Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выпусціла масава-палітычнае выданне «Радзіма мая Беларусь: ведай, помні, шануй», прымеркаванае да Года міру і стварэння ў Беларусі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Любіць радзіму — значыць шанаваць вытокі Айчыны, шанаваць гістарычную памяць. Даволі часта — самую балючую памяць…
Вытокі Беларусі — гэта, у першую чаргу, высокі маральны, духоўны, асветніцкі стрыжань нашых прашчураў. Прыгожыя, дужыя, майстры, якіх пашукаць ва ўсім свеце, нашы папярэднікі годна вытрымлівалі варожую навалу. І гэтак жа годна, у суладдзі з суседзямі, будавалі мірнае жыццё. Не ўмеючы нізка кланяцца, хітраваць, беларусы багацці свае здабывалі працай. Працавітасць і была асновай маральнасці, духоўнасці, асновай дзеяздольнага святла чалавека ў барацьбе з цемрай і забабонамі. Які б націск ні адчувалі нашы прадзеды, яны рупліва імкнуліся да асветы.
Часам зрабіць гэта было няпроста. І ўсё ж яны вырываліся ў шырокія прасторы, фарміравалі сябе як асоб, людзей з характарам. Так простыя беларусы станавіліся медыкамі, інжынерамі, вучонымі ў самых розных прыродазнаўчых і гуманітарных навуках, вайскоўцамі высокіх рангаў, падарожнікамі, геолагамі і першаадкрывальнікамі… Імёнаў яркіх асоб не злічыць! І калі ў папярэднія стагоддзі па навуку нашы суайчыннікі ішлі ў далёкі свет, у чужыя краіны і імперыі (ды там і заставаліся, здабываючы ім славу), то сёння такія людзі фарміруюць і ўзбагачаюць нашу родную старонку…
Радзіма пачынаецца з прыгажосці роднай зямлі. Беларусь — вельмі прыгожая краіна. У нас хапае лясоў, рэк, азёр. Геаграфічны ландшафт Беларусі ўражвае сваёй разнастайнасцю. Звяры і птушкі дапаўняюць тыя колеры жыцця, якія дораць нам дрэвы і расліны. І ўглядаючыся ў краскі, падораныя нам лёсам, мы адчуваем асаблівую еднасць, знітаванасць з усім беларускім светам, нават з тымі энергетычнымі духоўнымі сіламі, што мацуюць, сілкуюць нас з-за даляглядаў…
Гэта частка ўступных слоў да выдання “Радзіма мая Беларусь: помні, ведай, шануй” старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома “Звязда” Алеся Карлюкевіча. І яны — лепшае тлумачэнне зместу кнігі, якая сімвалічна пабачыла свет у Год міру і стварэння.
Выданне ўсебакова раскрывае паняцце “Радзіма” для сучаснага грамадзяніна Беларусі. Кніга, канечне ж, пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, пра айчынную адукацыю, пра нацыянальную бяспеку і маладзёжныя праекты. А яшчэ — пра спартыўныя рэкорды, якія праславілі нашу краіну на ўвесь свет, культурныя і навуковыя дасягненні беларусаў. Усё гэта, дарэчы, было б немагчыма без якаснай адукацыі і дзяржаўнай падтрымкі…
Рыхтуецца яшчэ адна кніга выдавецтва “Адукацыя i выхаванне”. У серыі “Проста аб галоўным” выходзіць у свет навукова-папулярнае выданне “Дзецям пра Канстытуцыю”. Маляўніча ілюстраваная, кніга простымі словамі растлумачыць правы і абавязкі грамадзян, выкладзеныя ў Канстытуцыі, раскажа цікавыя і значныя факты з гісторыі станаўлення нашай дзяржавы, пра беларускія нацыянальныя сімвалы і багатыя заканатворчыя традыцыі нашага народа. З дапамогай аналогій і яркіх прыкладаў са штодзённага жыцця, прыведзеных у кнізе, беларускі школьнік асвоіць асновы прававой дасведчанасці.
Кацярына РУМЯНЦАВА