У ліку фіналістаў дырэктар Мялешкавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна Таццяна Папроцкая ў намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”, настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 Віктар Гарбачук у намінацыі “Малады настаўнік” і выхавальнік дашкольнай адукацыі спецыяльнага дзіцячага сада № 30 Домна Кібіткіна ў намінацыі “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты“.
Мнематэхніка і пахвала
Дырэктар Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава, якая кіравала падрыхтоўкай педагогаў Мазыршчыны да ўдзелу ў конкурсе, гаворыць, што ўсе яны — адказныя, добрасумленныя, кампетэнтныя і творчыя спецыялісты з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі:
— Напрыклад, Віктар Ігаравіч Гарбачук праводзіць вучэбныя заняткі з выкарыстаннем разнастайных педагагічных метадаў і вялікую ўвагу ўдзяляе выкарыстанню прыёмаў мнематэхнікі для павышэння паспяховасці школьнікаў. Настаўнік актыўна выкарыстоўвае арсенал сучаснай мнематэхнікі: напрыклад, літарны прыём — утварэнне сэнсавых фраз з пачатковых літар ці складоў, рыфмоўкі — стварэнне рыфмаваных радкоў ці невялікіх вершаў для аблягчэння запамінання інфармацыі, асацыяцыі — стварэнне яркіх асацыяцый з запамінальнай інфармацыяй, сугуччы — запамінанне тэрмінаў ці слоў, заснаванае на сугуччы, а таксама лінгвістычныя казкі-асацыяцыі.
— Я ўпэўнены, што ў добрага педагога кожны ўрок не падобны на папярэдні, — адзначыў Віктар Гарбачук. — Аднатыпныя ўрокі надакучваюць дзецям. У кожны ўрок трэба ўносіць новы элемент, каб падтрымліваць увагу дзяцей на належным узроўні. Перад тым як растлумачыць дзецям новую тэму, я заўсёды думаю, як зрабіць гэтыя веды моцнымі. Мнематэхніка — тэхналогія, якая дапамагае маім вучням прасцей запамінаць інфармацыю. Гэта адбываецца дзякуючы ўзнікненню яркіх асацыяцый. Не павінна быць шаблонаў у рабоце педагога. Кожны мой вучань — гэта асоба. Вядома, ёсць вучні, у якіх проста няма жадання вучыцца, і мая задача — знайсці да іх падыход. У маёй практыцы гэта індывідуальныя заняткі і, вядома ж, пахвала, якая ўсяляе веру нават у самых складаных вучняў ва ўласныя здольнасці. І педагогу прыемна, калі яго заўважаюць. Фестываль “Педагагічны дэбют” сведчыць пра асаблівую ўвагу да маладых спецыялістаў. Прафесія настаўніка вельмі значная. І дзяржава робіць усё магчымае, каб павысіць прэстыж педагагічнай працы. Канечне, стаць паспяховым канкурсантам няпроста, таму мне дапамагала моцная каманда: адміністрацыя і калегі са школы. Я шчыра ўдзячны кожнаму за парады і садзейнічанне.
Адзін у полі не воін
Прадстаўляючы дырэктара Мялешкавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна Таццяну Папроцкую, начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Ларыса Папкова адзначае, што гэта сапраўдны лідар, якая ўмее планаваць і арганізоўваць работу, мае аўтарытэт сярод калег і падначаленых:
— Таццяна Фёдараўна ўмее знаходзіць нестандартныя падыходы да вырашэння задач, працаваць у камандзе і валодае ўменнем вучыць і выхоўваць іншых.
— Я заўсёды марыла працаваць у школе, — разважае Таццяна Папроцкая. — Ці марыла я стаць кіраўніком? Адназначна адказаць не магу. Стаж кіраўніка ў мяне невялікі, але, дзякуючы падтрымцы калег, мы паспелі ўжо змяніць жыццё школы да лепшага. Педагагічны калектыў невялікі — 26 чалавек, многа маладых спецыялістаў. У нашай установе адукацыі вучацца 60 школьнікаў і 10 выхаванцаў дашкольнага аддзялення. Кожнага ведаем і любім. Вельмі важна, каб у калектыве былі здаровыя ўзаемаадносіны. Гэта магчыма, калі кіраўнік эмацыянальна ўстойлівы, вытрыманы. Таксама трэба заўсёды развівацца, удасканальваць свае кампетэнцыі. Важнае значэнне мае і ўзровень адукацыі, вопыт работы. Пераканана, што кіраўнік павінен разумець місію сваёй школы. Між тым прапаноўваць толькі свой пункт гледжання, сваё бачанне няправільна. Ініцыятыва павінна зыходзіць не толькі ад кіраўніка, але і ад кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Мой дэвіз — “Адзін у полі не воін”. Настаўнікі з вопытам работы, ініцыятыўныя, неабыякавыя, мабільныя, складаюць ядро нашага педагагічнага калектыву. Работа ў групах, абарона праектаў — усё гэта актывізуе педагогаў, дазваляе ім адчуць сваю датычнасць да агульнай справы, дапамагае пазбягаць фармальных рашэнняў, фарміруе адказнасць. Упэўнена, што ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу неабходна заахвочваць за дасягнутыя поспехі — гэта стымулюе і дае адчуванне асабістай значнасці. У цэлым сучасны кіраўнік павінен рабіць сёння тое, што будзе запатрабавана заўтра.
У дзіцячым свеце
Вопыт работы выхавальніцы дашкольнай адукацыі спецыяльнага дзіцячага сада № 30 Мазыра Домны Кібіткінай — менш за год. Цяпер дзяўчына вучыцца ў магістратуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання”, профіль — “Адукацыйны менеджмент”. Таксама Домна з’яўляецца студэнткай завочнага аддзялення факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “Лагапедыя”.
— Домна мэтанакіравана займаецца самаадукацыяй, — расказвае метадыст Марына Старыкава. — Яна вывучае навуковую і метадычную літаратуру, публікуе навуковыя работы, прысвечаныя развіццю маўлення дзяцей ранняга дашкольнага ўзросту. Ёй уласцівы актыўная жыццёвая пазіцыя, крэатыўнасць, працавітасць, чулае стаўленне да дзяцей.
Домна вырасла ў вялікай сям’і і ад дарослых часта чула, што ў яе выдатна атрымліваецца ладзіць з малышамі.
— Мне казалі: “Вось, расце педагог!” Калі прыйшоў час выбіраць вышэйшую навучальную ўстанову, я зразумела, што хачу, каб мая прафесія была звязана з дзецьмі, — расказвае Домна. — Паступіла ў Мазырскі ўніверсітэт на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”. Цяпер працую ў спецыяльнай установе для дзяцей, у якіх ёсць праблемы са зрокам. Будую работу, грунтуючыся на індывідуальных асаблівасцях выхаванцаў. Вядома, увесь час вучуся ў больш дасведчаных педагогаў. Калі рыхтавалася да конкурсу, наведвала заняткі калег. Яны мне вельмі дапамаглі. І я вельмі ўдзячна ім за адкрытасць і цярпенне.
Люблю дапамагаць дзецям развівацца, бо, якім бы здольным ні быў выхаванец, яму неабходны мудры настаўнік, які дапаможа хутчэй дасягнуць добрага выніку. Дзеці зараджаюць мяне эмоцыямі, стымулююць расці над сабой, даведвацца штосьці новае. Каб быць выхавальнікам, неабходна не проста валодаць многімі добрымі якасцямі, але і заставацца ў душы дзіцем, інакш малыя не прымуць, не ўпусцяць у свой свет. Кожнае дзіця адметнае, а дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрабуюць да сябе яшчэ большай увагі. Ім неабходна своечасовая кваліфікаваная дапамога, каб яны маглі інтэгравацца ў сучаснае грамадства. Увогуле ж, прага новых ведаў, жаданне зразумець дзяцей — залог поспеху ў прафесіі, якую я выбрала.
Ірына АСТАШКЕВІЧ