У 2023 годзе споўнілася 20 гадоў, як у Беларусі была створана сістэма персаніфікаванага ўліку. На кожнага работніка адкрыты індывідуальны асабовы рахунак, на якім акумуліруецца інфармацыя аб яго працоўнай дзейнасці. Каб чалавек мог асабіста кантраляваць даныя са свайго асабовага рахунку, з 1 лютага гэтага года ў агульным доступе размешчаны мабільны дадатак пад рускамоўнай назвай “ФСЗН”, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— На гэты момант спампаваць яго можна на лічбавай платформе Google Play, у далейшым колькасць такіх пляцовак павялічыцца. Важна, каб грамадзяне больш актыўна цікавіліся індывідуальнымі звесткамі на сваіх асабістых рахунках, бо лепшы кантралёр — сам чалавек, — адзначыла кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава.
Пасля пэўнай працэдуры рэгістрацыі карыстальнік дадатку зможа пабачыць інфармацыю аб перыядах і іншых аспектах сваёй працоўнай дзейнасці, у тым ліку па грамадзянска-прававых дагаворах. Таксама ёсць магчымасць упэўніцца, што работадавец у поўнай меры пералічваў узносы на пенсіённае і сацыяльнае страхаванне, бо калі гэта не так — чалавека чакаюць непрыемныя сюрпрызы.
Яшчэ адна важная опцыя — даведацца, колькі гадоў страхавога стажу ўжо назапашана ў работніка. Як вядома, ад гэтага залежыць права на атрыманне пенсіі. Пры дасягненні пенсіённага ўзросту ў 2023 годзе (жанчыны — 58 гадоў, мужчыны — 63 гады), страхавы стаж павінен складаць не менш за 19 гадоў, у 2024-м — 19,5, у 2025-м і наступных — 20 гадоў. Трэба мець на ўвазе, што на індывідуальным асабовым рахунку даныя пачалі змяшчаць з 1 студзеня 2003-га, калі ў краіне з’явілася сістэма персаніфікаванага ўліку. Звесткі аб перыядах працы да гэтай даты знаходзяцца ў іншых крыніцах.
Калі інфармацыя на асабістым рахунку аказваецца не зусім такой, якую чакаў пабачыць работнік, ён можа звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва ці органы па сацыяльнай абароне мясцовага выканкама.
Па словах Юліі Берднікавай, функцыянальныя магчымасці мабільнага дадатку ў далейшым плануецца пашырыць. Так, ужо ў другім паўгоддзі гэтага года з’явіцца інфармацыя па прафесійным пенсіённым страхаванні, якім карыстаюцца ў тым ліку асобныя катэгорыі педагагічных работнікаў. Будуць размешчаны таксама звесткі аб ходзе накаплення сродкаў для тых грамадзян, хто скарыстаўся магчымасцю сфарміраваць дадатковую назапашвальную пенсію, і іншыя.
Да 28 лютага дасылаць свае пытанні ці прапановы па рабоце мабільнага дадатку можна на электронны адрас: mobileapp@ssf.gov.by.
Аксана МЫЦЬКО