У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах прынялі ўдзел 203 прадстаўнікі абласцей краіны і Мінска

- 10:04Образование

У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах прынялі ўдзел 203 прадстаўнікі абласцей краіны і Мінска. У барацьбу за лідарства ўступілі 70 удзель­нікаў алімпіяды па англійскай мове, 45 — па нямецкай, 41 — па французскай, 28 — па іспанскай і 19 — па кітайскай, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Вашы здольнасці патрэбныя Беларусі, — вітаючы фіналістаў, падкрэсліў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. — Таму што наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўразіі, яна адкрыта для сяброўства і супрацоўніцтва з краінамі свету. Дасканалае веданне замежных моў вельмі важнае, каб наладзіць добрасуседскія адносіны і захаваць мір на зямлі.

Асноўныя алімпіядныя падзеі разгарнуліся ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Навучэнцы прадэманстравалі выдатнае веданне вучэбных прадметаў у трох турах, якія ўключалі пісьмовую работу, ­аўдзіраванне і гаварэнне. Акрамя таго, яны бліжэй пазнаёміліся з горадам і ўстановай адукацыі, наведалі цэнтр кампетэнцый, далучыліся да яркага “Вечара дружбы”. А перамога ў алімпіядзе стала заслужаным трыумфам лепшых з лепшых.

Ад імя Міністэрства адукацыі пераможцаў павіншавала і пажадала далейшых поспехаў намеснік начальніка аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Галіна Карпіевіч. Спецыяльным прызам міністра адукацыі ўзнагароджаны навучэнцы сярэдняй школы № 5 Жодзіна Алеся Сілівончык (іспанская мова), сярэдняй школы № 5 Навагрудка Кірыл Машчар (англійская мова), сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска Настасся Клімовіч (нямецкая мова), гімназіі № 1 Ваўкавыска Ірына Парфіновіч (французская мова) і гімназіі № 4 Магілёва Дар’я Малахава (кітайская мова).

Як праінфармавала метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі  Святлана Алексяевіч, дыплом на гэтым этапе рэспубліканскай алімпіяды выпускнікам бягучага навучальнага года дае права на вызваленне ад двух цэнтралізаваных экзаменаў. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі выстаўляецца 10 балаў па вучэбным прадмеце, па якім навучэнец атрымаў перамогу, і гадавая адзнака па другім прадмеце. Пераможцы могуць быць залічаны ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных выпрабаванняў пры паступленні на спецыяльнасці, для якіх прадмет з’яўляецца профільным, за выключэннем спецыяльнасцей “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”, “Лінгвакраіназнаўства”.

Добра разумеем, наколькі велізарны шлях давялося прайсці кожнаму з удзельнікаў, — расказаў старшыня журы заключ­нага этапу алімпіяды па англійскай мове, загадчык кафедры фанетыкі англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віталь Яскевіч. — Бо і ў нас за плячыма ёсць аналагічны вопыт. Памятаю, як 30 гадоў назад сам з хваляваннем рыхтаваўся паказаць журы максімум таго, на што я здольны. Мы марым, каб усе фіналісты неўзабаве апынуліся ў аўдыторыях нашага ўніверсітэта. Уяўляю, якія б цудоўныя студэнцкія групы атрымаліся! Праводзіць у іх заняткі было б гонарам і асалодай для выкладчыкаў.

Захапляюся талентам, працавітасцю, мэтанакіраванасцю нашай моладзі, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама Святлана Дарошчанка. — І, канечне ж, нястрымнай воляй алімпіяднікаў да перамогі. Мы ўдзяляем вялікую ўвагу падтрымцы адораных і таленавітых навучэнцаў. Традыцыйна падчас правядзення заключнага этапу алімпіяды ў Віцебску аднаму з удзельнікаў прызначаецца спецыяльны прыз гарвыканкама. Выбар у гэтым годзе быў звышскладаны, таму ўручаем два прызы: самай юнай удзельніцы алімпіяды па кітайскай мове Ангеліне Фан і адзінай выпускніцы сярод фіналістаў алімпіяды па іспанскай мове — уладальніцы пахвальнага водгуку, навучэнцы сярэдняй школы № 38 Віцебска Уладзіславе Краўцовай (настаўніца Таццяна Жаваранкава).

Дарэчы, у ліку пераможцаў алімпіяды па кітайскай мове — дзве сястры Фан з гімназіі № 2 Віцебска. Цікавы факт: кітайскі варыянт прозвішча і імён дзяўчат пачынаецца з іерогліфа, які азначае “мудрасць, інтэлігентнасць”. Працяг у адзінаццацікласніцы Сафіі — “элегант­­насць”, а ў сямікласніцы Ангеліны — “шчасце”. Як яны прызналіся, поспеху на алімпіядзе найбольш паспрыялі заняткі з любімай настаўніцай Святланай Камісаравай. Сакрэтны складнік — магчымасць дома практыкавацца ў кітайскай мове, размаўляючы паміж сабой. Старэйшая сястра сапраўды элегантна і прыгожа прыйшла да дыплома І ступені, у малодшай пакуль дыплом ІІІ ступені. Наперадзе ў Сафіі паступленне ва ўніверсітэт, будучую спецыяль­насць яна звязвае з вывучэннем беларускай і кітайскай культур.

Узровень алімпіяды па кітайскай мове на вачах расце, — падзялілася назіраннямі старшыня журы заключнага этапу спаборніцтва па прадмеце, намеснік дэкана факультэта кітайскай мовы і культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Марына Філімонава. — Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў. Сёлета сабралася магутная каманда. Спачатку тон на алімпія­дзе задавалі мінчане, бо ў сталіцы першымі сталі вывучаць наш прадмет. Аднак сёння рэгіёны прадстаўляюць моцных канкурэнтаў. Алімпіядны рух развіваецца, адпаведна ў пэўнай ступені ўскладняюцца заданні. Кожны год прыўносіць сюрпрызы. Няма безумоўных фаварытаў: то Рэчыца прымае пальму першынства, то Орша, то Віцебск, Гомель, Гродна. Штораз радуюся поспехам алімпіяднікаў, знаёмых па мінулых гадах. Але асабіста мяне заўсёды кранаюць пачаткоўцы — такія, як цяперашні дэбютант-­васьмікласнік Антон Руды з сярэдняй школы № 10 Мінска, у якога дыплом ІІ ступені.

Па колькасці дыпломаў, атрыманых навучэнцамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, Віцебшчына на гэты раз уступіла першынство сталіцы, але засталася лідарам сярод абласцей. Найбольш пераможцаў пад­рыхтавалі педагогі абласнога цэнтра, Наваполацка, Полацка і Оршы. З устаноў адукацыі традыцыйна вылучаецца гімназія № 2 Віцебска — 28 дыпломаў. У тройцы лепшых — гімназіі № 8 і № 1 Віцебска. Выдатныя вынікі таксама ў гімназіі № 5 імя І.І.Люднікава і сярэдняй школы № 12 імя Л.М.Філіпенкі (Віцебск), сярэдняй школы № 12 Наваполацка, сярэдняй школы № 9 Оршы, Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, сярэдняй школы № 16 Полацка і Ліцэя ВДУ імя ­П.М.Машэрава. 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара