З мэтай даць людзям другое дыханне ў прафесійнай сферы 25 гадоў працуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пра яго дзейнасць пагаворым з дырэктарам кандыдатам эканамічных навук Аленай Канцэал.
– Алена Уладзіміраўна, менавіта ў высокай матывацыі слухачоў, якія атрымліваюць другую спецыяльнасць, і хаваецца поспех вашага інстытута?
– Безумоўна, бо жыццё не стаiць на месцы i кожны чалавек павiнен увесь час рухацца наперад. Здараецца, што чалавек думае, нібыта ўсё ведае і дасягнуў найвышэйшага майстэрства. У такім выпадку ён рызыкуе не проста спыніцца, а праз нейкі час апынуцца на задворках сучаснасці. І віной таму імклівае ўкараненне ва ўсе сферы новых тэхналогій з выкарыстаннем электронных сродкаў. Прычым там, дзе задзейнічаны не толькі спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, але і рабочыя. Гэтым абумоўлена запатрабаванасць дадатковай адукацыi дарослых. І ўсе нашы слухачы высокаматываваныя на развiццё і самарэалiзацыю ў прафесiйнай дзейнасцi.
– Паказальна, што ваш факультэт перападрыхтоўкі спецыялістаў найбольш прыцягвае да сябе тых, хто ўжо мае дыплом вышэйшай адукацыі.
– Мець дадатковую вышэйшую адукацыю нікому не пашкодзіць. У нас ёсць слухачы, якія паступілі на факультэт перападрыхтоўкі, каб узбагаціць дадатковай кваліфікацыяй уласную прафесійную кампетэнтнасць. Напрыклад, калі спецыяліст мае дыплом эканаміста з веданнем англійскай мовы, то чаму б яму не атрымаць дыплом перакладчыка і не стаць яшчэ больш упэўненым і канкурэнтаздольным на рынку працы?
Ці такі прыклад. Чалавек, маючы педагагічную спецыяльнасць, стаў кіраўніком і адчуў патрэбу ў дадатковай адукацыі па пытаннях кіравання. Адпаведна, ён палічыў патрэбным паступіць да нас на спецыяльнасць «Кіраванне персаналам», ці «Псіхалогія кіравання», ці «Эканомiка і кіраванне ў прадпрымальніцкай дзейнасцi».
Быў час, калі інжынеры і настаўнікі ішлі ў камерцыю і разам з тым, з мэтай перш-наперш змяніць сваё мысленне, вучыліся ў нашым інстытуце на спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік і кантроль у прадпрымальніцкай дзейнасці».
Вядома, нашых слухачоў прываблівае і кароткі тэрмін перападрыхтоўкі – 1,5–2 гады, прычым навучанне ажыццяўляецца без адрыву ад вытворчасці.
– Што адбываецца на рынку працы, калі паглядзець праз прызму перападрыхтоўкі кадраў?
– Да нас паступаюць вучыцца людзі, якія ўжо знайшлі працу па новай спецыяльнасці або ўпэўнены, што знойдуць. Гадоў пяць запар патокамі, адна за другой, фарміраваліся групы па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на эканамістаў-менеджараў, інжынераў-эканамістаў, бухгалтараў-эканамістаў. Дыпломы аб перападрыхтоўцы на ўзроўнi вышэйшай адукацыi па пералiчаных профілях атрымалі шмат выпускнiкоў. Пасля ў гэтым напрамку наступіла зацішша. Працяглы час папулярнасцю карысталася спецыяльнасць «Банкаўская справа», аднак цяпер жадаючых атрымаць яе амаль няма. Ёсць спецыяльнасці з цыклічнай запатрабаванасцю, набор на якія ажыццяўляецца праз пэўную колькасць гадоў. Усё гэта мы прадбачым і ўлічваем.
– Чым абумоўлена ў апошнiя гады папулярнасць перападрыхтоўкi па спецыяльнасцях псiхолага-педагагічнага профiлю?
– Перш за ўсё ўзмацненнем увагi дзяржавы да якасцi адукацыйнага працэсу, адным з фактараў якой з’яўляецца прафесiйная кампетэнтнасць педагога. Сёння для педагагiчнай дзейнасці ў любой навучальнай установе, згодна з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, недастаткова мець вышэйшую адукацыю спецыялicта ў той цi iншай галiне. Важна мець яшчэ i педагагiчную квалiфiкацыю. Таму на перападрыхтоўцы па спецыяльнасцi «Педагагічная дзейнасць спецыялістаў» у нас вучацца прадстаўнікі самых розных прафесій, якія маюць намер выкладаць або ўжо выкладаюць, напрыклад, англійскую мову, правазнаўства, бухгалтарскi ўлiк, харэаграфiю і іншыя прадметы.
Шмат жадаючых атрымаць кваліфікацыю настаўніка-лагапеда, настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага. Сярод іх ёсць і проста мамы, якія хочуць атрымаць педагагічную прафесію для выхавання ўласных дзяцей.
Па рэкамендацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і па накіраваннях раённых аддзелаў адукацыі мы рыхтуем педагогаў для дашкольнай адукацыі, выкладчыкаў працоўнага навучання, інструктараў-метадыстаў аздараўленчай фізічнай культуры.
– Якiмi лiчбамi можна ахарактарызаваць адукацыйную дзейнасць інстытута?
– Толькі на факультэце перападрыхтоўкі налічваецца 58 спецыяльнасцей. Адначасова можам весці навучанне па 15 спецыяльнасцях. Калі ў якімсьці напрамку падрыхтоўка не вядзецца, але спецыялiсты становяцца запатрабаванымi, мы падаём дакументы на пашырэнне ліцэнзіі, набіраем групу слухачоў, праходзім акрэдытацыю i такiм чынам зноў iдзём у нагу з часам.
– Што вы пажадаеце ў юбілейны год свайму калектыву?
– 30 сакавіка адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею нашага інстытута. Безумоўна, я жадаю калектыву, супрацоўнікам, калегам стабільнасці і развіцця, якія з’яўляюцца складнікамі ўпэўненасці.
Дарэчы, сённяшняй стабільнасці мы дасягнулі праз развіццё. Дзякуючы неспрыяльным фактарам, найперш звязаным з пандэміяй, мы сталі больш гібкімі, навучыліся выкарыстоўваць у адукацыйнай дзейнасці самыя сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Мы можам адчуваць сябе ўпэўнена толькі ў руху. Увесь час шукаем новыя формы работы, напрыклад, праводзім сімпозіумы, канферэнцыі ў рэжыме анлайн з нашымі калегамі, якія працуюць у іншых рэгіёнах, дзеля ўзаемнага абмену ідэямі, наватараскімі практыкамі, каштоўным вопытам.
Галоўным стымулам для нас з’яўляюцца нашы слухачы, якія настолькі матываваныя, што ў кожную дысцыпліну ўнікаюць максімальна глыбока, імкнуцца атрымаць усе магчымыя веды i кампетэнцыі па сваёй спецыяльнасці. Матываванасць выкладчыкаў i спецыялiстаў, памножаная на зацiкаўленасць i матывацыю слухачоў, і ёсць складнiкi агульнага поспеху.
Гутарыла Тамара МАЗУР
Фота з сайта www.grsu.by