як і я, яна любіць шумныя кампаніі. Яна вельмі любіць хадзіць па магазінах, а я гэта проста ненавіджу (жонка з дачкой пацяшаюцца з мяне, фатаграфуюць, як я сплю ў якім-небудзь гандлёвым цэнтры, калі прыходзіцца ісці з імі разам). Пры гэтым у глабальным сэнсе і вызначэнні каштоўнасцей мы аднолькавыя.
— Ці лічыце вы сваю сям’ю калі не ідэальнай, то блізкай да ідэалу?
— Я адкажу вельмі проста. Мне падабаецца ў ёй быць, у ёй жыць і існаваць. Шмат якія рэчы, якія б мне хацелася зрабіць, прапускаюцца праз прызму адносін сям’і, узважваюцца кампрамісы, вырашаецца, наколькі той ці іншы твой учынак (нават калі пра яго ніхто і ніколі не даведаецца) будзе ўспрыняты, калі пра яго даведаюцца члены сям’і. Гэты стрымліваючы фактар зыходзіць не з таго, што хтосьці кагосьці баіцца, а таму што больш страшна атрымаць асуджэнне гэтых людзей. І гэта вельмі важна для мяне, важна наяўнасць якараў, якія трымаюць чалавека на зямлі, абрубіць якія вельмі балюча.
У кожнага чалавека многа такіх якараў. Найперш гэта бацькі. Людзі, якія працуюць пад тваім кіраўніцтвам і якіх ты “прыручыў”, узяў і зараз за іх адказваеш. Добрая рэпутацыя, якая нікому ніколі проста так не даецца і страчваць якую нікому не хочацца. Гэта сям’я. Нарэшце, Радзіма. І гэта не пустыя словы. Можна шмат гаварыць пра гэта: нарадзіла, выкарміла, выгадавала, выхавала і г.д., чалавек унутрана павінен адчуваць патрэбу ў Радзіме і каранях, якія цябе сюды цягнуць.
І з гэтых усіх якараў сям’я — найбольш моцны і патрэбны.
— Вы вядзеце педагагічную дзейнасць у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Якія зараз студэнты, і ці падобныя яны да вашых сучаснікаў?
— Студэнты заўсёды добрыя. Гэта выкладчыкі могуць быць дрэннымі — у гэтым я ўпэўнены на 100%.
— Ну тады запытаюся інакш: ці добры вы выкладчык?
— Адносна маёй работы ў медуніверсітэце, то, відаць, ужо дрэнны. А калі ў дачыненні да БелМАПА, то добры.
На жаль, у мяне няма дастатковай колькасці часу, каб займацца студэнтамі. Дарослыя людзі — урачы — мне гэта прабачаюць. Яны ідуць на лекцыю прафесіянала, ацэньваюць цябе як прафесіянала. І калі ім нешта трэба спытаць, то яны заўсёды знойдуць магчымасць запытацца. Калі дзеючаму спецыялісту трэба ад мяне нешта атрымаць у плане ведаў, ён заўсёды гэта атрымае.
Дзеці так не ўмеюць. Іх трэба прывабіць, запаліць у іх цікавасць. Для мяне меркай работы выкладчыка ў медуніверсітэце з’яўляецца колькасць студэнтаў, якія пасля твайго цыкла пажадалі атрымаць тваю спецыяльнасць. Калі ты зрабіў так, што з 16 дзяцей 7-8 захацелі стаць хірургамі, значыць, у цябе атрымалася. Калі ты гэтага не зрабіў, яны, студэнты, у гэтым не вінаватыя. І я на тысячу працэнтаў упэўнены, што любога маладога чалавека (за рэдкім выключэннем) можна прывабіць “у сваю веру” пры наяўнасці жадання выкладчыка і адпаведнага падыходу. Калі я працаваў толькі ў медыцынскім універсітэце, такая колькасць была — і мне гэта было вельмі прыемна.
— Ці была думка спыніць выкладчыцкую дзейнасць і засяродзіцца на рабоце ў аперацыйнай?
— Я некалькі разоў рабіў спробу пакінуць выкладанне ва ўніверсітэце, але той кафедры, на якой я вырас, тым людзям, якія дапамаглі мне стаць такім, які я сёння, зараз патрэбна мая дапамога. Там працуюць людзі, якія для мяне многа зрабілі, і я не магу ім не дапамагчы.
Я вельмі ўдзячны майму кіраўніку ардынатуры Уладзіміру Васільевічу Бальшову, які апякаў мяне, дапамагаў мне, клапаціўся пра мяне; чалавеку, пад кіраўніцтвам якога я напісаў кандыдацкую дысертацыю, сённяшняму майму сябру Валерыю Васільевічу Кіркоўскаму, з якім мы вельмі блізкія па духу, па светаўспрыманні, па адносінах да жыцця. Я вельмі ўдзячны галоўнаму ўрачу нашай бальніцы Валерыю Сцяпанавічу Кушнярэнку, які мяне запрасіў на гэтую работу, бо менавіта дзякуючы яму адбылося тое, што адбылося, прафесару Станіславу Іванавічу Траццяку, на кафедры якога я адпрацаваў тры гады ў якасці асістэнта — у яго я навучыўся кіраўніцкай рабоце: аналізаваў яго стыль паводзін, учынкі і ацэньваў іх вынікі.
— Хто быў вашым узорам у аперацыйнай?
— Такога чалавека, які б стаяў у аперацыйнай і гаварыў, як і што рабіць, не было. Усё, што я атрымаў, я недзе падгледзеў, нешта дадумаў, нечаму навучыўся сам.
Усе нашы ўчынкі ў цэлым інтуітыўныя. І часта ты нават не можаш растлумачыць, чаму менавіта так зрабіў — гэта плён зносін з людзьмі, якія аказалі на цябе пэўны ўплыў, і іх паводзіны адклаліся ў тваёй свядомасці. Мяняючыся і вырастаючы, ты пераасэнсоўваеш назапашаны вопыт і атрымліваеш свае ўласныя погляды.
Мне вельмі многа далі немцы. І сённяшні стыль работы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, які я ўзначальваю, — гэта інсталяваная і адаптаваная для ўмоў Беларусі нямецкая сістэма арганізацыі працы. Па многіх прычынах, і фінансавых, і структурных, яна не атрымалася абсалютна такой, як у Германіі, але па сутнасці, духу і задуме нямецкай яна атрымалася. Такой сістэмы няма больш нідзе ў Беларусі. І многія нашы поспехі менавіта ад такой арганізацыі працы.
Вельмі важна адчуваць тонкую мяжу паміж ініцыятывай і кіраўніцкім рашэннем. Не сакрэт, што ад вельмі ініцыятыўных людзей у большасці імкнуцца пазбаўляцца, — і зараз у медыцыне ёсць такія “спецыялісты”, якія, дасягнуўшы пэўнага ўзроўню, атрымаўшы ступень і заняўшы месца, бачаць сваёй задачай расставіць локці як мага шырэй і як мага больш пратрымацца на гэтым месцы, давячы тых, хто асмеліўся падняць галаву з дрыгвы. Такая сістэма здольна існаваць, але яна непрадуктыўная. У сённяшніх умовах, асабліва ў нашай спецыяльнасці, дзе пастаянна ўзнікаюць новыя метады лячэння, яна становіцца нежыццядзейнай.
— Сёння большасць вашага асяроддзя называюць вас па бацьку. А хто ўваходзіць у кола тых, хто кліча вас па імені і можа палопаць па плячы?
— На захадзе ўсе называюць адзін аднаго на “ты”. Канечне, супрацоўнікі мяне так не называюць, бо ў нас іншыя правілы зносін. Але вельмі многія знаёмыя (якіх я не магу назваць сваімі сябрамі ў поўным сэнсе гэтага слова, бо сябар — гэта чалавек, якому давяраеш на ўсе 100%) з майго вельмі шырокага кола знаёмстваў могуць дазволіць сабе назваць мяне па імені. Мне заўсёды падабалася гэтая заходняя манера зносін. Безумоўна, часам прыходзіцца напускаць на сябе туман і паказваць сваю важнасць, але я гэтага не люблю.
Я стараюся памятаць людзей, якія зрабілі мне дабро, і іх вельмі многа. Ёсць вельмі многа тых, хто, можа, дабра мне не рабіў, але якіх я лічу прыстойнымі людзьмі, і з гэтай прычыны з імі таксама вяду зносіны на нармальным сяброўскім і чалавечым узроўні. Сапраўды, проста так стаць тым, кім ты стаў, немагчыма. Павінен нехта дапамагаць, нехта павінен цябе весці за сабой. І добра, калі такія людзі ёсць.
— Вялікі дзякуй за размову.
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.