Набыўшы білет, трэба не забыцца сесці ў цягнік: атрымаць білет БРСМ — гэта толькі першы крок. Важна далучыцца да агульнага руху і ісці з ім у адным напрамку.
— На гэта мы звяртаем асаблівую ўвагу, — гаворыць першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Аляксандр Дзічкоўскі. — Сёння ўся наша моладзь ахоплена дзейнасцю, прычым цікавай ёй самой. Нашы праекты нікога не пакідаюць абыякавымі. Трэба дадаць, што больш за палову БРСМаўцаў Міншчыны — гэта падлеткі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў: усяго іх больш за 21 тысячу. У асноўным гэта, канечне, школьнікі. Так адбываецца таму, што ў Мінскай вобласці няма УВА. Падлеткавы ўзрост самы складаны, бо менавіта ў гэты час юнакі і дзяўчаты самавызначаюцца, і наша задача — не выпусціць іх з-пад увагі.
— Столькі школьнікаў — гэта вялізны рэсурс. Куды яго накіроўваеце?
— На 44-м з’ездзе БРСМ мы прынялі стратэгію развіцця арганізацыі на найбліжэйшыя гады і вызначылі асноўныя напрамкі. Адзін з галоўных — валанцёрскі. У руху “Добрае сэрца” ўдзельнічае каля 5 тысяч нашых прадстаўнікоў. Гэта сапраўды вялікі рэсурс. Мы стараемся, з аднаго боку, зацікавіць саму моладзь, а з другога — накіраваць гэты інструмент на карысць беларусам і ўсёй нашай радзіме. Навучэнцы прымаюць удзел у добраўпарадкаванні важных культурных і гістарычных аб’ектаў. Не так даўно ўказам Прэзідэнта нашай краіны рэканструкцыя дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” была абвешчана Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Каб захаваць для нашчадкаў памяць пра трагедыю, на аб’екце працуюць добраахвотнікі ва ўзросце ад 14 да 31 года. У тым ліку моладзь з Лагойшчыны ў складзе будаўнічага атрада “Лагойск-1943” імя Героя Савецкага Саюза У.С.Аскеркі. Мінулым летам маладыя людзі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі комплексу.
Чытайце матэрыял Лізаветы Міцкевіч у нумары ад 14 лютага 2023 года.