Здзітаўская сярэдняя школа плануе стварыць сенсорны сектар

- 15:14Образование

Сярэдняя школа вёскі Здзітава адметная і арганізацыяй экалагічнага выхавання. Тут штогод праводзяцца працоўныя акцыі па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Зялёныя майкі і жоўтыя гальштукі сталі візітоўкай удзельнікаў  школьнага эколага-патрыятычнага атрада “Зялёны патруль”, дзейнасць якога захапіла вучняў усіх класаў. Акрамя таго, да яе далучыліся навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама бацькі і педагогі.

“У кожнага ўдзельніка ёсць свае функцыі і абавязкі: адны адказваюць за арганізацыю акцый, экспедыцый, квестаў, экапаходаў, майстар-класаў, другія вядуць старонкі аб дзейнасці “Зялёнага патруля” ў сацыяльных сетках, здымаюць інфармацыйныя відэа, трэція адказваюць за доб­раўпарадкаванне прышкольнага ўчастка, памятных месцаў (воінскага пахавання ў вёсцы Шылін)”, — тлумачыць кіраўнік атрада настаўнік-дэфектолаг Жанна Масяйчук.

Расказваючы пра ідэю ўзнікнення “Зялёнага патруля”, яна звярнула ўвагу на відавочнае: школа знаходзіцца побач з унікальным рэспубліканскім біялагічным заказнікам “Спораўскі” —  найбуйнейшым масівам нізінных балот Палесся, размешчаных у пойме ракі Ясельда, якая працякае па ўскраіне аграгарадка Здзітава.

“Яшчэ адной прычынай стварэння эколага-патрыятычнага атрада стала павелічэнне колькасці выпускнікоў, якія пас­тупаюць ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю. Удзельнікі нашага атрада маюць магчымасць знаёміцца з рознымі раслінамі, вывучаць асаблівасці іх росту і развіцця, карысныя ўласцівасці. Работа з раслінамі развівае цікавасць да розных сельскагаспадарчых прафесій, таму мэты “Зялёнага пат­руля” — не толькі абарона прыроды, фарміраванне ў вучняў цікавасці да праблем навакольнага асяроддзя, практычных навыкаў правядзення самастойных даследаванняў па вывучэнні стану навакольнага асяроддзя, яго абароне і паляпшэнні, але і фарміраванне станоўчага стаўлення да сельскай гаспадаркі, авалоданне агратэхнічнымі прыёмамі і навыкамі рамесніцтва.

У нашай школе вучацца дзеці з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця (у класах інтэграванага навучання і выхавання па вучэбных планах спецыяльнай школы). Гэтая катэгорыя дзяцей не мае шырокага спектра магчымасцей пры выбары будучай прафесіі. А з’яўляючыся ўдзельнікамі “Зялёнага патруля”, такія навучэнцы атрымліваюць магчымасць набыць навыкі раслінаводства, навучыцца пэўнаму рамяству, элементам экадызайну. Яны атрымліваюць веды і ўменні альтэрнатыўных відаў занятасці, якія могуць спатрэбіцца пры жыццеўладкаванні пасля заканчэння школы”, — адзначыла Жанна Віктараўна.

Адным з яркіх момантаў дзейнасці атрада з’яўляецца рэалізацыя ідэі стварэння сенсорнага парку на прышкольнай тэрыторыі. Парк уключае ў сябе два сектары: адукацыйны — “Лекавы агарод” — і сенсорны. У адукацыйным сектары ўдзель­нікі “Зялёнага пат­руля” (у тым ліку навучэнцы з АПФР) ужо заклалі ягаднік, матачнік, агарод прыпраў, эксперыментальную градку, аддзяленне дэкаратыўных кустоў. Тут ёсць і пладовы сад, і пляцоўка плеценых скульптур з жывой укаранёнай лазы. На “Лекавым агародзе” навучэнцы знаёмяцца з лекавымі раслінамі, аналагавымі тым, што ёсць у заказніку, вывучаюць асаблівасці іх росту і развіцця, карысныя ўласцівасці, тэхналогію збору і захоўвання.

У планах — стварэнне сенсорнага сектара — спецыяльна арганізаванай тэрыторыі, якая будзе складацца з некалькіх модуляў, дзе можна будзе адчуць пахі, пачуць гукі, дакрануцца, адчуць, паназіраць і пагуляць. Кожны модуль будзе выконваць пэўныя задачы і ўтрымліваць унікальнае напаўненне, якое стымулюе работу сенсорных сістэм. Часткова план ужо рэалізаваны: дзеці разбілі ўчастак на модулі, высадзілі дэкаратыўныя расліны.

У гэтым жа сектары будуць добраўпарадкаваны летняя пляцоўка для сушкі духмяных траў, ягад, фасоўкі і дэгустацыі фітагарбаты; пляцоўка для вырабу сувеніраў з выкарыстаннем духмяных траў і сушаных ягад; пляцоўка для правядзення майстар-класаў па вырабе рэчаў з балотных раслін для ўдзелу ў выставах-кірмашах.

“Быць удзельнікамі “Зялёнага патруля” ў дзяцей лічыцца прэстыжным. Навучэнцы адчуваюць сябе часткай чагосьці значнага, карыснымі грамадству. Дзеці становяцца ўпэўненымі і самастойнымі, усведамля­юць  унікальнасць і каштоўнасць беларускай прыроды, лічаць сябе адказнымі за яе захаванне.  І самае галоўнае — у іх з’яўляецца жаданне змяніць свет да лепшага”, — рэзюмавала Жанна Масяйчук.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва школы