Настаўніца лагойскай школы №1 правяла адзіны ўрок «Аб чым звоняць званы Хатыні?» у мемарыяльным комплексе

- 10:34Образование

Хатынь сустрэла напружанай цішынёй. Манатонны пераклік званоў на званіцах, якія размешчаны на месцах, дзе калісьці былі спалены ўсе 26 дамоў, рэхам адбіваўся ад лесу і нагадваў пра страшныя падзеі. У школах краіны прайшоў адзіны ўрок “Аб чым звоняць званы Хатыні?”, прымеркаваны да 80-годдзя трагічных падзей. Для таго каб ён запомніўся вучням 7 класа лагойскай сярэдняй школы № 1 у дэталях, настаўніца гісторыі Таццяна Валовік выбрала незвычайны фармат — урок пад адкрытым небам — і правяла яго ў мемарыяльным комплексе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 “Хатынь — самае журботнае месца на карце краіны, сімвал страшнай трагедыі і напамін пра той боль, з якім у гады Вялікай Айчыннай вайны сутыкнуліся ўсе беларусы, — пачала расказваць сваім навучэнцам Таццяна Валовік. — Трагічны лёс Хатыні напаткаў не адну беларускую вёску. 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 сёл і вёсак зруйнавалі фашысты ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, спаленымі засталіся 628 вёсак, загінула 2 мільёны 230 тысяч чалавек. У памяць аб ахвярах вайны ў студзені 1966 года было прынята рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

22 сакавіка — 80 гадоў хатынскай трагедыі. Хатынь — гэта наш боль і раны на сэр­цы Лагойшчыны. Таму сённяшні ўрок — незвычайны. Гэты ўрок — даніна памяці і рэквіем”.

Аналагаў беларускаму мемарыяльнаму комплексу няма нідзе ў свеце. Ні ў адной краіне памяць аб спаленых, знявечаных вайной населеных пунктах і людзях, якія ў іх загінулі, не ўвасоблена настолькі поўна, цэласна і манументальна.

Былая вясковая вуліца, па якой заходзіш на тэрыторыю Хатыні, выкладзена шэрымі, пад колер попелу, што застаўся ад спаленай вёскі, жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнага спаленага дома — вянок зруба з шэрага жалезабетону. Унутры іх знаходзяцца абеліскі ў выглядзе коміна з мемарыяльнай плітой, на якой пазначаны прозвішчы і імёны тых, хто калісьці тут жыў. Зверху — звон, а каля кожнага вянка зруба жалезабетонная брамка. Усе 26 званоў нагадваюць аб трагедыі кожную гадзіну, пачынаючы адначасова званіць.

Ідучы па мемарыяльным комплексе, школьнікі спыняліся ля кожнага элемента і падоўгу маўчалі. Ні ўсмешак, ні слоў — толькі напружаная цішыня, якую страшна парушыць.

Крыху далей, калі прайсці дамы-помнікі, размешчаны могілкі вёсак. Сюды з усіх 185 спаленых вёсак, якія так і не адрадзіліся, былі прывезены урны з зямлёй. Побач з імі — сцяна смутку, жалезабетонны блок з нішамі, у якіх знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвамі 66 найбуйнейшых лагераў смерці і месцаў масавай гібелі людзей. Завяршаецца мемарыял плошчай Памяці. У яе цэнтры растуць 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, а на месцы чацвёртай — Вечны агонь. На дрэве жыцця, якім заканчваецца вуліца, спіс 433 вёсак, якія былі знішчаны разам з жыхарамі, але адноўлены пасля вайны.

Кожны, хто ведае гісторыю Хатыні, абавязкова заўважыць, што мемарыял адзін у адзін паўтарае былую вёску. Толькі сёння ў цэнтры комплексу ўзвышаецца шасціметровая бронзавая скульптура “Няскораны чалавек”. У яе аснове — трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага, на руках якога памёр сын. Месца, дзе знаходзіўся свіран, у якім спалілі людзей, сімвалізуе чорная пліта-дах. Побач — брацкая магіла жыхароў Хатыні. На ёй размешчаны сімвалічны вянок Памяці са словамі наказу мёртвых жывым.

“Заняткі па гісторыі Беларусі ў фармаце ўрока пад адкрытым небам, я ўпэўнена, запомняцца навучэнцам”, — гаворыць настаўніца гісторыі. — Тут, у Хатыні, асаблівае паветра, яно цяжкае і трывожнае. Заходзячы на тэрыторыю мемарыяльнага комплексу, навучэнцы адзначылі, што ім не хочацца нават нічога гаварыць, а хочацца проста ісці і маўчаць, думаць і ўспамінаць пра тое, што адбывалася на тэрыторыі нашай краіны ў 1941—1945 гадах”.

Таццяна Валовік — класны кіраўнік 7 класа і выкладае ў іх гісторыю, таму мінулае Хатыні навучэнцы ведаюць дасканала.

“Мы, лагайчане, павінны помніць пра вёскі, якія былі спалены на тэрыторыі нашага раёна, — упэўнена настаўніца. — Мае вучні ведаюць, што сёння адбываецца ў свеце. Тут, у Хатыні, стоячы пад мірным небам, мір ва ўсім свеце ўспрымаецца як сапраўдная каштоўнасць, якую неабходна берагчы”.

Ідучы па мемарыяльным комплексе, школьнікі спыняліся ля кожнага элемента і падоўгу маўчалі. Ні ўсмешак, ні слоў — толькі напружаная цішыня, якую страшна парушыць.

“Тое, што мы сёння праводзім тут урок, запомніцца мне надоўга, — дзеліцца навучэнка 7 класа сярэдняй школы № 1 Лагойска Арына Мілашэўская. — Цэнтральная вуліца, па якой ідзём, сёння шэрая, з граніту. А калісьці была пясчанай. Вельмі ўражваюць зрубы хат, на месцы якіх больш нічога і ніколі не будзе пабудавана. Паўсюль, куды ні зірні, толькі шэры граніт, чорны мармур і імёны дарослых і дзяцей, малодшаму з якіх было ўсяго 7 месяцаў. Усё гэта вельмі страшна. На ўроках па гісторыі Беларусі мы неаднаразова закраналі тэму Хатыні і спаленых вёсак. Калі гэта вывучаеш па падручніку і проста абмяркоўваеш у класе — гэта адно. А сёння, калі мы бачым усё гэта на ўласныя вочы, я ра­зумею ўвесь жах таго, што адчувалі лю­дзі, якія тут загінулі”.

Правесці ўрок пад адкрытым небам у Хатыні ў Год міру і стварэння — гэта вельмі сімвалічна і правільна. Сучасныя дзеці жывуць у міры і ўспрымаюць яго як данасць. Таццяна Валовік лічыць, што менавіта таму такія адкрытыя ўрокі і карысныя — каб нагадаць школьнікам пра тое, што за наша мірнае неба была заплачана вялікая цана.

“Сённяшняе пакаленне павінна ведаць, што менавіта ад яго залежаць мір і спакой не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй Зямлі, — працягвае настаўніца. — Думаючы над канцэпцыяй урока “Аб чым звоняць званы Хатыні”, адразу вызначылася з тым, у якой форме ён пройдзе. У месцы, дзе ў 1943 го­дзе былі спалены людзі, мы чытаем вершы і прозу, якія адлюстроўваюць увесь жах хатынскай трагедыі. Перад тым як арганіза­ваць сённяшні ўрок, мы паглядзелі фільм “Ідзі і глядзі”, у якім расказваецца пра такую ж спаленую вёску і паказ­ваецца, як гінулі людзі. Я бачыла, што дзецям цяжка ўспрымаць вайну такой, якой яна была. Як толькі мы зайшлі на тэрыторыю мемарыяльнага комплексу, я заўважыла, што вучні не ўсміхаліся, у вачах — сум і страх. Яны вельмі асцярожна назіралі за іншымі, за тым, як сябе паводзілі малыя дзеткі, якія бегалі і ўсміхаліся. Бачачы гэта, мае сямікласнікі сказалі: “Яны яшчэ маленькія, не разумеюць, як сябе тут паводзіць, а мы ведаем, што гэта трагедыя і боль”. І гэтым болем тут пранізана ўсё. А ў цішыні, якая літаральна паралізуе, як толькі робіш першы крок па вуліцы Хатыні, хаваюцца дзіцячы плач, адчайныя крыкі маці, безнадзейнасць і жаданне жыць, а таксама напамін пра тое, што гэтае мінулае для нас заўсёды будзе жывым”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА