Усе Школы міру з Мінска прынялі ўдзел у зборы гуманітарнай дапамогі для тых, хто пацярпеў ад моцных землятрусаў у Сірыі і Турцыі, паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў Беларускім фондзе міру.
— Болем і спагадай адгукнулася ў сэрцах беларускага народа страшная трагедыя, якая спасцігла народ Турцыі і Сірыі, – адзначае старшыня Мінскага гарадскога аддзялення БФМ Дзмітрый Карань. – Беларусы, пачуўшы пра бяду, тут жа на яе адгукнуліся, уключыліся ў акцыю па аказанні гуманітарнай дапамогі пацярпелым. Пры тым не засталіся ўбаку і Школы міру сталіцы. Тоны гуманітарнай дапамогі паступілі ад калектываў школ для перадачы ў Турцыю і Сірыю.
Мінскае гарадское аддзяленне БФМ накіравала спачуванні пасольствам Турцыі і Сірыі ў Беларусі ў сувязі са шматлікімі людскімі ахвярамі ў выніку наймагутнейшага землятрусу. У ім гаворыцца: «Цяжка ўсведамляць увесь маштаб бедства: страта родных, пазбаўленне прытулку, разбурэнне помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры… Мы глыбока смуткуем разам з пацярпелымі, спачуваем сем’ям загінуўшых. Жадаем найхутчэйшага аднаўлення здароўя ўсім пацярпелым і вяртання да звыклага мірнага жыцця!».
Нагадаем, Беларускі фонд міру разам з Міністэрствам адукацыі дапамагае разгортвацца ў краіне школьнаму міратворчаму руху пад назвай «Сетка Школ міру». У Год міру і стварэння ўзрасла колькасць прапаноў па далучэнні да праекта з боку айчынных школ. Як адзначае кіраўнік БФМ Максім Місько, цяпер у шэрагу беларускіх міратворцаў амаль мільён валанцёраў, у тым ліку шмат іх сярод школьнікаў.
Іван ЖДАНОВІЧ