Гэта чацвёрты горад у Віцебскай вобласці, які ўдастоены такога статусу. Урачысты старт праекта плануецца на 2 сакавіка, паведаміла карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік упраўлення па справах моладзі — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская.
— Таццяна Анатольеўна, інфармацыйнай нагодай нашай сустрэчы стала ў першую чаргу нядаўна падпісаная пастанова Савета Міністраў аб фінансавай падтрымцы маладзёжных ініцыятыў. Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.
— Пачну з Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2009 г. № 65-З “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, які дапоўнены асобным артыкулам і дае магчымасць аказваць маладзёжным грамадскім аб’яднанням, маладым грамадзянам дзяржаўную падтрымку ў рэалізацыі іх ініцыятыў. Згодна з гэтым на прынцыпах спаборніцтва, конкурснага адбору будуць выбірацца найбольш значныя для таго ці іншага рэгіёна праекты і ідэі. Пры гэтым захоўваецца падыход “роўны ацэньвае роўнага”. Прыярытэтам у падыходзе да выбару праекта з’яўляецца найперш патрыятычны складнік і, безумоўна, рэальны вынік. Адказнасць за правядзенне ўсіх конкурсных мерапрыемстваў ускладаецца на Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. А ў пастанове ўрада № 87, прынятай 31 студзеня 2023 года, вызначаны парадак фінансавання маладзёжных ініцыятыў. Дакумент уступіць у сілу 8 красавіка бягучага года. Але ўжо зараз Міністэрства адукацыі сумесна з БРСМ распрацоўвае ўмовы конкурсу. Сачыце за інфармацыяй на сайце нашага міністэрства і БРСМ, на платформе “Моладзь Беларусі”. Дадатковыя сродкі, выдзеленыя дзяржавай, паслужаць якаснаму абнаўленню самой сутнасці і сэнсу маладзёжнай палітыкі, максімальна пашыраць колькасць маладых людзей, якія хочуць заняцца стваральнай, карыснай для грамадства дзейнасцю.
— Трэба нагадаць яшчэ і пра конкурс маладзёжных праектаў, які фінансуецца з фонду грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ці будзе ён працягнуты сёлета?
— Безумоўна, будзе. Конкурс упершыню прайшоў у мінулым годзе, і наша моладзь з задавальненнем у ім удзельнічала. 9 самых лепшых маладзёжных праектаў атрымалі фінансавую падтрымку. Конкурс будзе праводзіцца штогод, і сёлета мы запрашаем да ўдзелу ў ім нашых маладых людзей. Хачу адзначыць, што асаблівае значэнне мае зместавае напаўненне маладзёжных праектаў. Нам важна, каб нашы маладыя людзі выхоўваліся сапраўднымі патрыётамі, ганарыліся гісторыяй і культурай нашай краіны і былі дастойнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый.
— Яшчэ адно актуальнае пытанне. Хутка адкрыццё чарговай маладзёжнай сталіцы. Якім будзе сёлетні форум?
— Гэтае мерапрыемства стала ўжо традыцыяй для нашай моладзі, і кожны раз яно прыўносіць новыя праекты, новыя сустрэчы, якія аб’ядноўваюць нашу моладзь. У гэтым годзе маладзёжнай сталіцай стане адзін з маладых гарадоў нашай краіны — Наваполацк. Горад малады па духу і ўзросце. Гэта чацвёрты горад у Віцебскай вобласці, які ўдастоены такога статусу. Урачысты старт праекта плануецца на 2 сакавіка. У Наваполацк з’едуцца прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, студэнцкая і працуючая моладзь. Запрошана шмат ганаровых гасцей. Як бачыце, маладзёжны форум стане па-сапраўднаму маштабнай дыялогавай пляцоўкай. Статус маладзёжнай сталіцы горад носіць адзін год, на працягу якога прадстаўляецца магчымасць прадэманстраваць развіццё маладзёжнай культуры ў рэгіёне, лепшыя практыкі па развіцці сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай актыўнасці моладзі. Маладзёжная сталіца рэалізуе новыя ідэі, інавацыйныя праекты і становіцца ролевай мадэллю для далейшага развіцця іншых гарадоў. У розныя гады ганаровы статус маладзёжнай сталіцы мелі Баранавічы, Полацк, Магілёў, Орша, Пінск і Гродна, у мінулым годзе — Віцебск.
— Маладзёжную палітыку сёння можна ўспрымаць як устойлівую самастойную сферу. Яна не абмяжоўваецца адукацыйнай прасторай, а выходзіць далёка за межы. А што гэта за новы праект “SuperПРОФИ”?
— Сёння ў нас, па сутнасці, сфарміравана комплексная сістэма маладзёжнай палітыкі. Многае ўжо ўдалося зрабіць, прыняць дадатковыя меры, накіраваныя на падтрымку самарэалізацыі нашых маладых грамадзян, адкрыць усё новыя і новыя гарызонты для іх творчасці і ініцыятывы. Безумоўна, работа з моладдзю патрабуе інтэграцыі і актыўнага ўдзелу ў гэтым іншых галін і органаў улады. Ва ўсіх міністэрствах і ведамствах ужо дзейнічаюць адказныя за маладзёжную сферу ў статусе намеснікаў кіраўнікоў. Падобная мадэль паспяхова рэалізуецца на ўзроўні айчынных прадпрыемстваў і кампаній, якія таксама ўключыліся ў гэтую работу. На працягу мінулага года ў іх штаце з’явіліся спецыялісты па рабоце з моладдзю. Сёння іх налічваецца ўжо больш за 108. Мы і далей будзем працягваць работу ў гэтым напрамку. Праводзіцца перазагрузка Рэспубліканскага савета працуючай моладзі. Плануем сфарміраваць яго з прадстаўнікоў абласных (Мінскага гарадскога) саветаў, спецыялістаў па рабоце з моладдзю прадпрыемстваў, арганізацый або ўстаноў, прадстаўнікоў маладзёжных саветаў міністэрстваў (ведамстваў), грамадскіх аб’яднанняў.
У новым праекце “SuperПРОФИ” галоўнымі ўдзельнікамі стануць маладыя спецыялісты з усіх галін эканомікі, сацыяльнай сферы, якія будуць дэманстраваць свае напрацоўкі ў маладзёжнай справе. Характэрна, што наша маладзёжная палітыка ахоплівае таленавітых, перспектыўных спецыялістаў, сапраўдных энтузіястаў, творчых, няўрымслівых людзей. Нягледзячы на іх працоўную занятасць, яны гатовы сябе рэалізаваць праз функцыянаванне маладзёжных саветаў, парламентаў. Сярод іх — галіновыя маладзёжныя аб’яднанні пры міністэрствах аховы здароўя, культуры, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Моладзь прадстаўлена і ў мясцовых прадстаўнічых органах улады. У лютым 2024 года пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў у адзіны дзень галасавання. БРСМ і іншыя маладзёжныя грамадскія арганізацыі прадставяць найбольш актыўных, ініцыятыўных маладых людзей.
У лютым 2024 года пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў у адзіны дзень галасавання. БРСМ і іншыя маладзёжныя грамадскія арганізацыі прадставяць найбольш актыўных, ініцыятыўных маладых людзей.
— Якія падыходы будзе мець работа з моладдзю ў рэгіёнах?
— Гэтая работа патрабуе павышанай увагі, яе трэба актывізаваць, абнавіць і ўзмацніць. Мала ствараць і пашыраць вертыкаль гэтай дзейнасці. Трэба ў большай меры павялічваць колькасць спецыялістаў, якія працуюць з маладымі людзьмі ў рэгіёнах. Прызнаючы важнасць іх місіі, рэспубліканскія і рэгіянальныя органы ўлады павінны аказваць ім увагу і падтрымку. У сваю чаргу спецыялісты па справах моладзі павінны імкнуцца ствараць спрыяльныя ўмовы для росту прафесійнага майстэрства маладых работнікаў, павышаць іх статус у грамадстве як важны элемент інфраструктуры маладзёжнай палітыкі. Ва ўнісон з пастаўленымі мэтамі сёлета мы запускаем новы праект — рэспубліканскі агляд-конкурс “Маладзёжная палітыка рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і станаўлення асобы грамадзяніна і патрыёта”. Спадзяюся, што спаборніцкі элемент праекта дазволіць выявіць новыя практыкі ў рабоце з моладдзю, абмяняцца вопытам, павысіць актыўнасць маладых людзей, пашырыць кадравы рэзерв.
— Пагадзіцеся, што пры ўсёй значнасці новых праектаў, конкурсаў, акцый у маладзёжным асяроддзі сёння важна скіроўвацца на індывідуальны падыход.
— Безумоўна, таму мы імкнёмся праводзіць бесперапынную індывідуальную работу з маладымі людзьмі. І сёння такі напрамак вельмі важны, як ніколі. Інфармацыйнае супрацьборства заўсёды мела месца, але цяпер адчуваецца найбольш востра. Моладзь трапіла пад шквал інфармацыйных нападаў. Таму наша задача — даць маладым людзям трывалую апору ў жыцці з дапамогай дакладнай інфармацыі, матэрыялаў, ведаў. На першы план выходзяць праекты асветніцкай накіраванасці. Інструменты для гэтага ёсць: тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі, школа актыўнага грамадзяніна, стрым-дыскусіі, зорныя і зімовыя паходы і шэраг іншых захапляльных і асветніцкіх мерапрыемстваў. Для павелічэння ахопу маладзёжнага асяроддзя працуем з таварыствам “Веды”. Калі інфармацыя падаецца сапраўды прызнанымі прафесіяналамі, яна карыстаецца даверам і мае вялікае значэнне.
— Напэўна, вялікі блок работы звязаны з інтэрнэтам?
— Так, мы працуем над фарміраваннем сацыяльна карыснага, значнага і спецыялізаванага маладзёжнага кантэнту ў сацыяльных сетках, асабліва зместавага парадку дня ў інтэрнэце. Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр запусціў шэраг маладзёжных каналаў для розных узростаў. З’явіўся кантэнт аб моладзі і для моладзі на канале Moladz_by. Ёсць свой афіцыйны ТіkТоk Moladz.by, які карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. Для навучэнскай моладзі ў верасні 2022 года быў створаны неафіцыйны ТіkТоk-канал EduCat, дзе можна знайсці лайфхакі і прымяніць у вучобе, фарміраваць сваю грамадзянскую пазіцыю. На Telegram-канале, у Instagram Moladz.by ёсць пастаянныя рубрыкі, рубрыка “Актуальнае” па кірунках дзейнасці. Таму калі хочаце быць у курсе апошніх падзей у маладзёжным асяроддзі — падпісвайцеся.
— Інтэрнэт дае не толькі карысную інфармацыю, але і нясе пагрозы, перш-наперш выклікае прыхільнасць моладзі да згубных звычак. Што робіцца, каб зберагчы моладзь ад негатыўных праяўленняў?
— Сапраўды, інтэрнэт нясе рэальныя пагрозы, як, напрыклад, уцягванне моладзі ў распаўсюджванне наркотыкаў і іншых псіхатропных рэчываў. Таму, відавочна, што трэба ўзмацняць меры, каб паставіць заслон гэтым негатыўным праяўленням. Міністэрствам адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі, бацькоўскай грамадскасцю прымаюцца захады, накіраваныя на ўзмацненне прафілактычнай работы з выкарыстаннем разнастайных падыходаў. Напрыклад, мы арганізоўваем штотыднёвыя дыялогавыя пляцоўкі са стрымінгавымі сэрвісамі з удзелам асоб, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў і якія праходзяць рэабілітацыю ў месцах пазбаўлення волі. Першыя прыклады пацвярджаюць эфектыўнасць такіх мерапрыемстваў і маюць станоўчы ўплыў на моладзь.
— Што скажаце пра індэкс эфектыўнасці маладзёжнай палітыкі?
— Пастановай урада ад 3 лістапада 2022 года № 752 “Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 чэрвеня 2021 г. № 349” зацверджаны падыходы да аналізу работы з моладдзю на аснове разліку індэкса эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рамках падрыхтоўкі штогадовага даклада “Становішча моладзі ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэта дазволіць нам упершыню комплексна сфарміраваць аб’ектыўную карціну маладзёжнага асяроддзя не толькі ў разрэзе дэмаграфічных паказчыкаў (пол, узрост, гарадское, сельскае насельніцтва), але і ў разрэзе сацыяльна-эканамічных: узровень адукацыі, узровень занятасці, сярэдні даход, становішча маладых сем’яў. Асобны блок у гэтым маніторынгу будзе прысвечаны рабоце адпаведных маладзёжных арганізацый або арганізацый, якія працуюць з моладдзю, іх структуры і пытанням кадравага забеспячэння. Што атрымаем у выніку? Сацыяльны партрэт маладога чалавека, з аднаго боку, а з другога — убачым тыя слабыя месцы, якія павінны выкараніць, і будзем рабіць адпаведныя захады з улікам тых задач, якія стаяць перад нашай краінай. Міністэрства адукацыі будзе трымаць руку на пульсе, выяўляць актуальныя пытанні і праблемы, якія тычацца маладзёжнай палітыкі, і аператыўна іх вырашаць.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА