Учора стартаваў галоўны інтэлектуальны марафон школьнікаў — рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах будзе праходзіць па 31 сакавіка. У адпаведнасці з заяўкамі абласных упраўленняў адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прымуць удзел 1508 навучэнцаў.
У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па кожным вучэбным прадмеце прымаюць удзел па адной камандзе ад кожнай вобласці і горада Мінска, а таксама па адной камандзе ўстаноў рэспубліканскага падпарадкавання, якія прынялі ўдзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. У склад абласных каманд, каманд горада Мінска і ўстаноў рэспубліканскага падпарадкавання для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўключаюцца толькі пераможцы трэцяга этапу. Прадстаўнікі Ліцэя БДУ выступаюць асобнымі камандамі па такіх вучэбных прадметах, як “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Астраномія”, “Інфарматыка”, “Хімія”, “Грамадазнаўства”.
Згодна з загадам міністра адукацыі, рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах праходзіць у 10 населеных пунктах краіны.
У Брэсце сабраліся лепшыя знаўцы гісторыі і грамадазнаўства, а Пінск (Брэсцкая вобласць) сёлета прымае ўдзельнікаў алімпіяды па біялогіі і хіміі.
У Гомелі спаборнічаюць пачынаючыя беларусазнаўцы, а ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) праходзіць алімпіяда па рускай мове і літаратуры.
Знаўцы англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай моў сабраліся ў Віцебску. Гродна прымае прыхільнікаў інфарматыкі, а Слонім (Гродзенская вобласць) — матэматыкі.
На тэрыторыі Мінскай вобласці ў Барысаве праходзіць алімпіяда па геаграфіі, а ў Маладзечне — па фізічнай культуры і здароўі.
У Мінску спаборнічаюць лепшыя ў фізіцы, астраноміі і працоўным навучанні.
Кожны этап рэспубліканскай алімпіяды з улікам спецыфікі вучэбнага прадмета можа ўключаць тэарэтычны, практычны, эксперыментальны, тэставы, творчы і іншыя туры. У склад прафесійнага журы ўваходзяць школьныя настаўнікі і выкладчыкі вядучых універсітэтаў краіны.
Арганізатары алімпіяды сочаць не толькі за ўмовамі арганізацыі тэарэтычнага і практычнага тураў. Для камфорту ўдзельнікаў ствараюцца адпаведныя ўмовы і для адпачынку. У кожным пункце правядзення алімпіяды для ўдзельнікаў падрыхтавана адмысловая культурная праграма. Юныя інтэлектуалы не толькі наведваюць музеі, тэатры, памятныя месцы, але і займаюцца спортам, сустракаюцца з цікавымі людзьмі.
Алімпіядны рух у нашай краіне з’яўляецца адным з самых яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды — павышэнне цікавасці вучняў да вывучаемых вучэбных прадметаў, развіццё іх творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы. Да таго ж алімпіядны рух адкрывае шлях у навуку.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі