З цырымоніі прысваення імені пачалася новая старонка ў жыцці сталічнай сярэдняй школы № 164. Браніслаў Віктаравіч Карпенка, 96-гадовы ветэран, у гонар якога назвалі ўстанову, таксама прысутнічаў на ўрачыстасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Зрабіць немагчымае
Больш за пятнаццаць гадоў назад Браніслаў Віктаравіч быў выбраны старшынёй Ленінскай раённай арганізацыі ветэранаў Мінска. Тады і пачалося яго актыўнае супрацоўніцтва з установамі адукацыі. Дырэктар сярэдняй школы № 164 імя Б.В.Карпенкі Святлана Уладзіміраўна Багдашова не адзін год супрацоўнічае з ветэранам:
— Браніслаў Віктаравіч унёс невымерны ўклад у фарміраванне мыслення маладога пакалення, павагі да роднай гісторыі і асоб, якія яе стваралі. Штодзённік ветэрана заўсёды быў распісаны сустрэчамі з людзьмі. Мы ўсведамлялі, што ў яго ўзросце гэта нялёгка, прапаноўвалі паменшыць нагрузку, на што Браніслаў Віктаравіч адказваў: “Не!”, тлумачачы гэта тым, што пакуль ветэраны могуць расказваць пра мір і вайну, яны павінны гэта рабіць.
За сваё жыццё ён правёў сотні гутарак, у якіх школьнікі абавязкова былі не проста слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу. Да кожнай сустрэчы ветэран падыходзіў як да першай. І ўзрост аўдыторыі не меў значэння: ветэрана хвалявала толькі тое, як перадаць юным увесь жах вайны і данесці каштоўнасць міру… Нават цяпер, застаючыся дома, ён матывуе сваіх паслядоўнікаў арганізоўваць грамадзянска-патрыятычныя праекты
— Калі мы рыхтаваліся да свята, прысвечанага прысваенню імя школе, было асабліва трапятліва бачыць Браніслава Віктаравіча, таму што ён больш за два гады не выходзіў да аўдыторыі, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. — І наша ўрачыстасць стала для яго, безумоўна, кранальнай падзеяй. Нам хацелася паказаць, што школы прадоўжылі яго работу па патрыятычным выхаванні, а яго ні ў якім разе не забылі.
Пасля мерапрыемства Святлана Уладзіміраўна патэлефанавала Браніславу Віктаравічу і папрасіла падзяліцца ўражаннямі, на што ветэран адказаў: “Я ніколі б не падумаў, што вы збераце столькі людзей, каб сустрэцца са мной”. Для яго гэта быў нібы глыток свежага паветра, а ўнук ветэрана пасля паведаміў, што Браніслаў Віктаравіч зноў загарэўся сваёй справай, пачаў планаваць будучыя сустрэчы.
— Адна справа — прысвойваць імя чалавека, які пакінуў нас, і зусім іншая — рабіць гэта пры яго жыцці, — дадае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Iрына Паўлаўна Мацкевіч.
Машына часу
Сярэдняя школа № 164 выбрала імя Браніслава Віктаравіча яшчэ з адной прычыны: ва ўстанове функцыянуе музей “Ленінскі раён: учора, сёння, заўтра” — адзіны музей сярод школ пра гісторыю Ленінскага раёна. Імя ветэрана фігуруе ў экспазіцыях. Навучэнцы школы таксама прагаласавалі за Браніслава Віктаравіча, бо яны добра яго ведаюць. Так, Аляксей Туравец, Ксенія Сарока і Аляксей Дзьякан былі навучэнцамі 1—2 класаў, калі дзесяць гадоў назад здымаліся з Браніславам Віктаравічам у фільме “Тэрыторыя міру”. У карціне ветэраны Вялікай Айчыннай вайны на знакавых месцах гістарычнай памяці расказваюць прадстаўнікам маладога пакалення пра трагічныя падзеі мінулага.
Мы пасадзілі туевую алею разам з ветэранам у маі 2020 года ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі. А ў маі гэтага года спадзяёмся працягнуць традыцыю: зноў запрасілі Браніслава Віктаравіча на пасадку дрэў і адзначым яго ўдзел ганаровым знакам.
На цырымоніі прысваення імя сярэдняй школе № 164 урывак фільма паказалі перад уручэннем ветэрану памятнага знака. Падарункі прэзентавалі тыя ж навучэнцы, якія ўдзельнічалі ў здымках фільма:
— Дзесяць гадоў назад мы былі маленькімі, цяпер пасталелі, але сустрэчы з вамі былі і будуць жыць з намі, а памяць пра іх мы перададзім нашчадкам.
Гісторыі пра гераічныя подзвігі Браніслава Віктаравіча і яго таварышаў расказвае і экскурсавод школьнага музея Аляксей Дзьякан, навучэнец 11 “А” класа:
— Я цікаўлюся гісторыяй Беларусі, для мяне гэта яшчэ і прэстыжна — прадстаўляць усю школу, праводзячы экскурсіі. Памятаю сваё першае выступленне, калі ў 4 класе мяне запрасілі весці экскурсію на беларускай мове пра Ленінскі раён. Было страшна, не было вопыту, але за гэтыя гады, вядома, хваляванне адпусціла.
— Прызначыўшы навучэнцаў экскурсаводамі, мы рэалізоўваем праект “Дзеці —дзецям”, — расказвае кіраўнік музея і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Сяргееўна Самусевіч. — Дзеці інакш успрымаюць інфармацыю, калі яна перадаецца ад аднагодкаў цікава, эмацыянальна і зразумела.
Новыя мэты
— Калі ў школы з’явілася імя, то яно павінна быць вядома кожнаму вучню і іх бацькам, — упэўнена Святлана Уладзіміраўна Багдашова.
Цяпер адміністрацыя школы распрацоўвае план стварэння экспазіцыі ў кабінеце гісторыі, прысвечанай Браніславу Віктаравічу. Паралельна займаецца падрыхтоўкай відэаматэрыялаў з аповедамі ветэрана пра вайну. Да 23 лютага для Браніслава Віктаравіча дзеці падрыхтавалі фотаальбом, які пачынаецца кадрамі, дзе ветэран упершыню прыйшоў у госці да навучэнцаў, і заканчваецца мерапрыемствам па прысваенні яго імя сярэдняй школе № 164.
— Нам здаецца, што Браніслаў Віктаравіч — той чалавек, які як ніхто іншы разумее каштоўнасць успамінаў, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. — Таму мы і вырашылі аформіць усе моманты, якія аб’ядноўваюць нас з ім, у адзін альбом. Мы хочам, каб Браніслаў Віктаравіч працягваў удзельнічаць у жыцці школы, каб яго агонь не згасаў. Таму арганізоўваем з ім анлайн-сустрэчы, запрашаем да мерапрыемстваў.
Мы пасадзілі туевую алею разам з ветэранам у маі 2020 года ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі. А ў маі гэтага года спадзяёмся прадоўжыць традыцыю: зноў запрасілі Браніслава Віктаравіча на пасадку дрэў і адзначым яго ўдзел ганаровым знакам.
Даведка
Жыхар Ленінскага раёна сталіцы Браніслаў Карпенка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік у адстаўцы, аўтар некалькіх кніг. У 17-гадовым узросце ўступіў у партызанскі атрад “Перамога”, які вёў “рэйкавую вайну” і нападаў на гарнізоны акупантаў. Пасля вызвалення Беларусі, у верасні 1944 года, быў прызваны на службу ў 45-ю стралковую дывізію. Узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара