Настаўнік назаўжды: Ніна Седзянеўская, былы дырэктар Чарлёнскай школы

- 12:07Образование

У кожнага чалавека ёсць настаўнік, імя якога ён з удзячнасцю ўспамінае ўсё сваё жыццё. Ёсць настаўнікі, якім навучэнцы ўдзячны за трывалыя веды, падтрымку і добрае слова. Ёсць педагогі, якія дапамаглі выз­начыцца ў далейшым жыццёвым шляху, у выбары прафесіі. А ёсць тыя настаўнікі, якія сустрэлі цябе маладым спецыялістам на школьным парозе і суправаджалі ў прафесіі. Такім чалавекам для мяне стала Ніна Анатольеўна Седзянеўская, зараз ужо былы дырэктар і настаўнік гісторыі Чарлёнскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага я планавала адпрацаваць два гады па размеркаванні настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Мастоўскім раёне і пераехаць па месцы размеркавання мужа, які заканчваў навучанне ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Але ўмовы, цёплы прыём, уважлівыя адносіны да мяне, маладога спецыяліста, унеслі свае карэктывы. І ўжо звыш 30 гадоў мы жывём і працуем у Мастоўскім раёне.

Ніна Анатольеўна Седзянеўская — неверагодны чалавек, апантаны сваёй працай настаўнік, таленавіты і мудры кіраўнік. Колькі клопату, часу, пяшчоты яна аддавала кожнаму маладому спецыялісту, які пераступаў парог школы. Сама вырашала жыллёвае пытанне, якое, безумоўна, хвалявала кожнага маладога чалавека. Клапацілася пра яго харчаванне і быт. Праяўляла мацярынскі клопат, прадугледжвала кожную дробязь у стварэнні станоўчай матывацыі для паспяховай работы.

У сценах Чарлёнскай школы мы, маладыя спецыялісты, атрымлівалі не толькі педагагічны вопыт, але і зарад энергіі, аптымізму і актыўнай дзейнасці на ўсё жыццё.

Чарлёнская школа — невялікая па сваіх памерах — з размахам дасягала самых высокіх вяршынь. У школе не было тыповых кабінетаў для дырэктара, намеснікаў і іншых службаў. Усе размяшчаліся ў адным пакоі пад назвай “Настаўніцкая”. І гэта быў мазгавы штурм для кожнага настаўніка, дзе і дырэктар, і настаўнік, і намеснікі што­дзённа і штохвілінна жылі адным жыццём. Кожны настаўнік, прыйшоўшы з урока, дзяліўся сваімі думкамі з дырэктарам, калегамі. Ніна Анатольеўна была для кожнага настаўніка і шчырым сураз­моўнікам, і ўмелым арганізатарам, і таленавітым кіраўніком. А якім згуртаваным быў калектыў! А гэта вялікая праца і адказнасць кіраўніка.

Чарлёнскую школу можна назваць кузняй кадраў. Ніна Анатоль­еўна дала штуршок для развіцця не толькі вучням, але і настаўнікам. Мы, педагогі, атрымлівалі майстар-клас ад вопытнага педагога штодзень. Знахо­дзячыся побач, мы бачылі і чулі, як вырашаюцца складаныя пытанні ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, як прыцягваюцца ва ўстанову адукацыі інвестыцыі ад індывідуальных прадпрымальнікаў, спонсараў. Мы вучыліся кіраўніцкай дзейнасці. Камандны дух установы адукацыі — залог поспеху кожнага настаўніка. Як вынік, сярод нас былі пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, раённага этапу рэспуб­ліканскага конкурсу “Класны кіраўнік”. Установа адукацыі станавілася прызёрам у раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі раёна.

А колькі кіраўнікоў выйшла са сцен школы! Гэта і дырэктары, і намеснікі дырэктара, і метадысты ўпраўлення адукацыі…

Ніна Анатольеўна — выдатны кіраўнік. Яна ніколі не вылучала сябе сярод калег, але ўмела сваім прыкладам весці за сабой. Яна прывіла кожнаму з нас павагу да прафесіі настаўніка. Ніна Анатоль­еўна ўвесь час падкрэслівала, што настаўнік павінен быць узорам ва ўсім: на яго заўсёды звярта­юць увагу жыхары вёскі, бацькі навучэнцаў.

Быць настаўнікам — гэта значыць, быць патрыётам сваёй краіны, горача любіць свой родны край. Менавіта пад кіраўніцтвам Ніны Анатольеўны ў школе быў створаны музейны пакой і арганізавана пошукавая дзейнасць.

Калі імя тваё — настаўнік, ты прыклад не толькі для навучэнцаў, як трэба дасканала ведаць прадмет, але і для калег, як выкла­даць свой прадмет так, каб яго ведалі ўсе вучні школы. А вучні Ніны Анатольеўны любілі і ведалі гісторыю. Яны неаднаразовыя прызёры і пераможцы раённых і абласных алімпіяд, трыумфальныя прадаўжальнікі слаўнай прафесіі педагог.

Калі імя тваё — настаўнік, ты прыклад заўсёды ўзорнага знешняга выгляду. Ніна Анатольеўна мела цудоўны густ. Яе вобразы назаўсёды застаюцца ў памяці. І адкуль толькі яна брала лякалы для сваіх фантастычных сукенак.

З якой адказнасцю да даручанай справы адносіліся і педагогі, і навучэнцы! Колькі цёплых сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і перадавікамі гаспадаркі “Дружба” прайшло ў сценах школы!

Ніна Анатольеўна была не толькі добрым і патрабавальным настаўнікам, строгім і мудрым кіраўніком, але і апантаным кветкаводам.

Школьная тэрыторыя — гэта гордасць і захапленне дырэктара. Любоў да кветак Ніна Анатольеўна прывіла кожнаму настаўніку школы. Было недапушчальным мець нейкую кветку дома і не падзяліцца ёй са школай. Калі ў кагосьці не было магчымасці мець уласны кветнік, то яны везлі разнастайныя віды кветак з усяго свету ў родную школу. Разам даглядалі, палолі, перасаджвалі, размнажалі.

А яшчэ Ніна Анатольеўна — цудоўны аратар. Яе выступленні на святочных і ўрачыстых лінейках, мерапрыемствах заўсёды прадуманы да дробязей. Яе слухалі, ёй верылі і давяралі, да яе прыслухоўваліся. Ніна Анатольеўна была сапраўдным лідарам. Не на словах, а на справе.

Калі імя тваё — настаўнік, ты не маеш права не адпавядаць яму ў вядзенні ўласнай гаспадаркі. Гаспадарлівасці Ніны Анатольеўны таксама можна толькі пазайздросціць. Дагледжаны дом, які патанае ў кветках, арыгінальныя клумбы, міксбордары, дызайнерская альтанка… У 2017 годзе Ніна Анатольеўна стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Гаспадыня сядзібы — гаспадыня краіны”, пераможцай у намінацыі “Лепшая гаспадыня двара”.

Калі прыезджаму чалавеку неабходна падказаць, дзе жыве Ніна Анатольеўна, скажы проста:

— Ідзіце на кветкі. Двор, у якім больш за ўсё кветак, — гэта двор Ніны Анатольеўны. Заходзьце туды, не памыліцеся.

Ужо звыш 20 гадоў Ніна Анатольеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але яе ўрокі і добрыя словы памятаюць вучні і калегі. Па добрую падказку накіроўваюцца і сёння, тэлефану­юць, заходзяць у госці. І, як заўсёды, атрымліваюць слушную параду.

Нягледзячы на сталы ўзрост, Ніна Анатольеўна — вельмі актыўны чалавек. Здзяйсняе веласіпедныя падарожжы, вырошчвае садавіну і агародніну. Як быццам і тут дэманструе: настаўнік павінен весці здаровы лад жыцця і займацца спортам. Яна і зараз выпісвае любімую “Настаўніцкую газету” і сочыць за развіццём сістэмы адукацыі, таму што калі ты настаўнік, то гэта на ўсё жыццё…

Ніна Анатольеўна была прыкладам кіраўніка, вопытным педагогам. Педагагічнай дзейнасці яна прысвяціла ўсё сваё працоўнае жыццё. Большую частку яго, 25 гадоў, з’яўлялася дырэктарам Чарлёнскай школы (з 1974 па 1999 год).

Чарлёнская сярэдняя школа ўжо засталася ў гісторыі (рэарганізацыя ўстановы адукацыі адбылася ў 2011 годзе). На яе месцы квітнее рунь. Але ў памяці ў нас, настаўнікаў і навучэнцаў, гэтае непаўторнае чарлёнскае асяроддзе, квітнеючы сад, бэзавы пах… І вялікая ўдзячнасць да яе кіраўніка.

Лілія ПУСЬ,
дырэктар Дубненскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна
Гродзенскай вобласці