Колькасць вучэбных гадзін па літаратуры ў 10—11-х класах школ павялічыцца, расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец на выніковай калегіі ў Мінску, якая прайшла на базе гімназіі № 41 імя В.Х. Сярэбранага, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Кіраўнік ведамства звярнуў увагу на некаторыя ключавыя моманты, якія тычацца арганізацыі адукацыйнага працэсу і правядзення выніковай атэстацыі.
— Што тычыцца дзевяцікласнікаў, то тут у нас навацыі ў форме правядзення экзамену па рускай, беларускай мовах. Мы перайшлі ад дыктанта да пераказу. Сёння сур’ёзна павялічана колькасць навучальных сачыненняў. Узрасла на паўгадзіны ў тыдзень колькасць гадзін на выкладанне рускай і беларускай моў у 10—11-х класах. З наступнага навучальнага года павялічым на паўгадзіны ў тыдзень і рускую, і беларускую літаратуру. Гэта неабходна для таго, каб педагогі змаглі ў поўнай меры рэалізаваць новыя падыходы ў атэстацыі выпускнікоў, — сказаў А. Іванец.
У 2023 г. экзамен па гісторыі Беларусі будуць здаваць ужо выпускнікі 9-х, а не 11-х класаў. Зменіцца і змястоўны складнік білетаў.
— Акрамя традыцыйнага пытання, якое прадугледжвае кампанент ведаў, будзе ўведзена пытанне, якое ўключае ў сябе, скажам, архіўны матэрыял, тыя ці іншыя карты, дакументы мінулых гадоў. Уменне супастаўляць, думаць, аналізаваць — гэтаму навучыць немагчыма, проста даўшы прачытаць кніжку або падручнік. Гэта тая работа, якую трэба праводзіць з навучэнцамі фактычна на кожным уроку, — падкрэсліў міністр.
Ён адзначыў, што існуючыя падыходы да цэнтралізаванага экзамену цалкам сябе апраўдалі. Мяняць шкалу пераводу балаў ЦЭ не будуць. Яна ў цяперашні час з’яўляецца аптымальнай.
— Правядзенне рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену паказала, што прынятая складанасць тэстаў, іх структура, а таксама шкала ацэнкі цалкам адпавядаюць неабходным крытэрыям: па-першае, базаваму ўзроўню школьнай праграмы, па-другое — рэальнаму ўзроўню паспяховасці навучэнцаў. Кожны трэці школьнік пацвердзіў на РЦЭ адзнаку, якая была яму выстаўлена ў другой чвэрці. Трэцяя частка навучэнцаў здалі тэст на адзнаку некалькі вышэйшую за школьную і трэцяя частка — на ніжэйшую адзнаку. У цэлым, мы бачым, што ў навучэнцаў яшчэ ёсць неабходны час, каб падцягнуцца, — паведаміў кіраўнік ведамства.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара